У апошні дзень фэсту Tutaka, які праходзіць у Польшчы на Беласточчыне, прайшла сустрэча з вызваленым палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім.
Самыя вострыя пытанні тычыліся мовы (Сяргей размаўляў на рускай). Украінская глядачка спыталася пра ролю беларускай культуры ў развіцці беларускай ідэнтычнасці.
«Гэтак як і мова, культура – частка нацыі, — сказаў спадар Сяргей. — Без культуры не будзе і беларусаў. Безумоўна, гэта важнейшы момант. Я асаблівы ўклад прыўнесці не магу, крыху не мая тэма. Так, я запісваю песні і кліпы здымаю, і ў планах гэта ёсць». Нягледзячы на гэтую дзейнасць, Сяргей Ціханоўскі лічыць, што культурай займаюцца, напрыклад, тыя, хто арганізаваў гэты фэст. Ці музыкі.
Сяргей Ціханоўскі расказаў, як у дзень яго прыезду да яго падышоў знаёміцца Лявон Вольскі. Аднак спадар Сяргей нагадаў яму, што яны ўжо 25 гадоў знаёмыя, бо Ціханоўскі ў якасці арт-дырэктара ладзіў яго канцэрты ў Беларусі.
Важнае пытанне было пра тое, як дапамагчы былым палітвязням, якія выходзяць на волю. Сяргей Ціханоўскі адказаў, што па яго адчуваннях, да іх недастаткова ўвагі. «Нават я адчуваю, што недастаткова ўвагі да палітзняволеных, трэба, каб нехта, валанцёры, былі побач з чалавекам увесь час. Вы яму дапамагаеце, месяц, два, а пасля ён адчувае сябе кінутым. Нават мне гэтага не хапае, а што казаць пра тых, хто вызваліўся разам са мной. Адзін з іх сказаў мне, што мы тут нікому не патрэбныя. Хоць яму і медыцыну аплочваюць.
Такія адчуванні ўнутраныя, калі мы выходзілі, нам здавалася, што тут нешта будзе. Няхай гэтага няма, але чалавечае стаўленне, плячо побач – вельмі важна», — патлумачыў Сяргей Ціханоўскі.
На пытанне, як ён навёрствае інфармацыю пасля турмы, Ціханоўскі адказаў, што кожны дзень «набівае шышкі». «Вы многія кажаце, што я ў 2020 годзе застаўся. Я сапраўды там застаўся, і можа, гэта і добра, — адказаў былы палітвязень. — Можа, гэта і добра, што я гэты настрой пранёс. І не ўсмактаў вашыя ўсе праблемы, трывогі, расчараванні, крыўды, спрэчкі. У нас гэтага ўсяго не было, мы проста чакалі.
І там такія ж сядзяць. З такім жа настроем».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram