Як праз тэатр зразумець, што адбываецца ў грамадстве? Адказ шукалі на фестывалі Druga próba

Мінулы тыдзень у тэатральным асяродку Познані праходзіў пад знакам беларуска-ўкраінска-польскага фестывалю «Другая спроба. Тэатр па-над межамі». Тэатральны крытык Настасся Панкратава распавядае, як фестываль дапамагае жыхарам пазбавіцца штампаў у адносінах да мігрантаў, а таксама зводзіць разам дзеячаў трох краін, каб тыя змаглі супаставіць, якія тэмы хвалююць кожнага з нас, і знайсці пэўныя кропкі судакранання.

Вымушаная эміграцыя як ключ да паразумення

«Другая спроба» становіцца добрай традыцыяй для тэатральных дзеячаў трох краін: фестываль ужо трэці раз запар сабраў у Познані акцёраў, рэжысёраў і драматургаў. Яго нязменнай ідэйнай натхняльніцай з’яўляецца вядомая беларуская рэжысёрка Валянціна Мароз. Радуе, што ініцыятыву эмігрантаў працягваюць падтрымліваць мясцовыя ўлады і польскія інстытуцыі, што дае магчымасць запрасіць да ўдзелу вялікую колькасць творцаў, якіх параскідала па розных гарадах і краінах.

Сярод сталых партнёраў – незалежная арганізацыя Barak Kultury, дзейнасць якой накіравана на падтрымку незалежных праектаў, і Teatr Ósmego Dnia. Супрацоўніцтва з апошнім асабліва сімвалічнае, бо гэты польскі тэатр, што на працягу шасці дзесяцігоддзяў імкнецца да творчых эксперыментаў і часта выказваецца на актуальныя сацыяльна-палітычныя тэмы, сам зведаў вымушаную эміграцыю. У 1980-х калектыву, што адкрыта падтрымаў польскі рух за незалежнасць «Салідарнасць», давялося адчуць на сабе пераслед уладаў і праз гэта выехаць на некалькі гадоў за межы краіны.

Прыемным адкрыццём асабіста для мяне стала тое, што інтэрнацыянальныя пастаноўкі цягам пяці дзён прыцягвалі не толькі прадстаўнікоў беларускай і ўкраінскай дыяспары. Залы былі запоўненыя мясцовай публікай. Канешне, таму спрыяла вялікая колькасць спектакляў і чытанняў на польскай мове, аднак выклікае павагу жаданне познанцаў паглядзець у нязвыклым для сябе ракурсе на тэмы, якія хвалююць мігрантаў.

Сцэна са спектаклю «Пчала ў горле». Фота: Barak Kultury

«Пішу табе з Мінска»…

Так, палякі актыўна дзяліліся сваімі адчуваннямі на абмеркаванні метафарычнага спектакля беларускай рэжысёркі Наталлі Ляванавай «Пчала ў горле», якім адкрываўся фестываль. У аснове – п’еса ананімнага суайчынніка пра спробу аднавіць адчуванне жыцця ў абставінах, калі сотні неабсяжных кіламетраў, якія ў адно імгненне леглі паміж роднымі людзьмі, штодзень скоўваюць да стану непераадольнага здранцвення. «Толькі вось пін-код, каб разблакаваць свет, ніяк не знаходзіцца. Канверт згублены. Тэхпадтрымка не адказвае. Уключае мне песню механічнай злой пчалы», – апісвае зразумелы многім беларусам стан гераіня пастаноўкі.

Да слова, арыгінальная п’еса была напісана – і прачытана летась у межах папярэдняга фестывалю – па-руску. Аскетычна-надрыўны тэкст не проста знайшоў водгук у наведвальнікаў і арганізатараў фестывалю: творчай камандзе прапанавалі перавесці яго на польскую і зрабіць паўнавартасны спектакль. Была надзея, што ў перспектыве пастаноўка зможа стаць часткай рэпертуару адной з познаньскіх культурных інстытуцый.

Апошняе пакуль не рэалізаванае, што сапраўды шкада, бо спадарыні Ляванавай удалося вывесці знаёмы ёй тэкст на новы ўзровень мастацкай вобразнасці. Да таго п’еса, якая ў эпіграфе мае словы «Пішу табе з Мінска», становіцца сваёй не толькі для тых, хто аказаўся замкнутым у глухіх межах сваёй краіны, але і для людзей па іншы бок гэтай амаль што жалезнай заслоны: бо немагчымасць выказаць простыя словы самаму блізкаму чалавеку – паняцце ўніверсальнае.

Спадзяюся, што гэтую працу Наталлі Ляванавай не спасцігне бяда многіх беларускіх праектаў у экзайлі, калі паказы абмяжоўваюцца колькасцю пальцаў адной рукі. Хочацца, каб на шосты год татальнай беларускай эміграцыі распрацоўкі незалежных рэжысёраў мелі не толькі апладысменты гледачоў і станоўчыя водгукі крытыкаў, але нарэшце і сапраўдную інстытуцыянальную падтрымку.

Сцэна са спектаклю «L.U.B.A: украінскі плач без антракту». Фота: Barak Kultury

Тэатр як люстэрка палітычных працэсаў

За тры гады «Другая спроба» вырасла не толькі па сваёй працягласці, але і ў палітры фарматаў. Так, яшчэ да афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства, але пад яго маркай прайшла трохдзённая закрытая лабараторыя дакументальнага тэатру, а на працягу ўсяго фэсту ладзіліся фотавыставы, перфарматыўныя чытанні, паказы спектакляў, абмеркаванні ўбачанага.

У фестывальнай завірусе знайшлося месца і для навуковай дыскусіі: эксперты з Украіны, Польшчы і Беларусі абмеркавалі, як тэатр рэагуе на палітычныя выклікі і сацыяльныя змяненні, якія сёння віруюць у гэтых грамадствах.

Як трапна зазначыў польскі тэатразнаўца Пётр Дабравольскі, тэатр – гэта заўсёды інстытуцыя, якая патрабуе пляцоўкі, людзей і грошай. У яго краіне прадстаўнікам творчых прафесій прасцей у параўнанні з калегамі з Усходу сабраць усе гэтыя тры чыннікі. Зараз у Польшчы дзейнічае больш за сотню тэатраў, якія фінансава падтрымліваюцца дзяржавай. Яны маюць магчымасць свабодна адгукацца на вострыя тэмы, таму ў рэпертуары польскіх калектываў можна сустрэць пастаноўкі і пра міграцыйны крызіс на мяжы, праблемы забруджвання рэк ці пра спрэчныя дзеянні сучасных палітыкаў. Гэтыя спектаклі не заўсёды будуць мець падтрымку крытыкаў і публікі, але ніхто не аспрэчвае права творцаў уздымаць на сцэне тыя пытанні, што актыўна абмяркоўваюцца ў грамадстве.
Для беларусаў у эміграцыі камплект тых трох чыннікаў, што пералічыў прафесар познаньскага ўніверсітэта імя Адама Міцкевіча, – хутчэй з разраду мары (для многіх, як не шкада, пакуль фантастычнай). Гэта адбіваецца не толькі на выбары тэм, але і на формах сучаснага тэатра.

Па меркаванні беларускай тэатразнаўцы Ксеніі Князевай, у тым ліку з гэтай прычыны такую папулярнасць сярод беларускіх творцаў у экзайлі атрымалі перфарматыўныя чытанні і драматургічныя лабараторыі. У гэтых варунках асцярожны аптымізм выклікае тэндэнцыя, калі частцы айчынных акцёраў і рэжысёраў атрымліваецца выказвацца на прафесійных сцэнах у замежжы.

Цікава, што ва ўкраінцаў, у параўнанні з беларусамі, не ўзнікла паняцця эміграцыйнага тэатру. Як патлумачыла харкаўская актрыса і рэжысёрка Аліна Касцюкова, яе калегі кропкава граюць або ставяць па-за межамі сваёй краіны (тут можна ўзгадаць вядомага беларускаму гледачу па супрацоўніцтве з РТБД рэжысёра Стаса Жыркова, які пасля пачатку паўнамаштабнай вайны з’ехаў з Кіева і цяпер працуе ў Германіі). Аднак пра хвалю стварэння ўкраінскіх калектываў у замежжы гаворкі няма.

Спадарыня Касцюкова зазначыла іншую тэндэнцыю: на пятым годзе вайны ад украінскіх творцаў чакаюць на падмостках ізноў расповедаў пра бомбы, палон, адарваныя канечнасці і жахі фронту. А ім хочацца ўсё ж выйсці з межаў маналогаў адно пра пакуты і слёзы і давесці, што яны могуць уздымаць куды большы спектр тэм.

Калі ж заставацца ў ваенных успамінах, то дадаваць у палітру новых жанравых фарбаў. Так украінскія драматургі пачалі часцей уводзіць у свае тэксты гумар і абсурд. Яркім прыкладам такога падыходу на «Другой спробе» стаў спектакль з элементамі стэндапу ўкраінскай рэжысёркі і выканаўцы Марыі Бруні «L.U.B.A: украінскі плач без антракту». Фестывальная публіка пабачыла ўвесь набор клішэ адносна працы польска-ўкраінскай мяжы, узаемадзеяння з ужондамі, стаўлення тутэйшых да прыехаўшых. Аднак праз гамерычны рогат над нязграбнай украінкай, што на OnlyFans зарабляе грошы на ВСУ, украінская аўтарка Талія Беразова падводзіць гледача да сур’ёзных разваг на складаныя сацыяльныя і псіхалагічныя тэмы.

У гэтым жа ключы працавала і сама Аліна Касцюкова, прадставіўшы ў Познані перфарматыўнае чытанне п’есы «Варвары колеру цыбулі» ўкраінскай драматургіні Кацярыны Пяньковай. Тая смела іранізуе над стэрэатыпамі, якія склаліся за гэтыя чатыры гады ў палякаў і ўкраінцаў адносна адзін аднаго.

Сцэна са спектаклю «Баланс». Фота: Barak Kultury

Акопы, пратэсты і татальная нелюбоў

Перфарматыўныя чытанні, пра якія не раз заходзіла гаворка ў гэтым артыкуле, – адзін з галоўных складнікаў «Другой спробы». Куратарка праграмы Валянціна Мароз імкнецца атрымаць у фестывальную падборку найбольш актуальныя тэксты, што адгукаюцца на злобу дня.

Так сёлета публіка пачула п’есу «Баланс» Аліны Сарнацкай – адной з самых вядомых прадстаўніц інклюзіўнага «Тэатра ветэранаў». Гэты ўнікальны культурніцка-адукацыйны праект паўстаў ва Украіне яшчэ ў 2024-м годзе, каб дапамагчы ўдзельнікам вайны рэабілітавацца з дапамогай творчасці. Асаблівы акцэнт у працы «Тэатра ветэранаў» робіцца на навучанне драматургіі, каб людзі праз створаныя імі п’есы змаглі зафіксаваць і адрэфлексаваць тыя трагічныя падзеі, што разгортваюцца ў іх на вачах. Аліна Сарнацкая была ваенным медыкам. Таму ў сваіх тэкстах яна з шакавальнай дакладнасцю перадае стан і адчуванні тых, хто трапляе на фронт.
Фестываль, створаны беларусамі, не мог абысціся без рэфлексій адносна падзей 2020 года. Сёлета гэтую тэму ўзняла рэжысёрка Вікторыя Ягорава праз дакументальную п’есу «Рудая Вавёрка» – рэальную гісторыю двух медыкаў, чыё сяброўства трывае выпрабаванне праз чатыры месяцы ў СІЗА, пабег ад «хіміі» і спробу будаваць сваё жыццё з нуля ў эміграцыі.

Сцэна са спектаклю «Рыжая_Вавёрка». Фота: Barak Kultury

Цікава, што ў працы над гэтай вельмі беларускай гісторыяй задзейнічаны толькі адзін айчынны акцёр – купалавец Дзмітрый Есяневіч, чый шыкоўны камедыйны дыяпазон дадаў тэксту неверагодную палітру эмацыйных адценняў. А вось ролі галоўных гераінь выконваюць польская і ўкраінская актрысы, якія да сутыкнення з тэкстам нават не падазравалі пра маштабнасць рэпрэсіяў у суседняй краіне. Дарэчы, падчас першага паказу праекта на сёлетнім фестывалі Sopot non-fiction Алівіі Адамовіч пашчасціла пазнаёміцца з прататыпам сваёй гераіні. «Распавядаць са сцэны гісторыю, калі ў залі сядзіць рэальны чалавек, з якім адбываліся тыя жудасныя рэчы, – гэта незвычайная адказнасць», – прызналася польская артыстка.

Для некаторых удзельнікаў крокі на «Другой спробе» ператвараюцца ў перспектыўнае супрацоўніцтва. Так на першым фестывалі праходзіла чытка п’есы Жэні Давідзенкі «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». На наступны год гэты тэкст паўстаў перад публікай у выглядзе паўнавартаснага спектаклю. Сёлета пра творцу ізноў можна было пачуць – гэтым разам праз п’есу «Як пазбавіцца сораму». Рэжысёркай праекта выступіла вядомая сваім нестандартным падыходам да працы над матэрыялам Юлія Шаўчук. Арыгінальнасць бачная ўжо ў выбары тэксту, дзе практычна няма эмігранцкай тэматыкі. Аднак тэкст уздымае вельмі балючую для постсавецкіх краін тэму татальнай нелюбові: няўменне аддаваць сваім дзецям і бацькам сардэчнае цяпло і безумоўнае пачуццё запатрабаванасці. Ад чаго кожнае наступнае пакаленне не можа пераадолець душэўную пустэчу ў дачыненні да самых блізкіх у жыцці людзей.

Сцэна са спектаклю «Бежанцы 1915». Фота: Barak Kultury

Што далей?

Фестывальны тыдзень закрываўся спектаклем рэжысёра Андрэя Новіка «Бежанцы 1915». By Teatr зрабіў інсцэніроўку добра вядомай палякам кнігі сваёй суайчынніцы Анэты Прымака-Онішк пра эвакуацыю жыхароў усходніх земляў Польшчы і Беларусі ўглыб Расійскай імперыі. Палітычны замес таго часу прывёў не толькі да перамяшчэння народаў, але і да змяшэння ў прасторы і часе гаворак людзей з розных частак рэгіёну. Таму вельмі арганічна гучыць моўная палітра самога спектаклю, у якім героі звяртаюцца адзін да аднаго то па-польску, то па-беларуску, то па-руску, а часам пераходзячы і на падляшскія дыялекты.

Тут можна было б шмат гаварыць пра рэжысёрскія цікавосткі, складаную светлавую партытуру Данілы Ганчарова (назіраць за яго працай – асобны ўзровень шчасця для тэатралаў), пра песеннае аздабленне сюжэтнай лініі ў выкананні выкшталцонай Дар’і Новік, пра выканальніцкія нюансы ў вырашэнні роляў Аляксея Сапрыкіна і польскай актрысы беларускага паходжання Марыі Чыквін. Але мяне раптам зачапіла, як сумесь гаворак на сцэне адпавядае моўнай разнастайнасці самога фестывалю.

Кіраўнік культурнай арганізацыі Barak Kultury Пшэмэк Прасноўскі пастаянна падкрэсліваў, што ім вельмі важна чуць беларускую мову на палях «Другой спробы». Многія абмеркаванні і панэльная дыскусія былі забяспечаны перакладчыкамі з/на яе. Шкада толькі, што з дзесятка сцэнічных паказаў амаль цалкам (за выключэннем аднаго з персанажаў) па-беларуску было толькі перфарматыўнае чытанне «Як пазбавіцца сораму». Сітуацыя цалкам лагічная: форум ладзіцца ў Польшчы, рэжысёры хочуць, каб іх праца мела доўгае сцэнічнае жыццё, а таму трэба выходзіць з эміграцыйнай бурбалкі і звяртацца да мясцовай публікі. Вось і супрацоўнік фундацыі Barak Kultury Ілля Меджумаеў зазначаў, што мэтавая аўдыторыя форуму – прадстаўнікі ўкраінскай і беларускай дыяспар, што жывуць у Познані, а таксама карэнныя жыхары гораду.

Сцэна са спектаклю «Як пазбавіцца сораму». Фота: Barak Kultury

Пытанне можа знаходзіцца і банальна ў эканамічнай плоскасці: каб зрабіць на кожны спектакль беларускія субцітры, дубляваць тыя ж фестывальныя сацсеткі ці флаеры на нашую мову, патрэбныя дадатковыя рукі і – адпаведна – грошы.

Таму мы зараз знаходзімся, мяркую, як і эмігранты ва ўсе стагоддзі, на раздарожжы, і толькі час пакажа, які кірунак для беларускага тэатра ў эміграцыі будзе больш плённы: займацца захаваннем беларускамоўнай аўдыторыі і тым самым працаваць адно з хвалямі тых, хто пастаянна выязджае ў замежжа, ці праз доўгія сумненні ўсё ж пераключацца на мясцовую мову, каб данесці наш боль і спадзяванні да міжнароднай аўдыторыі. Дакладна толькі адно: правільнага адказу на гэтае пытанне не існуе.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram