«На чорнай-чорнай вуліцы» — такую назву мае новая пастаноўка беларускага рэжысёра Яўгена Карняга, прэм’ера якой адбудзецца ў сталічным Тэатры лялек 21 сакавіка. Вядомы пастаноўшчык, харэограф ставіць спектакль, заснаваны на дзіцячых страшылках і казках Андэрсана, у тандэме са сваімі даўнімі аднадумцамі — мастачкай-пастаноўшчыцай Таццянай Нерсісян і кампазітаркай Кацярынай Аверкавай.
Спектакль створаны ў жанры «чорнай-чорнай камедыі».
«Аднойчы на чорнай-чорнай вуліцы, у чорнай-чорнай хаце, на чорнай-чорнай лесвіцы…
Усё самае цікавае ў дзяцінстве пачынаецца менавіта з гэтых фраз! І ці існуе чалавек, які не ўяўляў сабе труну на колцах ці не выклікаў пікавую даму? — анансуецца прэм’ера на сайце тэатра.
Яўген Карняг аб’яднаў у спектаклі «На чорнай-чорнай вуліцы» любімыя дзіцячыя страшылкі і казкі Ханса Крысціяна Андэрсана. Праз гэтыя змрочныя гісторыі рэжысёр прапануе дарослым паглядзець на страхі дзіцяці. Успомніць, чаго мы баяліся ў дзяцінстве і як змаглі перамагчы гэтае пачуццё. Але ўсе мы памятаем, што страшылкі прымушаюць нас не толькі баяцца, а яшчэ і смяяцца. На чорнай-чорнай вуліцы можна пасмяяцца над сваімі страхамі — дзіцячымі і цяперашнімі, каб яны зніклі назаўжды. Развітваемся са страхамі і рыхтуемся аддаць сваё сэрца!», — запрашаюць на новую пастаноўку артысты.
Бліжэйшыя паказы «На чорнай-чорнай вуліцы» — 21 і 22 сакавіка.
Падрабязней пра пастаноўку — тут.
Нагадаем, што Яўген Карняг у пачатку сакавіка быў прызначаны на пасаду галоўнага рэжысёра Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Можна сказаць, што гэта яго першая пастаноўка ў новым статусе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram