Фота прадастаўлена Бібліятэкай імя Фрацішка Скарыны ў Лондане.
У фондах Бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны ў Лондане захоўваецца два агульнаграмадзянскія пашпарты БНР. Дакументы пачалі выдаваць у 1919 годзе. Друкаваліся яны на замову Рады ў Берліне ў Славянскай друкарні Язэпа Галеўскага. На вокладцы была выява Пагоні. Герб быў на кожнай з дванаццаці старонак пашпарта.
У лонданскай Скарынаўцы ёсць два цывільныя пашпарты БНР: Антона Чарапука і яго сына, Яна. Ян з’яўляўся сакратаром вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. (Яго пашпарт, адзначым, друкаваўся ў Коўне). Па ім Ян выехаў у Амерыку ў 1922 годзе.
Цікава, што ў пашпарце пазначалі рост — высокі ці невысокі, колер валасоў, колер вачэй і занятак. А таксама змяшчалі імя і фотаздымак жонкі. На апошняй старонцы мы бачым штампы, якія ставяцца пры перасячэнні мяжы. У пашпарце Янкі Чарапука яны амаль усе латышскія.
Таксама ў лонданскай Скарынаўцы ёсць бланк дыпламатычнага пашпарта з прыгожым тэкстам на трох мовах – па-беларуску, па-французску і па-нямецку. Тэкст такі: «Мы, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі, іменем беларускага народу просімо ваенныя і цывільныя ўстановы чужаземных дзяржаў і загадваем ўсім прыслухаючым нам ваенным і цывільным уласцям, каму гэты пашпарт будзе паказаны, дазволіць свабодны праезд і даваць у патрэбе ўсялякую дапамогу».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram