«Ён носіць край абражаны з сабою»: сёння 225 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча

У 1798 годзе, 24 снежня, якраз на Каляды, нарадзіўся Адам Міцкевіч, выбітны паэт, публіцыст, візіянер і палітычны дзеяч, аўтар надзвычай важны для польскай, беларускай, літоўскай і ўкраінскай культур.

Наконт месца яго нараджэння пэўнасці няма. Меркавана — фальварак Завоссе Навагрудскага павета, аднак мог быць і сам Навагрудак ці, паводле рамантычнай легенды, карчма пры дарозе.

З гэтай нагоды беларускі паэт Рыгор Барадулін напісаў прысвячэнне Міцкевічу, дзе сканцэнтравана акрэсліў яго лёс:

Паэты нараджаюцца ў карчме,

Каб іх пасля

Аплаквалі саборы.

Выгнанніку

Не ў спіну вецер дзьме, —

Ён носіць край абражаны

З сабою.

Сапраўды, у эміграцыі паэт правёў значную частку жыцця, там напісаў свае найлепшыя творы, у прыватнасці «Пана Тадэвуша» – оду страчанаму свету.

Лёс эмігранта

Падчас вучобы ў Віленскім універсітэце Міцкевіч з сябрамі стварылі таемнае таварыства філаматаў. Спачатку яны ставілі мэты самаадукацыі і маральнага ўдасканалення. З часам да іх праграмы далучыліся палітычныя і лібертарыянскія лозунгі.

У 1819 годзе малады Міцкевіч напісаў своеасаблівы гімн патрыятычнага руху:

Прысягу сяброўскую помні,

Няхай кожны дзень і імгненне

Табе свецяць ярка, як промні,

Словы: Айчына, навука, сумленне!

(пераклад Кастуся Цвіркі)

У 1823 годзе царскія ўлады пачалі пераслед філаматаў і філарэтаў, паэт і яго сябры былі арыштаваны і высланы ўглыб Расіі.

На працягу пяці гадоў паэт жыў у тагачаснай Цэнтральнай Расіі, у прыватнасці ў Адэсе, Маскве і Санкт-Пецярбургу. У 1829 годзе ён пакінуў Расійскую імперыю і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, быў прафесарам лацінскай літаратуры Лазанскага ўніверсітэта ў Швейцарыі, чытаў курс лекцый у Калеж дэ Франс у Парыжы.

Пасля пачатку лістападаўскага паўстання 1830 года спрабаваў выехаць на радзіму, аднак не ўдалося. «Смуткую, што мне не давялося хоць бы на імгненне пабыць з вамі [паўстанцамі], і вечна буду вам зайздросціць», — пісаў ён да іншага эмігранта Ігната Дамейкі.

У 1855 годзе Адам Міцкевіч паехаў ў Стамбул, дзе заўчасна памёр. Быў пахаваны ў Францыі, у 1900 годзе труну ўрачыста перанеслі ў Вавельскую катэдру ў Кракаве.

Адам Міцкевіч. Фатаздымак 1853 года. Фота: Forum.

Беларускі след польскага рамантызму

У 1822 годзе Адам Міцкевіч публікуе ў Вільні «Балады і рамансы». Гэты цыкл вершаў паклаў пачатак эпохі рамантызму ў Польшчы.

Сюжэты амаль усіх балад лакалізаваны на вузкай тэрыторыі ў межах малой Міцкевічавай радзімы: Навагрудак — Мір — Баранавічы. Амаль усе падзеі звязаны з месцамі, вядомымі паэту з дзяцінства.

Даследчыкі сцвярджаюць, што ў перапісцы Міцкевіча слова «Беларусь» сустракаецца восем разоў, кожны раз ён ужывае яго для раёнаў сучаснай Усходняй Беларусі. Сам пісьменнік паслядоўна называў сябе літвінам, а радзіму Літвой («Litwo, Ojczyzno moja!»), маючы на ўвазе абшары Вялікага Княства Літоўскага.

Польскі даследчык Мікалай Глінскі мяркуе, што, верагодна, за некалькі пакаленняў да нараджэння Адама Міцкевіча яго продкі пачалі паланізавацца, то-бок асімілявацца ў дамінуючую тады на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага польскую культуру. Але гэта была спецыфічная польскасць, якая зазнала ўплыў мясцовай беларускай культуры і знаходзілася з ёй у пэўным сімбіёзе і пастаянным кантакце.

Сувязі з беларускай культурай захоўваліся і ў школьныя гады Міцкевіча — у польскім ліцэі ў Навагрудку. Гэтае мястэчка, як адзначаюць даследчыкі, у той час мала адрознівалася ад навакольных вёсак, таму школьнае жыццё, як пісаў Ігнат Дамейка, таксама было даволі вясковым. Сустрэчы з беларускім сялянамі ініцыяваў лепшы сябар Міцкевіча таго перыяду Ян Чачот. Як пазней успамінаў іх агульны калега па Віленскім універсітэце Ігнат Дамейка, «нашы вучні Навагрудскай школы з самых ранніх гадоў добра ведалі наш народ, любілі яго песні, захапляліся яго духам і паэзіяй».

Свае аматарскія этнаграфічныя даследаванні Чачот і Міцкевіч працягнулі і ў Віленскім універсітэце, як сябры-заснавальнікі гуртка філаматаў, далучылі да іх аднадумцаў. Паводле лінгвісткі Лізаветы Смульковай, цікавасць да беларускай мовы сярод філаматаў «вынікала як з паўсядзённай камунікацыі па-беларуску (Чачот і Зан), так і з сацыяльнай праграмы філаматаў, якая складаецца ў вывучэнні народных звычаяў і мовы, а таксама дзейнасці па павышэнні адукацыі і, такім чынам, сельскай гаспадаркі».

Беларускія песні ахвотна спявалі ў Міцкевіцкім коле сяброў падчас філамацкіх урачыстасцяў. Чачот, які ў далейшым праславіцца як выдавец беларускіх народных песень, у студэнцкія гады пісаў на беларускай мове ўласныя вершы.

Беларускі абрад і «Дзяды»

У прадмове да паэмы «Дзяды» Міцкевіч піша пра ўражанне, якое гэты абрад зрабіў на яго ў дзяцінстве. Польскія даследчыкі лічаць, што паэт у гэтым творы апісаў мясцовы ўніяцкі абрад з роднай Навагрудчыны часоў яго юнацтва.

Хутчэй за ўсё з аўтэнтычнага народнага беларускага абрада паходзяць спевы, тыповае «А-кыш, а-кыш», якое праганяла духі.

Даследчыца Гражына Харытанюк-Міхей мяркуе, што абрад Дзядоў быў чужым у традыцыйнай польскай культуры. Што менавіта другая частка «Дзядоў» увяла ў польскую культуру паняцце абраду памінання продкаў, якое ў такім выглядзе адсутнічала ў польскай традыцыі.

«Пан Тадэвуш» і свет літвінскай шляхты

У Парыжы ў 1834 годзе Адам Міцкевіч апублікаваў сваю самую вядомую паэму «Пан Тадэвуш, альбо Апошні наезд у Літве» — надзвычай важны твор для некалькіх культур.

«У гісторыі беларускай літаратуры ёсць тры эпічныя творы, якія выяўляюць душу беларускага народа, — «Песня пра зубра», «Новая зямля» і «Пан Тадэвуш», — сцвярджае даследчык Андрэй Унучак.

«Пан Тадэвуш», твор, які паўплываў і на гісторыю еўрапейскай літаратуры, напісаны на беларускім матэрыяле.

Паэма адлюстроўвае не толькі побыт, звычаі і культуру беларускага люду пачатку ХІХ стагоддзя, але паказвае палітычныя і грамадскія рэаліі, разнастайнасць характараў шляхты, якая прадстаўляла беларускі народ у пачатку ХІХ стагоддзя.

Дзеянне гэтай гісторыі адбываецца на працягу пяці дзён у 1811 годзе і аднаго дня ў 1812 годзе. Аўтар узнаўляе свет літвінскай шляхты напярэдадні прыходу напалеонаўскай арміі.

Валяр’ян Янушкевіч. Помнік Адаму Міцкевічу ў Навагрудку. 1992. Фота: pinterest.

Мова твораў Адама Міцкевіча

Мова твораў Адама Міцкевіча крытыкавалася адразу пасля выхаду яго першых зборнікаў у 1822 годзе. Яго абвінавацілі ва ўжыванні «правінцыялізмаў», у непаважным стаўленні да польскай мовы. У адказ паэт напісаў артыкул «Пра варшаўскіх крытыкаў і рэцэнзентаў», у якім сцвярджаў, што не толькі не асцерагаецца правінцыялізмаў, але ўжывае іх свядома.

Мова, на якой пісаў Міцкевіч, лічылася моваю польскай шляхты ў Беларусі і Літве, але мела ў сябе так шмат беларусізмаў, што палякамі з Вялікапольшчы не вызначалася як сапраўдная польская мова.

У прадмове да зборніка выбраных твораў Міцкевіча перакладчык Кастусь Цвірка піша: «Яго мова, як прызнавалі і прызнаюць польскія міцкевічазнаўцы, — гэта мова беларускай апалячанай шляхты, рэгіянальная літаратурная мова «ўсходніх крэсаў», якую варшаўскія літаратурныя крытыкі пагардліва называлі «смаргоньшчынай». Густа насычаную беларусізмамі мову твораў Міцкевіча, якую не заўсёды маглі зразумець у карэннай Польшчы, яны прымалі ў штыкі». 

Так, напрыклад, з беларускай мовы паходзяць слова «nuda», хоць у польскай мове гэта словы «smutek, troskę». Міцкевіч піша беларускае слова «busi» замест buzi.

Слова «czysto» Міцкевіч ужывае ў значэнні «zupełnie, całkiem»: «Świat ten jest czysta bajka» — піша Міцкевіч. Гэтак жа пісаў Чачот і гэтак жа, напэўна, казалі беларусы, з якімі размаўлялі паэты. Такіх словаў — некалькі дзясяткаў.

Беларускі літаратар Андрэй Хадановіч на сваім Youtube-канале разважае пра пытанне «Ці пісаў Адам Міцкевіч па-беларуску?»: «Мы ўваходзім у сферу легендаў і міфаў. Заслужаны беларускі даследчык Адам Мальдзіс у інтэрв’ю расказвае гісторыю, як Мацей Канапацкі ў архівах у Коўне знаходзіць беларускамоўныя вершы Міцкевіча. Ім адразу ж зацікавіліся польскія спецслужбы і далі яму зразумець, што пра гэта расказваць не трэба. Ці так яно ўсё? Мальдзіс потым сустракаўся з Канапацкім, які не адказаў ні «так», ні «не» на гэтае пытанне. Істотна, што нам хочацца верыць у гэту легенду. Дакладна вядома, што рукою Міцкевіча на адной з рэлігійных кніг напісана зубастае двухрадкоўе: «На страшным судзе ўсім у сраку будзе». Гэта рукою Міцкевіча і гэта па-беларуску. Але ці гэта радкі аўтарства самога паэта? Дакладна вядома, што беларуская мова была Міцкевічу знаёмая», — перакананы літаратар.

Адам Міцкевіч пра беларускую мову

Рыхтуючы ў Парыжы курс лекцый па славянскай літаратуры, Міцкевіч пісаў: «На беларускай мове, якую яшчэ называюць русінскай або літоўска-рускай размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек. Гэта багатая і чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і выдатна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёй для сваёй перапіскі. Літоўскі статут напісаны гэтай мовай, з усіх славянскіх моў найменш змененай і самай гарманічнай».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!