Напрыканцы мінулага тыдня свет адзначаў Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Верагодна, з гэтай прычыны Укрінформ распытаў выдаўцоў, якія выклікі давялося пераадолець дзіцячым кнігавыдавецтвам з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі.
Самым галоўным выклікам было захаваць жыццё супрацоўнікаў. Ганна Булгакава з выдавецтва «Ранак» расказала Укрінформу, што акрамя бяспекі важна было наладзіць аддаленую працу і абараніць кнігі ад знішчэння ракетамі на складах.
Што тычыцца больш агульных выклікаў для дзіцячага кнігавыдавецтва Украіны, то гэта, па яе словах, зніжэнне продажаў, падаражанне кошту паліграфічных паслуг, вялікі адток нашай асноўнай аўдыторыі (мам і дзяцей) за мяжу, закрыццё кнігарняў, адключэнне святла, адсутнасць дзяржаўных закупак у бібліятэк.
А ў выдавецтве #книголав адзначылі, што не толькі дзіцячыя, але і ўсе выдавецтвы ва Украіне за першыя два месяцы поўнамаштабнага ўварвання часова перасталі працаваць. Пасля ўзнаўлення працы паменшылася колькасць дзіцячай літаратуры, улічваючы тое, што нямала жанчын з дзецьмі выехалі з Украіны. Аднак у 2022-м пайшлі першыя заказы ў Еўропу, і 90% гэтых заказаў — былі кніжкі для дзяцей.
Тэматыка дзіцячых кніг, якія выдаюцца цяпер, засталася ў большасці ранейшай. Бо асаблівасць гэтай літаратуры ў тым, што яна павінны задаволіць велізарны спектр дзіцячых захапленняў, а таксама патрэбаў у развіцці і навучанні. Гэта кнігі пра жывёл, раслін, чалавека, планету, пачуцці, мастацтва, навуку, гісторыю; дэтэктывы, фэнтэзі, прыгодніцкія раманы, рамантычныя гісторыі і коміксы…
На тэму вайны толькі ў адным выдавецтве «Ранак» за гэты час выйшла па меншай меры пяць кніг для дзяцей і падлеткаў: напрыклад, мангі «Прывід Кіева», апавяданне для дзяцей «Нязломнае сэрца». А для больш дарослых выдалі два дзённікі вайны. Адзін дзённік з гумарам і пацешнымі ілюстрацыямі ад мастачкі Ірыны Патапенкі называецца «Падвальныя хронікі». А другі вельмі сур’ёзны, ад гісторыка Уладзіміра Вятровіча «Наша Стогадовая. Кароткія нарысы пра доўгую вайну».
У выдавецтве #книголав выйшлі дзве кнігі пра вопыт пражывання дзецьмі падзей расійска-ўкраінскай вайны: у 2022-м — «Гэта ціхая ноч, мой астранаўце» Аксаны Лушчэўскай, у якой сямігадовая дзяўчынка Ія запісвае нататкі на працягу першых дзесяці дзён расійскага ўварвання з дэталямі паўсядзённага жыцця, марамі і перакананнямі. Дарэчы, яна стала «Кніжкай года» ў намінацыі «Дзіцячае свята» ўкраінскага рэйтынгу.
Таксама выйшлі «Таемныя гісторыі маленькіх і вялікіх перамог» Тані Стус. Праца над стварэннем гісторый вялася ў супрацоўніцтве з дзіцячым сямейным псіхолагам Святланай Ройз. «Гэта дзесяць апавяданняў з тэрапеўтычным эфектам, якія ў мастацкай форме тлумачаць дзецям складаныя пытанні, якія ўзнікаюць падчас нашага вопыту пражывання вайны, даюць магчымасць знайсці страчаную сілу і супраціў, а таксама адчуць сэрцам любоў і падтрымку адзін аднаго і пераканацца, што разам мы моцныя!», — адзначылі ў выдавецтве #книголав.
Выдавецтва Старога Льва сёлета таксама выпусціла некалькі кніг для дзяцей, у якіх гучыць тэма вайны. «Усе гэтыя кнігі патрэбныя, — адзначылі ў выдавецтве. — Асабліва там, дзе вайна далёка. За мяжой яны асабліва патрэбныя. А там, дзе вайна пад бокам, трэба кнігі пра прынцэс, драконаў, львоў, сланоў, смешных, добрых, яркіх, такіх, якія павінны станавіцца марай. Марай іх будучага нармальнага яркага жыцця, якога заслугоўвае кожнае дзіця».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: