Ініцыятыва Maldzis выкупіла карту Беларусі, створаную Аркадзем Смолічам

Ініцыятыва Maldzis выкупіла карту Беларусі, меркавана створаную Аркадзем Смолічам і надрукаваную ў Вільні ў 1919 годзе. У супрацы з выдавецтвам Gutenberg і студыяй Imago.by была падрыхтаваная і выйшла ў свет лімітаваная падарункавая копія.

Смоліч — адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай Акадэміі навук, першы прафесар геаграфіі ў БССР.

Карта Смоліча – гэта першая беларускамоўная карта нашай краіны. Паводле інфармацыі з мапы, яна была дазволеная вайсковай цэнзурай Польшчы 27 верасня 1919 года і надрукаваная ў майстэрні «N. Mac i syn» у Вільні.

Прадстаўнікі ініцыятывы Maldzis Рыгор Астапеня і Павал Мацукевіч. Фота: Аліна Мазавец

Карта мае фізічна-адміністрацыйны характар, які ў шматлікіх дэталях адпавядае падручніку «Географія Беларусі», што быў выдадзены Смолічам увесну 1919 года таксама ў Вільні.

На мапе адлюстраваная ўся тагачасная тэрыторыя пражывання беларусаў. Да асаблівасцяў мапы належыць і тое, што яна перадае спрадвечна беларускія назвы ў напісанні геаграфічных аб’ектаў: Вільня, Менск, Горадня ў выпадку гарадоў, а таксама Нямеччына і Маскоўшчына ў выпадку краін.

Карта Смоліча. Фота: Аліна Мазавец

«За савецкім часам мапа Смоліча была забароненая, бо паказвала Беларусь як незалежную дзяржаву, — тлумачыць Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы. — Яна захавалася ў некалькіх асобніках, і нам пашчасціла набыць адзін з іх. Мы радыя, што разам з партнёрамі даем магчымасць кожнаму чалавеку набыць копію і такім чынам вярнуць мапу да жыцця».

Карта Смоліча была набытая ў Польшчы ў прыватнага калекцыянера на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Дар’і Сліж і Іллі М.

У будучыні яна будзе перададзеная ў Клічаўскі краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання на радзіму карта будзе выстаўляцца за мяжой.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!