INEXKULT распачынае тэатральны сезон спектаклямі па беларускіх кніжных бестселерах

Фундацыя INEXKULT распачынае новы тэатральны сезон у Польшчы трыма адметнымі спектаклямі, створанымі паводле беларускіх кніжных бестселераў: «Шэпт» паводле аднайменнага твору Сяргея Лескеця, «Па што ідзеш, воўча?» паводле «балотнай казкі» Евы Вежнавец і «Радзіва «Прудок» паводле нашумелых дзённікаў Андрэя Горвата.

Распавядзем пра слынныя пастаноўкі больш падрабязна.

Сцэна са спектакля «Шэпт». Фота: Ксенія Васілёўкіна.

«Шэпт» прапаноўвае занурыцца ў таямнічы і, на жаль, сыходзячы свет беларускіх шаптух, якія цягам стагоддзяў лекавалі людзей зёлкамі, агнём, вадою і замовамі. Беларускі фатограф і этнограф Сяргей Лескець больш за дзевяць гадоў занатоўваў свае сустрэчы з такімі бабулямі (а шаптухамі пераважна былі жанчыны) на фотастужку ды дыктафон і назбіраў не толькі самі замовы, але і сведчанні тагачаснага жыцця, цеплыні і вясковай пяшчоты да людзей.

Святлана Анікей, Дзмітрый Лук’янчык і Міхаіл Зуй ствараюць тэатральную замову з галасоў знахарак, музыкі і мінімалістычнай сцэнаграфіі, дзе шэпт – гэта чырвоная нітка, што знітоўвае гледачоў не толькі адзін з адным, але і з сапраўднай беларускай спадчынай.

Убачыць «Шэпт» можна 28 верасня на сцэне Шэкспіраўскага тэатру Гданьска і 2 кастрычніка ў Тэрмінале Культуры Гоцлаў у Варшаве. Набыць квіткі на пастаноўкі можна тут і тут.

Сцэна са спектакля «Па што ідзеш, воўча?». Фота: Bartek Warzecha.

У 2021 годзе аповесць Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» атрымала літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця за найлепшую кнігу. Сёння яна перакладзеная на шэсць моў, а аднайменны спектакль з поспехам прайшоў у Варшаве, Беластоку і французскім Авіньёне падчас сёлетняга міжнароднага тэатральнага фестывалю.

Галоўная гераіня – Рына – мае каля 40 гадоў і прагу да алкаголю, а цяпер вяртаецца з нямецкага Дармштадту ў беларускую глыбінку, каб пахаваць старую бабулю, згадаць сваё жыццё і знайсці, прынамсі, свае карані. А, мо, і нешта большае, бо Беларусь – гэта край, дзе можна пражыць у адной вёсцы ўсё жыццё, але змяніць некалькі краін, яшчэ больш уладароў і назапасіць такі досвед, нібыта гэта ты пражыў жыццё 102-гадовай бабулі ды яшчэ і сваё. Балоты, каханне, знахарства, войны ды інстынктыўнае адчуванне сябе сваім у гэтым віры бясчасся і бязладдзя. Шматмоўны эксперымент, жаночая гісторыя, пераплеценая з гісторыяй усёй Усходняй Еўропы, гіперрэалізм і абсурд як часткі паўсядзённага жыцця – усё гэта ўвасобілася ў спектаклі, дзе сумесь жудаснага і кранальнага нікога не пакіне абыякавым. У спектаклі задзейнічаныя Яўгенія Кульбачная, Вольга Грыгараш, Святлана Зелянкоўская і Моніка Давідзюк.

Пазнаёміцца з Рынай і яе ўяўнымі і не вельмі дэманамі гледачы маюць шанец 6 кастрычніка ў Гданьску. Набыць квіткі на спектакль можна тут.

Сцэна са спектакля «Радзіва «Прудок». Фота: Dawid Linkowski.

3 лютага 2026 года ў Варшаве адбудзецца паказ «Радзіва Прудок»: культавае падарожжа ў беларускі вясковы космас па кніжным бестселеры Андруся Горвата. Некалі аўтар працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры, а потым змяніў Мінск на палескі Прудок. З дзённіку вясковых замалёвак паўстала кніга, а потым і спектакль, якія адпраўляюць беларусаў у сусвет вясковага жыцця, водар палыну ды дзядоўскіх ігруш, зорнае неба і бездань настальгіі па няўлоўным, але вельмі дарагім мінулым. Адчуць сябе часткай гэтага чароўнага сусвету дапамагаюць неймаверныя Святлана Анікей, Міхась Зуй і Зміцер Есяневіч.

Квіткі на пастаноўку, якая будзе ісці ў Terminal Kultury Gocław, можна набыць тут.

Для аматараў планаваць усё загадзя INEXKULT прапануе ўжо сёння і да канца 2025 года набыць квіток на «Радзіва Прудок» са зніжкай 25% па прамакодзе INEX2025.

Таксама ёсць спецыяльная прапанова адмыслова для жыхароў Труймяста: комба-квіток адразу на 2 спектаклі — «Шэпт» паводле Сяргея Лескеця (28 верасня) і «Па што ідзеш, воўча?» па аповесці Евы Вежнавец (26 кастрычніка) — у партэры Гданьскага Шэкспіраўскага тэатра ўсяго за 130 zł. Набыць квіткі адразу на абодва спектаклі ў Гданьску можна тут.

Фундацыя INEXKULT створаная для падтрымкі беларускай тэатральнай і музычнай культуры і прапаноўвае прадзюсарскае суправаджэнне культурніцкіх, адукацыйных і сацыяльных праектаў, скіраваных на беларускую культуру і яе інтэграцыю ў еўрапейскае культурнае асяроддзе.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!