Іван Кірчук: У мяне няма кароткай спадніцы, каб стаць народным артыстам

Чаму ў Беларусі афіцыйная нацыянальная культура апусцілася да ўзроўню вышыванкі і танцаў пад гармонік, ці ёсць месца ў ІТ-краіне ўласнаму фальклору і чаму этніка — гэта не толькі мінулае, але і будучыня? Пра гэта і не толькі Марыя Войцік спецыяльна для #RFRM пагутарыла з Іванам Кірчуком — фалькларыстам, музыкам, лідарам гурта «Троіца». Гурт сёлета, дарэчы, спраўляе 20-гадовы юбілей.

Даведка: старшы выкладчык кафедры культуралогіі інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Іван Кірчук больш вядомы як лідар легендарнага гурта «Этна-трыа Троіца». Вікіпедыя называе яго беларускім музыкам, кампазітарам, фалькларыстам, пісьменнікам і выкладчыкам. Сабраў унікальны этнаграфічны музей, у які ўваходзяць прадметы народнага побыту беларусаў, калекцыя адзення, калекцыя тэатральных масак і лялек, аўдыё- і відэаархіў народных выканаўцаў і фальклорных калектываў. Мае калекцыю народных музычных інструментаў.

– Вы ствараеце песні з фальклорнага матэрыялу, сабранага ў беларускіх вёсках. Усё яшчэ ладзіце экспедыцыі?

– У мяне ўжо шафы ломяцца ад бабін і дыскаў, якіх ўжо тры тысячы і на кожным па дзвесце-трыста песень. Бяры ды апрацоўвай. Але у адзін альбом «Троіцы» змяшчаецца толькі 7-10 трэкаў. Мы хацелі дзяліцца матэрыяламі — стварыць этнаграфічны цэнтр ў Мінску, запрашаць іншыя фолк-гурты. Але, калі міністрам культуры быў Павел Латушка, на мой ліст з гэтай прапановай не адказалі. Добра, што ў этналабараторыю пры ўніверсітэце культуры, дзе працую цяпер, прыходзяць хаця б слухачы. Яны бачаць абрадавыя маскі, народныя інструменты, батлейку і пачынаюць разумець, навошта гэта ўсё.

І тым не менш напачатку года быў у экспедыцыі, бо Украіна здымае фільм пра беларускі фальклор.

– А ў Беларусі тым часам здымаюць фільмы пра подзвігі міліцыянтаў і Фаіну Ранеўскую… («Беларусьфільм» сумесна з расіянамі зняў серыял па сцэнары М. Чаргінца на тэму вайны ў Сірыі, а ў 2020-м будзе здымаць сумесны фільм пра Ранеўскую – рэд.)

– Не, мне «Беларусьфільм» штосьці прапанаваў у пачатку года, але канкрэтыкі пакуль няма.

Каб я мог нешта змяніць у нашым кіно, шмат чаго б перайначыў, але не магу, таму рэфармую прастору вакол сябе. Узяўся б хто за спектакль «Дарожка мая», можа атрымацца цікавы фільм. У мяне нават сцэнар ляжыць, ды рук не хапае. А пастаноўка – пра беларускіх продкаў. Я іх нават у сюжэт увёў, у выглядзе лялек, хоць гэта і монаспектакль. У цэнтры ж сюжету – варажбіт, які нібыта ў лесе і нібыта ля печы. Гэта дух, што ведае больш пра людзей, чым яны самі пра сябе.

– А ўласныя карані вы даследавалі?

– Так, але не надта, на жаль, глыбока, бо заўсёды думаў, што паспею. А потым не стала родных. Ведаю, што стрыечны брат бацькі быў ксяндзом і ездзіў у Іерусалім, а дзве бабуліны сястры – манашкамі. Адна засталася ў Амерыцы. Дзед быў мельнікам, жыў на хутары, быў вельмі багатым. Але яго раскулачылі, ён збег у Літву, бабуля засталася адна з чатырнацаццю дзяцьмі. Яна хавала ў печы гаршочак з манетамі, каб пражыць, бо і з хаты ўсё пазабіралі. Тата быў гарадскім жыхаром, але перад пенсіяй пачаў ткаць дываны, па царквах ды касцёлах іх раздаваў. Мама збірала травы і лекавала людзей нават ад бясплоддзя. Да яе маленькіх дзетак прыносілі — казалі, дзякуючы ёй нарадзіліся.

Я распавядаю гэта ўжо сваім дзецям. Але беларусы чамусьці цягнуцца да замежнага, не свайго, быццам яно больш прывабнае. Проста свайго не ведаем. І гэта праблема.

– Многія яшчэ лічаць, што беларускі фальклор – гэта нешта «калгаснае». Як гэта пераадолець?

– Праблема ў тым, што этна-музыка на тых жа гарадскіх святах пустая. Без мудрасці. Калектывы на адзін твар. Мала хто разумее, што фальклор – гэта вялікі пласт зашыфраванай інфармацыі, а не проста шоу.

А яшчэ не хапае падтрымкі дзяржавы і СМІ. Фолк-гуртоў шмат, але хто іх ведае? На апошнім канцэрте «Троіцы» добра калі было чалавек чатырыста – пры двухмільённым насельніцтве Мінска. Мяне часта не як музыку пазнаюць, а — з-за барады, відаць – прымаюць за мітрапаліта, засталося толькі ра́су нацягнуць.

У той жа час у педуніверсітэце, дзе я працаваў, раптоўна зачынілі кафедру фалькларыстыкі. Навошта яна, лепш жа вывучаць «русское народное творчество». Яго ніхто не прыбраў з праграмы.

Фальклор павінен выкладацца з дзіцячага садка. Але, калі гэтага не адбываецца, трэба пачынаць з сям’і. Мне бабуля распавядала казкі – я вучыўся жыццю па іх. Гэта таксама наша гісторыя. Праўда, у сучасных бабуль няма часу на казкі: пенсія маленькая, даводзіцца працаваць.

– Здаецца, добры шлях папулярызацыі фальклору – уводзіць старажытныя абрады ў сучасную культуру, ды хаця б у вяселлі.

– Трэба гэта рабіць, але для гэтага абрады павінен нехта ведаць. А мы не задаемся пытаннямі, як колеры, гукі і рытмы ўздзейнічаюць на чалавека, чаму нейкія рэчы маюць энергетыку талісманаў і нават замяняюць лекі, чаму частка хрысціянскіх храмаў стаіць на рэштках паганскіх. Калісьці было забаронена варажбой займацца, а дзяўчына брала грэбень, клала пад падушку і казала: скажы, Божа, з кім век векаваць. Гэтая сумесь і ёсць беларускі фальклор.

А у нас цяпер так: надзелі майку з вышыванкай, а што значыць той ці іншы арнамент, няважна. На Віцебшчыне я знайшоў у бабулі вясельны рушнік, на якім дзве птушкі глядзелі не адна на адну, а ў розныя бакі. Так яна і пражыла без кахання ў шлюбе.

У беларускіх вяселлях сёння не засталося нічога аўтэнтычнага. У ЗАГСах за гэта нават не бяруцца, бо ёсць жа тамада. А ён не тое што традыцыі народу не ведае, ён сям’ю гэтую першы раз бачыць. Чужы чалавек. Чаму потым здзіўляемся, што на сто шлюбаў амаль палова разводаў? А раней з боку нявесты і жаніха гэтай справай займаліся сваты — свае людзі.

– Вы з «Троіцай» аб’ездзілі з сотню этна-фэстаў ў розных краінах свету. Там стаўленне да фальклору лепшае?

– Былі нават на фестывалі WOMAD, вышэй якога ў свеце няма, туды больш за 65 тысяч чалавек прыязджае. На замежных фестывалях звычайна больш выразны падзел музычных калектываў і пляцовак. Прыязджаеш на оўпэн-эйр у Эстонію, Польшчу, Венгрыю і іншыя краіны – на адной сцене гучыць аўтэнтычны фальклор, на другой граюць джаз. Слухач выбірае тое, што па душы, ды і музыка не змешваецца. Арганізатарам беларускіх фэстаў трэба паездзіць і павучыцца. Нічога саромнага ў гэтым няма.

Але ў нас ўвогуле з вялікіх этна-фэстаў засталася адна «Камяніца», ды і яе трэба развіваць: дзіцячая і галоўная сцэны, напрыклад, ну ніяк не могуць стаяць побач. Мне вельмі падабаўся хутар Валодзі Шаблінскага і яго «Вольнае паветра», але людзі, якія зайздросцілі, спалілі хату. Заміналі ім, відаць, музыкі.

Шмат ўвагі надаецца нейкім дзяржаўным фестам, той жа «Берагіні». Але вы ўяўляеце, каб туды прыехаў, скажам, Горан Брэгавіч? Я вось не. Не той узровень.

Да таго ж музыкант, калі ён ужо прафесіянал, павінен нешта атрымліваць за сваю працу. Я шмат выступаў з «Троіцай» за «дзякуй», але мне ўжо 60 гадоў. Хочацца прывозіць грошы дамоў. Тым больш я многа інструментаў набываю. У «Троіцы» ганарар амаль дзве тысячы еўра, і гэта нармалёва.

– У адным з інтэрв’ю вы казалі, што так і не знайшлі месца, дзе б мог базіравацца гурт. Вы дагэтуль вымушаны арандаваць рэпетыцыйныя кропкі?

– Гралі на кропцы ў Сяргея Міхалка, але там шмат людзей – так проста не пакінеш дарагія інструменты. У філармоніі, каб здымаць памяшканне, трэба адыграць на «Дажынках». Я не пагадзіўся на такія ўмовы. Відаць, за дваццаць гадоў мы не заслужылі пляцоўку ў дзяржавы, мо трэба яшчэ дваццаць – для вернасці?

Але я не жалюся. Хутка будзе юбілейны канцэрт «Троіцы», ужо ўвосень. Можа, нават з аркестрам. Трэба паказаць новы альбом – «Цар-агонь». Пакуль шукаем месца.

– І дзе хацелася б выступіць?

У ідэале – у тэатры. Нядаўна сустракаўся з Латушкам, цяпер дырэктарам Купалаўскага тэатра. Але атрымлівацца так, што калі мы будзем выступаць, то акцёры ў гэты дзень працаваць не змогуць. Дырэктар быццам і не супраць, але вырашыць гэтае пытанне ніхто не спяшаецца.

– А на «Славянскі базар», дарэчы, не спрабавалі трапіць?

– Як жа, спрабавалі, там было б добра зрабіць прэзентацыю. Ды зноў жа. Пазнаёміўся з новым дырэктарам фэсту — ён сказаў, што хоча, каб мы выступілі. Тэлефанаваў яму потым не адзін раз – цішыня. Пасля ўжо мяне знайшлі самі і сказалі, маўляў, на жаль, праграма сфарміравана і нас там не будзе. Затое напэўна будзе ўся старая гвардыя – Лявонцьеў ды Кіркораў з Пугачовай.

Мы нават пра «Еўрабачанне» думалі. Але там патрэбна аўтарская песня. Спрабаваў напісаць – выходзіць усё адно падобна да народнай. Ды яшчэ такі момант. У маім узросце не хочацца аблажацца. Узгадайце, як у нас адносіліся да дуэту «Аляксандра і Канстанцін». Спачатку, перад конкурсам, іх узнялі, а потым, калі яны нічога не занялі, ледзь не выгналі з Мінска.

У першыя гады існавання «Троіцы» ўсе гэтыя конкурсы нам замяніў Юрый Шаўчук, які па запісах на касетах выбраў нас з шэрагу іншых каманд і запрасіў выступіць спачатку ў Мінску, а потым і ў Маскве. І толькі тады нас у Беларусі пачалі заўважаць – пасля Расіі.

Але, каб раскручвацца на масавым узроўні далей, трэба рабіць шоу. Калісьці Андрыс Ліепа казаў, што мы падобны на беларускі «Пінк Флойд» і нам трэба ставіць харэаграфічныя нумары да песняў. Аднак для гэтага патрэбная вялікая каманда і грошы. А нас толькі тры чалавекі.

– Тым часам у нас шмат прадзюсараў , якія прапануюць усё гэта эстрадным спевакам…

– Для эстрады ў Беларусі заўсёды будуць і пляцоўкі, і грошы. Бо ёсць тыя, хто не умее спяваць, але іх бачыць прэзідэнт. У меня ж няма кароткай спадніцы, каб выйсці, эфектна пакруціцца ля мікрафону — ды стаць народным артыстам. Я проста старэйшы выкладчык.

– Вы казалі неяк, што хочаце «змяніць дэкарацыі» і з’ехаць у вёску, каб лягчэй было дыхаць, бо горад цісне. Атрымалася?

– Пакуль не. У мяне было лецішча каля Ліды, але да яго 180 кіламетраў, ды і вёсачка там знікае, засталося восем дамоў з сарака.

У горадзе мне энергетычна складана, бо толькі ўявіце: пад табой жыве алкаголік, побач – скандалісты. У Еўропе людзі працуюць у мегаполісе, а потым у машыну – і ў сваю хату, на прыроду. Тое, што Мінск цяпер «зарастае» шматпавярховікамі, – гэта самагубства.

– Час цяпер такі, мітуслівы. Як лічыце, ці застанецца ў далёкай будучыні, у IT-краіне, месца этнічнаму?

– Этніка заўсёды будзе чымсьці прыцягальным, бо гэта нашыя карані. Яны не ў тэхніцы або робатах. Продкі не дадуць сябе забыць.

Паглядзіце, колькі людзей займаецца народнай творчасцю, хоць гэта і прыносіць капейкі. Але яны будуць гэта рабіць, таму што – выбраныя. І я – у іх ліку.

«Троіца» зноў працуе над альбомам, разбіраем масленічныя песні. Мы ніколі не спыняемся — як бы цяжка ні было.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!