З нагоды дня нараджэння Максіма Багдановіча вырашылі паглядзець на паэта вачыма мастакоў.
Максім Багдановіч памёр у 25 гадоў, паспеўшы выдаць толькі адзін зборнік сваіх вершаў — «Вянок». Таму мастакоўскія вырашэнні вобраза паэта абмежаваныя невялікай колькасцю фатаграфій, а таксама стылістычным дыяпазонам яго творчасці.
Уласна ў першай рэцэнзіі (1914 года) на «Вянок» аўтарства Антона Луцкевіча ўсё ўжо было сказана… У нататцы «Пясняр чыстай красы» Луцкевіч пісаў «Вянок» — гэта праўдзівая пэрла ў беларускай паэзіі. Раўнаваць Багдановіча ні з кім ня будзем: не затым, што няма лепшых за яго паэтаў (бо такія ёсьць), але затым, што ён ні да каго не падобны. Яго душа замкнёная ў сабе, жыве ў нейкім іншым, асаблівым сьвеце — у сьвеце чыстай красы і шчырай паэзіі, ды толькі празь яе глядзіць на нашае жыцьцё — рэальнае, цяжкое, поўнае змаганьня і безупыннай працы. І як у летні гарачы дзень у крыстальна чыстай крынічнай вадзе асьвяжаецца нашае цела, так асьвяжае душу паэзія Максіма Багдановіча».
Велічны трагізм і светлы рамантызм — два полюсы, паміж якімі адбываліся мастакоўскія пошукі вобраза Багдановіча. Хоць першае ўвасабленне паэта атрымалася даволі празаічным.
Першы вядомы нам жывапісны партрэт Багдановіча належыць пэндзлю Валянціна Волкава, ён выкананы ў 1927 годзе, прыкладна праз 10 год пасля смерці паэта. У яго аснове — павялічанае фота паэта з групавога фотаздымка супрацоўнікаў рэдакцыі яраслаўскай газеты «Голос», дзе Максім стаіць у другім шэрагу. Тое, што гэта менавіта Максім Багдановіч, некаторымі даследчыкамі ставіцца пад сумнеў. Аднак фрагмент гэтай фатаграфіі актыўна выкарыстоўваўся і іншымі мастакамі.
Валянцін Волкаў паходзіў са знакамітай дынастыі рускіх мастакоў — яго продкі былі іканапісцамі. Партрэт рэалістычна-дакументальны, вобраз паэта мастак стварае не з дапамогай каларыту (гэтаксама мог бы выглядаць вобраз студэнта ці маладога навукоўца), а ўкладаючы ў руку паэта кнігу, якая, дарэчы, зусім не нагадвае «Вянок». Гэта наўпроставае дакументальнае ўвасабленне вобраза паэта, хоць аўтар і перадае невідавочны на здымку сум у вачах.
Партрэты ў інтэр’еры, на фоне раскрытага вакна, на прыродзе — адпаведныя часу дакументальна-дакладныя вобразы паэта, часам у духу пануючага сацрэалізму, нячаста, але з’яўляліся ў наступныя дзесяцігоддзі.
Зусім іншая стылістычная падача ў творы Уладзіміра Стальмашонка 1972 года «Слова аб Беларусi». Багдановіч — толькі адзін з герояў мастакоўскага іканастасу, які аўтар вырашае праз імітацыю прыёмаў калажу.
Імкненне падаць вобраз Багдановіча не як партрэт звычайнага чалавека (як у Волкава), а як нацыянальны сімвал, выразна заяўленае творам Стальнашонка, запачаткавала новую тэндэнцыю, што выразна праявілася ў творчасці мастакоў-адраджэнцаў 1980-х. Напрыклад, Алесь Марачкін да 90-годдзя Максіма Багдановіча, якое адзначалася ў 1981 годзе ў тым ліку і Рэспубліканскай выставай, напісаў карціну, прысвечаную Максіму і Вераніцы. Твор рытмічны — як вершаваныя радкі, і ўзнёслы — як «Зорка Венера».
Рэдкі вобраз паэта ў дзяцінстве паказаў на гэтай выставе Віктар Маркавец. «Марыя Апанасаўна Багдановіч з сынам Максімам» датуецца 1980 годам. Постаці нібы ў працэсе пазіравання… Вырашэнне твора адсылае да эстэтыкі фатаграфіі і выразна акрэслівае гістарычную дыстанцыю, стварае своеасаблівы гістарычны флёр.
Працу Івана Пратасені цікава параўнаць з палатном Волкава: падобная кампазіцыя, але супрацьлеглы намер. Акварэль «Максім Багдановіч. А сэрца ўсё імкнецца да бацькоўскага краю», як і папярэднія працы, выкананы да юбілея паэта, што адзначаўся ў 1981 годзе. Гэта аркуш праграмна рамантычны, з класічным для сімвалізму прыёмам праекцыі на фон твора ўнутранага свету галоўнага героя.
Падобны прыём і ў графічнай працы Антаніны Лапіцкай, але малюнак тут больш лаканічны, сімвалічна-лапідарны.
Дыяпазон вырашэнняў вобраза паэта звычайна ўкладаецца ў гэтыя дзве розныя рамкі — рамантычную, з магчымымі элементамі абстрагаванасці, і фігуратыўную.
Сучасныя мастакі ўвасабляюць паэта, абапіраючыся на сімвалічныя пласты яго творчасці. Напрыклад, Зміцер Шапавалаў змяшчае паэта ў свет яго знакамітага верша «Пагоня», увасабляючы і аўтара ў творчым парыве, і свет яго верша аднолькава выразна, не пазначаючы паміж рознымі пластамі рэальнасці ўмоўную мяжу.
Цяжка абысці ў гэтым артыкуле яшчэ адзін знакавы вобраз паэта. Сімвалічна, што помнік Максіму Багдановічу быў адкрыты 9 снежня 1981-га, у дзень 90-годдзя з дня нараджэння паэта. Аўтары помніка – скульптар Сяргей Вакар, архітэктары Юрый Казакоў, Леанід Маскалевіч. У манументальнай скульптуры панаваў сацрэалістычны метад, аднак малады аўтар у межах сацрэалізму распрацоўвае ўласную трактоўку нацыянальнага рамантызму.
Месца для помніка абрана невыпадкова – праз вуліцу стаяў дом, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. На жаль, гэта знакавае месца цяпер забудавана, там стаіць скульптурны знак, які нагадвае пра прыкладнае размяшчэнне дома паэта.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram