17 кастрычніка ў Музеі Вольнай Беларусі пройдзе псіхалагічны фэст «Карані і Крылы» — падзея для ўсіх, хто цікавіцца тэмай mental health і шукае ўнутраныя апоры ў эміграцыі.
Як навучыцца распраўляць крылы, калі карані адарваныя ад роднай зямлі? Як зрабіць мінулае і наш досвед не цяжарам, а рэсурсам для новага пачатку? Адказы на гэтыя пытанні ў сваіх выступах будуць шукаць псіхатэрапеўты, псіхолагі, псіхіятры, філосафы і іншыя спецыялісты.
Тэмы фэсту ахопліваюць шырокі спектр — ад нейрабіялогіі да сэксуальнасці беларусаў. За адзін дзень можна будзе даведацца, калі ўжо сапраўды час прымаць антыдэпрэсанты, як спраўляцца з сямейнымі крызісамі ў эміграцыі, што ў беларусаў з лібіда, як вяртаць сабе сілы з дапамогай уласнага голасу, а таксама паспрабаваць розныя тэхнікі самадапамогі проста на месцы.
«Карані і Крылы» — гэта яшчэ і супольнасць сваіх. Для псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў фэст стане магчымасцю сустрэцца з калегамі і адчуць глебу пад нагамі. У праграме запланавана асобная дыскусія пра тое, як спецыялістам захоўваць устойлівасць і працягваць дапамагаць іншым, калі саміх штарміць.
Сёння здаецца, што з дому можна не выходзіць: любую інфармацыю выдасць ChatGPT, а псіхатэрапію заменіць выпадковы ролік у TikTok. Але сілы не з’яўляюцца ў ізаляцыі. На фэсце можна будзе атрымаць новыя веды і знаёмствы або проста выдыхнуць і адчуць прысутнасць іншых.
Як захаваць сябе і знайсці рэсурс тым, чыя прафесія — падтрымліваць іншых? У дыскусіі возьмуць удзел практыкуючыя тэрапеўты з розным прафесійным і асабістым досведам. Далучыцца да размовы змогуць усе ахвотныя.
Практычныя інструменты самадапамогі і вяртання адчування бяспекі праз кантакт з целам, якія можна будзе паспрабаваць на месцы і выкарыстоўваць самастойна.
Эміграцыя змяняе не толькі нас саміх, але і нашыя пары. Ці абавязкова разводзіцца? Лекцыя пра трансфармацыю сямейных роляў, схаваныя канфлікты і магчымасць ператварыць крызіс у рэсурс для развіцця.
Калі ўжо сапраўды час бегчы па антыдэпрэсанты і запісвацца да псіхіятра? Фармакалагічная падтрымка без стыгмы, нейрабіялогія адаптацыі і ўплыў пераезду на мозг пры трывожнасці, ПТСР і дэпрэсіі.
Беларусы займаюцца сэксам. І нават у эміграцыі! Вынікі даследавання пра нашыя жаданні, задаволенасць, сорам і пра тое, як свабодна гаварыць пра ўсё гэта з партнёрам.
Як страх вызначае наша жыццё па абедзвюх баках мяжы і дзе ў сучасных рэаліях застаецца месца для надзеі.
Праца са стрэсам і нервовай сістэмай праз уласны голас і псіхаакустычныя традыцыйныя спевы. Руся падзеліцца сваім досведам з удзельнікамі фэсту.
Час і месца падзеі: 17 кастрычніка, Музей Вольнай Беларусі (Foksal 11), Варшава.
Падрабязней пра падзею тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram