ІнБелКульт 2.0 распачаў працу па падрыхтоўцы Першага кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі

Платформа для творчых, адукацыйных, выдавецкіх і навуковых працэсаў — Інстытут беларускай культуры (ІнБелКульт 2.0 / Inbelkult 2.0) распачаў падрыхтоўчы этап да Першага кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі.

Плануецца, што будучая падзея, арганізатарам якой выступае ініцыятыва, заснаваная Галінай Казіміроўскай, Алінай Коўшык і Ганнай Радзяёўскай, пройдзе ў чэрвені 2023 года ў Варшаве.

Кангрэс бачыцца як сумесная праца розных культурніцкіх панэляў, у межах якіх беларускія дзеячы культуры ў эміграцыі, прадстаўнікі беларускіх арганізацый і лідары суполак, якія займаюцца культурнымі праектамі, творцы абмяркуюць бягучыя праблемы і пытанні, што хвалююць культурніцкую супольнасць.

Так, у рамках падрыхтоўчага працэсу да Кангрэсу ўжо ў сакавіку-красавіку ў Варшаве плануецца правесці серыю фокус-груп панэляў.

ІнБелКульт 2.0 запрашае да ўдзелу мастакоў, музыкаў, фалькларыстаў, літаратараў, рэжысёраў, акцёраў, кампазітараў, крытыкаў, рэдактараў, журналістаў, — рыхтуецца серыя з пяці сустрэч.

Так, 18 сакавіка рыхтуецца праца Тэатральнай панэлі — запрашаюцца акцёры, рэжысёры, сцэнарысты, працаўнікі сцэны, тэатральныя крытыкі, прадзюсеры, менеджары.

1 красавіка запланавана Музычная панэль — будуць рады ўдзелу ў ёй музыкаў, кампазітараў, дырыжораў, музыказнаўцаў, настаўнікаў музыкі, музычных крытыкаў.

2 красавіка працу пачне Панэль візуальнага мастацтва. Чакаецца прысутнасць візуальных і аўдыявізуальных мастакоў, якія працуюць з любымі медыя, арт-куратараў, арт-крытыкаў, гісторыкаў i тэарэтыкаў мастацтва, арганізатараў мастацкіх выставак, галерыстаў, арт-эдвайзераў, дызайнераў, зацікаўленых у прадстаўленні і прасоўванні беларускага мастацтва на міжнароднай арт-сцэне.

Літаратурная панэль адбудзецца 22 красавіка. Запрашаюць далучыцца пісьменнікаў і паэтаў; выдаўцоў; перакладчыкаў; крытыкаў; рэдактараў; літаратуразнаўцаў і мовазнаўцаў; журналістаў, якія асвятляюць пытанні і праблемы мовы і літаратуры, стваральнікаў літаратурных аплікацый і ўсіх тых, хто мае непасрэднае і ўскоснае дачыненне да літаратуры.

23 красавіка завершыць серыю фокус-групаў сустрэч Фальклорная панэль. Яе ўдзельнікамі бачаць вакалістаў і музыкаў-інструменталістаў; танцораў; навукоўцаў-даследчыкаў, этнографаў, якія займаюцца зборам фальклорных матэрыялаў і агульным захаваннем беларускіх традыцый; рамеснікаў усіх напрамкаў, рэжысёраў-пастаноўшчыкаў народных свят і абрадаў, стваральнікаў аплікацый, прастор і платформ для знаёмства з беларускім народным мастацтвам і ўсіх тых, для каго беларускі фальклор стаў часткай жыцця.

Больш падрабязная інфармацыя пра час і месца правядзення панэляў з’явіцца ў бліжэйшы час.

Для ўдзелу ў працы панэляў просяць запоўніць гугл-форму.

Гэтаксама ІнБелКульт 2.0 запрашае да партнёрства арганізацыі і асобаў — звязацца з ініцыятывай можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!