1922-1928 гады, г.п. Ружаны, Замак Сапегаў . Фатограф Міхал Афанасовіч. Крыніца: Archiwa Państwowe 1-U-5494. 2. Архіў VEHA, калекцыя 'Руіны Беларусі'.
«Руіны Беларусі» — гэта фатаграфічная калекцыя VEHA, якая распавядае пра лёс нашых камяніц. У свой час усе будовы Беларусі былі пад пагрозай знішчэння — войны, нядбайнасць, дзяржаўны гвалт руйнавалі замкі і касцёлы, ратушы і цэрквы, сінагогі і хаты. Мноства іх знікла без следу на зямлі, але засталося на фотаздымках. Ёсць і выратаваныя, яны ствараюць нашае асяроддзе, увасабляюць гісторыю даўніны. Іншыя працягваюць разбурацца і патрабуюць нашай дапамогі, каб не знікнуць канчаткова.
На фотаздымках мы бачым і людзей, да гэтых камяніц датычных. Адны фатаграфуюцца на тле руін, бо хочуць дакрануцца да высакароднай даўніны ці захаваць памяць аб мілых мясцінах, а другія здзекуюцца са зруйнаваных гарадоў, куды прыйшлі як акупанты. Так фотаздымкі распавядаюць нам і пра крохкасць свету, дзе ўчорашні непахісны мур ляжыць пад нагамі, але і пра трываласць памяці, калі праз забыццё і занядбанне людзі вяртаюцца да камянёў сваёй Радзімы.
Галоўная ідэя — стварыць кнігу як даведнік, з якім можна падарожнічаць па Беларусі.
Кніга выйдзе летам 2025 у супрацоўніцтве з Galeria Arsenał (Беласток, Польшча). Ужо сабрана больш за трыста фотаздымкаў, аднак збор працягваецца. Ініцыятыва VEHA просіць дасылаць адсканаваныя фота (мін. 2500 px), зробленыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1980 гадоў, на пошту archive.veha@gmail.com (дадаўшы інфармацыю: «год? месца? каму належыць?»).
Асабліва запрашаюць далучыцца Магілёўскую вобласць, бо адтуль здымкаў паступіла найменш.
Далучайцеся, каб гісторыя вашай сям’і стала часткай візуальнай гісторыі Беларусі!
Дэдлайн: 15 сакавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram