Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе, што з падачы Міністэрства інфармацыі эканамічны суд ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа.
Першае пасяджэнне Эканамічнага суда Мінска на падставе позвы Мінінфармацыі ў дачыненні да выдавецтва “Зміцер Колас” адбылося яшчэ 2 траўня. Ведамства планавала спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдавецтва.
10 мая пасведчанне аб рэгістрацыі было анулявана.
«У матывіровачнай частцы адсутнічалі ўцямныя тлумачэнні, на чым грунтуецца незадаволенасць выдаўцом-прыватнікам з боку дзяржавы, — паведамляе БАЖ. — Бо, нават сыходзячы з аб’ектыўных рэалій, відавочна: дзякуючы Змітру Коласу кніжны рынак Беларусі ўжо больш за тры дзясяткі гадоў напаўняецца лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, перакладзенай на беларускую мову. Гэтыя ды іншыя аргументы адказнік выклаў падчас спрэчак, хоць і прызнаецца: адпачатку не надта спадзяваўся, што яны будуць прынятыя пад увагу. Тым не менш лічыў сябе абавязаным іх агучыць«.
Пасля амаль 35 гадоў выдавецкай працы Зміцер Колас вымушаны згарнуць дзейнасць. Аднак выдавец мае час, каб падаць апеляцыю і тым самым адтэрмінаваць уступленне прысуда ў сілу — засталіся ўзятыя раней абавязкі на выпуск шэрагу кніг.
Фармальнай падставай для позвы стаў зборнік гістарычных дакументаў «“Вызваленыя” i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускiх архiваў», які 6 студзеня быў прызнаны «экстрэмісцкім» нягледзячы на тое, што практычна ўсе дакументы паходзяць з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі і Дзяржаўнага архіва грамадскіх арганізацый Гродзенскай вобласці.
«У выходных дадзеных выдаўцом пазначаны Зміцер Колас, на якога заднім чыслом «павесілі» парушэнне забароны на распаўсюд», — піша БАЖ.
Нагадаем, што Зміцер Колас быў затрыманы ў пачатку сакавіка і правёў у СІЗА КДБ 10 содняў.
З 22 па 26 сакавіка выдавецтва «Зміцер Колас» прымала ўдзел у Мінскай кніжнай выставе-кірмашы.
Выдавецтва «Зміцер Колас» вядомае ў Беларусі кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі ў найлепшых беларускіх перакладах. Шырокае прызнанне атрымала кніжная серыя выдавецтва «Паэты планеты». У цыкле выйшла 100 кніжак выбітных аўтараў свету.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram