#InDaChata у падляшскай стадоле: у Студзіводах збіраюць артыстаў памежжа на фестываль Barn+Field

Ужо гэтымі выходнымі Бельск-Падляшскі стане галоўнай кропкай прыцягнення для тых, хто шукае сустрэчы сучаснага мастацтва з архаічнымі вытокамі. На бясплатным фестывалі Barn+Field у гістарычным мікрараёне Студзіводы беларускія Kasary заспяваюць традыцыйныя песні, а дуэт Swåda x Niczos «запаліць» стадолу новай версіяй свайго сэту. Расказваем, чаму варта з’ездзіць у Студзіводы 28–29 жніўня.

Арганізатары імпрэзы робяць асаблівы акцэнт на мясцовай спадчыне ды культуры памежжа, пераасэнсаванай праз сучасную оптыку. У пятніцу праграму адкрые выступ гурта Żemerwa ў Музеі Малой Айчыны ў Студзіводах, пасля чаго артысты пройдуць святочнай хадой ад Музея проста да галоўнай фестывальнай пляцоўкі.

Ужо паводле добрай традыцыі вечарам у стадоле зайграюць Swåda x Niczos — дуэт, які задае трэнды ў рэгіёне, прыязджае на Barn+Field трэці год запар і сёлета прэзентуе абноўленую версію сваёй праграмы #InDaChata Set.

Фота: сацсеткі фэсту.

У суботу на сцэне з’явіцца беларускі гурт мужчынскага традыцыйнага спеву Kasary, а поруч з імі выпрабуюць сцэну і прадстаўнікі маладой альтэрнатыўнай хвалі: Jann, Baasch, Dominika Płonka, Mandzik, Fiołek & Aleksandra Łapińska, Świtała & DJ CBH ды іншыя творцы.

Паміж канцэртнымі сэтамі наведвальнікі змогуць паглыбіцца ў лакальную гісторыю ды рамёствы. У праграме фестывалю запланаваныя шпацыры па Студзіводах з заснавальнікам Музея Малой Айчыны Дарафеем Фіёнікам, майстар-класы па ганчарстве і ткацтве на традыцыйных кроснах, кінапаказы ў Музеі і нават адмысловы гастранамічны пункт з іранскай кухняй.

Як адзначае адзін з арганізатараў фестывалю Максім Фіёнік, Barn+Field — гэта прастора для сустрэчы сучаснага мастацтва з жывымі фальклорнымі вытокамі Падляшша.

Уваход на падзею вольны. Падрабязнасці тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!