Аляксей Кузьміч падчас акцыі ў судзе. Фота: сацсеткі мастака.
Беларускі акцыяніст Аляксей Кузьміч ператварыў чарговае судовае паседжанне ў Парыжы ў перформанс. Мастак, якога судзяць за акцыю на Вандомскай калоне, заявіў, што прайшоў «поўную тэхнічную апрацоўку» і больш не з’яўляецца тым «біялагічным матэрыялам», які парушаў закон у 2024 годзе.
Нагадаем, што ў Францыі мастака прыцягнулі да адказнасці за «вандалізм у дачыненні да нацыянальнай спадчыны». За акцыю «Insemination», падчас якой ён дамаляваў жоўтай фарбай «тэкстыкулы» да Вандонскам калоны, выкарыстоўваючы яе як фалічны сімвал, яму пагражае да 7 гадоў зняволення і 100 тысяч еўра штрафу.
Reform азнаёміўся з пратаколам допыту з суда, які Кузьміч апублікаваў у сваім Facebook.
«Беларусы — людзі з дзікіх земляў»
Кузьміч патлумачыў свае паводзіны «варварскай прыродай» і «некантраляванай сакрэцыяй тэстастэрону», уласцівай, паводле яго слоў, усім беларускім мужчынам.
«Беларускія мужчыны — гэта дзікія варвары з перманентнай эрэкцыяй… У суб’екта Аляксея Кузьміча не было іншага шляху, акрамя як выплеснуць сваю варварскую прыроду ў Парыжы на святое для гэтых земляў месца», — заявіў мастак.
Творца запэўніў суд, што «суб’ект Кузьміч узору 2024 года» больш не існуе. Замест яго перад судом стаіць «Аб’ект № 2025-02-03105», які прайшоў працэдуру «нармалізацыі».
У якасці доказаў Кузьміч перадаў суддзі «Тэхнічнае досье», у якім сабраны графікі гармонаў, біяметрычныя адбіткі і план «тэхнічнага абслугоўвання» на бліжэйшую пяцігодку; гарантыі таго, што яго эрэкцыя цяпер «купіраваная» і не ўяўляе пагрозы для Францыі.
Квадрат замест круга
Адзін з самых моцных момантаў допыту — заява мастака аб адмове ад маскуліннасці на карысць грамадскай дысцыпліны. Кузьміч паабяцаў суду больш не маляваць кругі, за якія яго судзяць, а чэрціць «выключна квадраты».
«Мой высокі эстраген сёння — гэта ўклад у бяспеку Парыжа заўтра», — рэзюмаваў акцыяніст.
Нягледзячы на сур’ёзнасць абвінавачанняў і гіганцкі штраф, суддзя прыняла рашэнне адкласці паседжанне. Фінальнае вырашэнне справы і прысуд (які можа стаць альбо турмой, альбо канчатковым прызнаннем акцыі) перанесены на май 2027 года. Да гэтага часу Кузьміч застаецца на волі пад «внешнім маніторынгам», які сам жа і прапанаваў суду.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram