«Як тэатр можа існаваць далей, калі ў яго адымаюць сцэну, будынак і краіну?»: на польскай мове выйшла кніга пра Вольных Купалаўцаў

«Wolni Kupałowcy. Teatr narodowy na wygnaniu» так называецца кніга пра Вольных Купалаўцаў у выгнанні тэатразнаўцы Ірыны Лаппо.

«Кніга для мяне асаблівая — і важная, і балючая адначасова, — напісала Ірына Лаппо ў фэйсбуку. — Яна ўзнікла з неабходнасці сведчыць, увекавечваць, ратаваць нешта важнае для мяне асабіста: ад размоў, супрацоўніцтва, назірання і доўгага праслухоўвання таго, як тэатр можа існаваць далей, калі ў яго адымаюць сцэну, будынак і краіну».

Гэта кніга пра купалаўцаў пасля 2020 года: пра разрыў з інстытутам і нараджэнне новай супольнасці; пра тэатр у выгнанні, які губляе свой статус «Нацыянальнага» ў адміністрацыйным сэнсе, але, магчыма, яшчэ мацней аднаўляе яго ў этычным і сімвалічным сэнсе. Пра свабоду – якая не прывілей, а рызыка. Пра адказнасць, стомленасць, вернасць і ўнутраную дысцыпліну.

Ірына Лаппо ўпэўнена, што тэма беларускага тэатра актуальная для больш шырокага еўрапейскага кантэксту. У сваім выданні яна спрабуе ўпісаць досвед купалаўцаў у размову пра сучасны палітычны тэатр, пра культуру пасля катастрофы і пра мастацтва, якое павінна навучыцца дыхаць за межамі дзяржавы.

Даследаванне выйшла на польскай мове і відавочна разлічана на польскага чытача. Пацікавіліся ў Ірына Лаппо, чым досвед купалаўцаў можа быць цікавы нашым суседзям.

«Кніга, якая дакументуе пяць сезонаў Вольных Купалаўцаў, мае для польскага чытача значэнне значна шырэйшае за рамкі «цікавасці да суседзяў» або жэсту салідарнасці з рэпрэсаванай культурай. Яе важнасць укаранёная ў глыбокіх, часта не да канца асэнсаваных пластах польскага культурнага досведу — гістарычнага, тэатральнага і палітычнага.

Па-першае, гэта кніга ўводзіць польскага чытача ў жывую гісторыю тэатра як формы грамадзянскага дзеяння. Для Польшчы, дзе тэатр ХХ стагоддзя — ад міжваеннага авангарду да «тэатра маральнай трывогі» і сцэнічных практык перыяду «Салідарнасці» — быў прасторай палітычнай алегорыі і супраціву, досвед Вольных Купалаўцаў гучыць як пазнавальнае, але не ідэнтычнае рэха. Гэта не настальгічнае вяртанне да ўласнага мінулага, а сустрэча з актуальнай формай таго, што Ян Котт назваў бы «тэатрам гісторыі ў момант яе здзяйснення». Беларускі матэрыял дазваляе польскаму чытачу зірнуць на ўласную традыцыю збоку — убачыць, як механізмы сімвалічнага супраціву працуюць у іншым, больш жорстка кантраляваным палітычным полі.

Па-другое, дакументаванне пяці сезонаў Вольных Купалаўцаў уводзіць у польскі культурны абарот беларускі тэатр не як «перыферыю Усходу», а як суб’ект сучаснай еўрапейскай сцэнічнай думкі. Гэта прынцыпова важна для польскай гуманітарыстыкі, якая пасля 1989 года часта несвядома ўзнаўляла іерархіі цэнтру і перыферыі. Кніга разбурае гэты ўсталяваны погляд: беларускі тэатр паўстае не як «даганяючы», а як лабараторыя радыкальных форм — інстытуцыянальнай дэзінтэграцыі, мабільнасці, транснацыянальнай прысутнасці, эстэтыкі выгнання. Для польскага даследчыка гэта магчымасць пераасэнсаваць уласныя катэгорыі апісання тэатра — паняцці «нацыянальнай сцэны», «рэпертуару», «публікі».

Па-трэцяе, гэта кніга працуе як дакумент супольнай памяці рэгіёна, у якім польская і беларуская гісторыі неаднаразова перапляталіся, але рэдка апісваліся з роўных пазіцый. Вольныя Купалаўцы — гэта тэатр, які існуе ў прасторы гістарычнай траўмы, але не кансервуе яе, а ператварае ў мову дзеяння. Для польскага чытача, выхаванага на традыцыі рамантызму, месіянізму і пост-катастрафічнага мыслення, гэты досвед асабліва важны: ён паказвае, як траўма можа стаць не міфам, а працэсам — адкрытым, незавершаным, супярэчлівым.

Нарэшце, дакументаванне пяці сезонаў Вольных Купалаўцаў мае значэнне этычнае. Гэта сведчанне пра тое, што тэатр можа існаваць без будынка, без дзяржаўнай легітымацыі, без гарантый заўтрашняга дня — і пры гэтым не страціць ні мастацкай складанасці, ні адказнасці перад гледачом. Для Польшчы, дзе інстытуцыянальны тэатр застаецца адносна стабільным, гэта кніга дзейнічае як інтэлектуальны выклік: яна прымушае паставіць пытанне не пра тое, што тэатр мае, а пра тое, чым ён з’яўляецца ў сваёй сутнасці.

Такім чынам, гэтая кніга важная для палякаў не таму, што яна «пра Беларусь», а таму, што яна дазваляе інакш — глыбей і больш крытычна — паглядзець на ўласную культурную самасвядомасць. Яна адкрывае тэатр як прастору, дзе гісторыя, палітыка і эстэтыка не суіснуюць паралельна, а ўзаемна радыкалізуюць адна адну», — мяркуе даследчыца.

Аснова кнігі — пераважна беларускі матэрыял, сабраны з разлікам на гістарычную паўнату і дакладнасць, а не на кан’юнктурную публікацыю «тут і цяпер». Аднак друкаваная форма гэтай манаграфіі стала вынікам балючага, але свядомага кампрамісу з рэальнасцю гвалту і пагрозы. Ці пры напісанні гэтай кнігі аўтарка ўлічвала, што яна будзе патрэбная і беларусам? Чым яна будзе карысная нашым даследчыкам?

«Так, матэрыял збіраўся і для беларусаў — і ў значна большым аб’ёме, чым тое, што ў выніку трапіла ў друкаваную версію, — адказвае Ірына Лаппо.

Кніга моцна абгрызена аўтацэнзурай — не як формай унутранага страху, а як этычнай стратэгіяй адказнасці. Я не магла назваць ніводнага, нават самага відавочнага і ўсім вядомага прозвішча тых, хто застаецца ў небяспецы, то бок у Беларусі. Гаворка ідзе не пра маўчанне як такое, а пра адтэрміноўку называння. Я збірала матэрыял для гісторыі, а не для таварыша маёра; для будучага архіва культуры, а не для актуальнай сістэмы кантролю. Таму ўсё, што не ўвайшло ў кнігу, не знікла і не было знішчана: гэты матэрыял добра забяспечаны, захаваны і чакае свайго часу.

Ён будзе выкарыстаны ў свабоднай Беларусі — у той сітуацыі, калі больш не трэба будзе хавацца за эфемізмамі кшталту «вядомы рэжысёр», «таленавіты малады рэжысёр» або «акцёр старэйшага пакалення», калі імёны зноў змогуць вярнуцца ў тэкст не як пагроза, а як натуральная форма прысутнасці асобы ў гісторыі. Сённяшняя безыменнасць — гэта не дэфіцыт даследавання, а знак часу, у якім імя можа стаць формай уразлівасці.

Польская мова гэтай манаграфіі — гэта таксама фільтр і сродак бяспекі. Яна стварае дыстанцыю, якая абараняе не толькі герояў кнігі, але і саму логіку даследавання. Мова тут працуе як ахоўны экран, але адначасова як эпістэмалагічны інструмент: яна дакладна дыктуе вобраз чытача. Кніга пісалася для палякаў — для аўдыторыі, якой не трэба тлумачыць, хто такі Міцкевіч, але якой неабходна даваць кароткі змест «Тутэйшых»; для чытача, што жыве ў культуры канону, але не абавязкова мае доступ да беларускага кантэксту як жывой, незафіксаванай традыцыі.

Такім чынам, адказ на пытанне адназначны: так, матэрыял збіраўся і для беларусаў — з думкай пра доўгую гістарычную перспектыву. Тое, што сёння ён прагаворваецца іншай мовай і з істотнымі лакунамі, не сведчыць пра яго адсутнасць, а наадварот — пра яго наяўнасць і патэнцыял. Гэта архіў, адкладзены да часу, калі беларуская культура зможа зноў гаварыць пра сябе без страху і без неабходнасці маскіроўкі», — упэўненая даследчыца.

Тут можна набыць кнігу ў фармаце pdf.

Папяровую версію можна будзе неўзабаве набыць на старонцы Wydawnictwo UMCS.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!