«Эрас і Танатас паляць трансфарматар»: Baisan і Bedzvin выпусцілі двухмоўны сінгл Bloodlands

Культура

Беларускі і ўкраінскі музыкі Baisan і Bedzvin выпусцілі сінгл Bloodlands. Рэліз, які ўключае дзве кампазіцыі, створаны ў падтрымку кнігі Bloodlands 20/22: Belarus/Ukraine — арт-выдання з вершамі Алеся Плоткі (ён жа Baisan) і фатаграфіямі Алеся Пілецкага і Станіслава Крупажа, у цэнтры ўвагі якога — Беларусь і Украіна.

У музычным сінгле — трэк па-ўкраінску і трэк па-беларуску. Першы з іх, «Фірман», – гэта наследаванне найлепшым музычным эксперыментам супрацы паэтаў з музыкамі, песня ваеннага часу з элементамі львоўскага дыялекту (гвары).

Другі, «Эрас і Танатас», – рэзюмэ беларускай часткі кнігі і своеасаблівае падсуманне апошніх трох гадоў беларускага жыцця.

Кампазіцыі выкананы ў мінімалістычнай аранжыроўцы — з акампанемента гучыць толькі віаланчэль; у «Эрас і Танатас» дадаецца трохі электронікі ў афармленні вакалу.

Volo Bedzvin – таленавіты віаланчэліст, вядомы беларусам па супрацы з Вольным тэатрам і ўзаемадзеянні з беларусамі Львова. Беларускі музыка Baisan так апісвае іх сустрэчу:

Мы сустрэліся ў Вільні. Калі абмяркоўвалі альбом, высветлілася, што любімы ўкраінскі паэт Валодзі – Юрко Іздрык, а ў мяне акурат ёсць апошні асобнік яго перакладзенай кніжкі, карацей, стала зразумела, што з гэтым чалавекам можна мець справы. Пасля некалькіх рэпетыцый вырашылі, што скароцім музычнае выказванне – адзін трэк на беларускую палову кнігі і адзін на ўкраінскую. Каб было і падсумаванне, і лёгкая недасказанасць адпаведна бягучаму моманту ў рэгіёне.

Абодва тэксты песень — узятыя з арт- кнігі, што друкуецца зараз і дасяжная для замовы на сайце лонданскага выдавецтва «Скарына».

Падкрэслім, што ў фокусе аўтараў Bloodlands 20/22: Belarus/Ukraine — «крывавыя землі», Беларусь і Украіна, і іх пакутліва розны шлях дэкаланізацыі. Акрамя аўтарскіх твораў кніга змяшчае пераклады ўкраінскіх літаратараў: Івана Сэмесюка, Тані Радзівонавай, Вячаслава Лявіцкага, Лэсыка Панасюка, Angie Siveria.

Сто працэнтаў кошту, якія чытач плаціць за арт-выданне, ідуць на рэабілітацыйны цэнтр «Ланка», створаны беларусамі ва Украіне.

Першыя прэзентацыі кнігі адбудуцца ў Варшаве (9 ліпеня, Hučna Fest), Празе (11 ліпеня) і Берліне (13 ліпеня).

Уласна слухаць музычны сінгл Bloodlands можна на Spotify, Youtube і іншых стрымінгавых платформах.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: