Артыкул пра тое, як улада распраўляецца з беларускай культурай і падпадае пад усё большы ўплыў Расіі, выйшаў у выданні The Economist.
Артыкул мае назву «Вайна Беларусі супраць культуры» і пачынаецца фразай «Па меры таго як краіна выкараняе сваю нацыянальную спадчыну, расейская прапаганда бярэ верх».
«Крута, што беларуская культура атрымала месца ў такім міжнародным медыя. Бо пра культуру таксама трэба гаварыць як пра поле барацьбы – і як пра тое, што рэжым спрабуе перапісаць», – заўважыла журналістка, палітаналітык, старэйшая запрошаная супрацоўніца Atlantic Council Ганна Любакова. Яе рапарт для аналітычнага цэнтру Atlantic Council быў скарыстаны для напісання гэтага артыкула, акрамя іншых сведчанняў.
Напрыклад, жыхарка Мінску Адэля (імя зменена) згадвае, як ратавала кнігі забароненага беларускамоўнага выдавецтва. А сама Ганна Любакова пералічвае страты беларускай культуры пасля падзей 2020-га: крамы, якія прадаюць беларускае адзенне абвясцілі пра закрыццё; музычныя і гістарычныя фестывалі былі адменены; выдаўцоў, перакладчыкаў і прадаўцоў кніг на беларускай мове затрымлівалі або абвяшчалі «экстрэмістамі». «Значэнне гэтых месцаў было велізарным, – кажа Ганна Любакова. – Не проста таму, што гэта была добрая таўстоўка або выдатная кніга, а [таму што] гэта было месца, дзе можна было ўбачыць людзей, якія думаюць гэтак жа».
Апісваючы сённяшні стан беларускай культуры The Economist найбольш звяртае ўвагу на русіфікацыю і ўплывы расійскай прапаганды. Аднак і на тое, што беларускія культура і мова з’яўляюцца найважнейшымі сродкамі для змагання.
Таццяна Нядбай, кіраўніца ПЭН-клуба расказвае выданню, што рэжым культурную прастору краіны ўсё больш інтэгруе ў расійскую. У апошнія некалькі гадоў дзяржаўныя тэатры наймаюць расійскіх рэжысёраў і акцёраў і ставяць менш п’ес на беларускай мове. Па словах Нядбай, музейныя экспазіцыі падкрэсліваюць гістарычныя сувязі з Расіяй. На афіцыйных канцэртах выступаюць расійскія музыкі, якія падтрымліваюць рэжым Пуціна.
Залежнасць Лукашэнкі ад Крамля выявілася і ў іншых аспектах. У 2014 годзе ён крытыкаваў анексію Крыма Расіяй і адмаўляўся прызнаваць яе, але ў 2022 годзе ён быў гатовы дазволіць Пуціну выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Па дадзеных аналізу эканаміста, які працуе ў выгнанні, за наступныя два гады доля беларускага экспарту ў Расію вырасла з 40% да 60%.
Гэтая залежнасць цяпер выяўляецца і ў беларускай адукацыйнай праграме. Выкарыстоўваючы даследаванне аналітычнага цэнтра i SANS, размешчанага ў Варшаве, часопіс The Economist параўнаў нядаўна выдадзеныя падручнікі з больш раннімі.
Калі ў падручніках 2021 года крытыкавалася карупцыя і арганізаваная злачыннасць у Расіі, то гэтыя звесткі больш не фігуруюць у новым падручніку для тых жа ўзроставых груп, выдадзеным у 2025 годзе. Замест гэтага ў ім утрымліваецца толькі пахвала праўленню Пуціна, ці гэта тычыцца пенсійнай рэформы, ці знешняй палітыкі. Крамлёўскія наратывы пра вайну на Украіне зʼяўляюцца ўпершыню.
«Аднак ваеннае супрацьстаянне паміж Расіяй і Украінай працягвалася, паколькі заходнія дзяржавы наўмысна перашкаджалі дыпламатычнаму ўрэгуляванню канфлікту, зводзячы на нішто міратворчыя намаганні Расеі, Беларусі, краін «глабальнага Поўдня» і іншых субʼектаў, зацікаўленых у міры ва Украіне», – цытуюць даследчыкі старонкі беларускіх падручнікаў.
У школьных падручніках 2021 года проста адзначалася, што Лукашэнка перамог на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Пра пратэсты ў іх не згадвалася. У 2025 у новым падручніку прызнаюцца факты пратэстаў, але яны прадстаўлены менавіта так, як мог бы прадставіць іх Пуцін: гэта была арганізаваная Захадам рэвалюцыя, накіраваная на змену рэжыму. «Але паўстанне не мела поспеху. Пратэстная дзейнасць паступова выцеснілася за межы Рэспублікі Беларусь. У выніку заходнія краіны пачалі аказваць палітычны і эканамічны ціск на нашу краіну... У гэтых умовах Рэспубліка Беларусь умацавала інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй у рамках Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», – пішуць у беларускім падручніку.
Змены ў школах выходзяць за рамкі вучэбнай праграмы. Аналітыкі i SANS, адсочваючы Telegram і іншыя анлайн-крыніцы, задакументавалі «відавочнае ўзмацненне» мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне адзінства Расіі і Беларусі ў гэтым годзе.
Як адзначае iSANS, святкаванне Нацыянальнага Дня адзінства «ператварылася з другараднай даты ў адну з цэнтральных ідэалагічных падзей навучальнага года», iSANSтаксама зафіксавала павелічэнне колькасці ваенна-патрыятычных клубаў у школах.
Многія з іх супрацоўнічаюць з расійскімі клубамі. Міністэрства адукацыі Беларусі ставіць перад сабой мэту стварыць клуб у кожным прафесійна-тэхнічным вучылішчы ў гэтым навучальным годзе.
Былая палітзняволеная Марыя Калеснікава ўспамінае, як упершыню ўбачыла па дзяржаўным тэлебачанні дзяцей дашкольнага ўзросту ў ваеннай форме. Паводле яе, распаўсюд расійскай вайсковай прапаганды быў жахлівым. «Будучыня Беларусі шмат у чым залежыць ад таго, ці будуць маладыя беларусы разумець сваю краіну як незалежную дзяржаву са сваёй гісторыяй і культурай, ці ж праз прызму савецкага мінулага і расійскіх гістарычных інтэрпрэтацый», – кажа Калеснікава.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram