«J:МОРС» і «Вольныя купалаўцы» выдалі альбом «Зэкамерон» на вершы палітвязняў

У Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі на лічбавых пляцоўках адбылася прэм’ера супольнага альбома «J:МОРС» і «Вольных купалаўцаў» «Зэкамерон». Ён змяшчае песні на вершы палітвязняў, створаныя адмыслова да аднайменнага спектакля, у якім граюць акторы Алег Гарбуз, Сяргей Чуб і лідэр гурта Уладзімір Пугач.

Гэтыя песні –  пра стойкасць і моц духу. Праз гумар, праз пакуты, але заўсёды – з верай і надзеяй, – адзначае Уладзімір Пугач. – Мая незапланаваная вандроўка ў чароўны сусвет тэатра – проста збег абставінаў. Мы трапляем у пэўны час, у пэўнае месца і побач з пэўнымі людзьмі, нічога асабліва не чакаючы. А потым адбываецца цуд – на тваіх вачах нараджаецца спектакль «Зэкамерон»: ад стварэння сцэнара да прэм’еры.

Фота: Іван Карнацэвіч.

Песні альбома напісаныя на вершы палітзняволеных Максіма Знака і Андрэя Кузнечыка да спектакля паводле турэмных апавяданняў Максіма Знака. А на акардэоне, які дадаў гучанню гурта новых адценняў, цудоўна грае Уладзімір Пыльчанка – адвакат, які быў пазбаўлены ліцэнзіі за абарону ў судзе Марыі Калеснікавай і калегі-адваката Віктара Мацкевіча, які ў сваю чаргу абараняў Сяргея Ціханоўскага.

Я даўно сябрую з Грышам Лайчанкам з гурта PyLai, другой паловай якога з’яўляецца Валодзя, – распавядае Уладзімір Пугач. – Пару гадоў таму яны запрасілі мяне паўдзельнічаць у сваім канцэрце. Валодзя граў на гітары, але на некалькі песень узяў у рукі акардэон і гэта быў проста нейкі цуд. І калі я зразумеў, што на гэтым альбоме мне патрэбны гэты інструмент, я адразу ўзгадаў пра яго. Музыка фантастычнага таленту і чалавек, з якім у нас аказаўся стоадсоткавы мэтч у бачанні музыкі.

«Вольныя купалаўцы» з Уладзімірам Пугачам паказваюць «Зэкамерон» у розных краінах Еўропы ўжо два гады. Амаль заўсёды з аншлагам.

– З вялікай цікавасцю заўсёды прыходжу на першую рэпетыцыю новага спектакля, не разумеючы, як з гэтага стоса папер народзіцца спектакль. Гэтым разам яшчэ нараджаліся і песні, – распавядае Сяргей Чуб. – Скончылася тым, што кожная песня можа жыць як са спектаклем, так і сваім жыццём, бо ёсць свая гісторыя і свой боль.

Пакуль слухаў альбом, я падумаў, што з беларускай вязніцы, нягледзячы ні на што, выходзяць на дзіва прыгожыя твары мастацтва. Але хочацца, каб адтуль выйшлі ўжо нарэшце ўсе прыгожыя і прыстойныя людзі, – лічыць Алег Гарбуз.

Паслухаць альбом можна на ўсіх асноўных лічбавых пляцоўках па спасылцы.

Альбом «Зэкамерон. Песні да спектакля» падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!