«Іерархіі адпалі, і гэта класна»: пра будучыню беларускага мастацтва паразважалі ў Варшаве

Падчас Салона Банка Ідэй, што адбыўся ў Варшаве, паразважалі пра магчымасці, выклікі і будучыню беларускага мастацтва ў свеце. У дыскусіі і прэзентацыях прымалі ўдзел куратарка Вольга Мжэльская, пісьменнік Цімур Кудзеліч, рэжысёр Аляксей Палуян і мастачка і спявачка Анастасія Рыдлеўская. Мадэраваў дыскусію культуролаг Максім Жбанкоў.

Распачалася праграма серыяй кароткіх выступаў, прысвечаных выяўленчаму мастацтву, літаратуры, кіно і музыцы.

Вольга Мжэльская. Фота: reform.news

Мастакоў у эміграцыі шмат, але інфраструктура няўстойлівая

Куратарка Вольга Мжэльская закранула тэмы выбудоўвання інфраструктуры беларускага мастацтва, якой у Беларусі, уласна, ніколі і не было. Бо калі паглядзець, як яна выбудоўвалася, то лёгка ўбачыць разрывы і руіны. У 2020-м гэта сітуацыя стала гіперрадыкальнай – знікла не толькі вялікая колькасць пляцовак, але і цэлыя «кавалкі інфраструктуры», якія трымаліся на асобных людзях, што пасля 2020-га ці выехалі, ці былі рэпрэсаваныя.

Парадаксальна, але, магчыма, наша арт-супольнасць змагла захавацца дзякуючы гэтай інфраструктурнай слабасці, таму што ў нас ніколі не было адзінай вялікай сістэмы інстытуцый, а была сістэма ініцыятыў, якая трымалася на асабістых кантактах. І ва ўмовах эміграцыі – нібы ртуць – усе гэтыя навыкі ўзнавіліся.

З аднаго боку, у гэтым наша сіла, з іншага – гэта не надта працуе ў доўгай перспектыве, бо каб мастацкае поле працягвала існаваць, патрэбныя ўстойлівыя ўзаемасувязі. І рэсурсы.
Беларускае мастацтва за мяжой працягвае развівацца праз дробныя супольнасці і ў адсутнасці хоць якой-небудзь галерэі сучаснага мастацтва, не кажучы ўжо пра музей ці нейкія інстытуцыі, як, напрыклад, Інстытут Гётэ ці Адама Міцкевіча.

«То-бок, – падсумоўвае Вольга Мжэльская, – беларускага мастацтва рэальна цяпер за межамі Беларусі вельмі шмат, гэтага не было раней ніколі. Але інфраструктура ўсё роўна працягвае трымацца на пэўных людзях, і гэта вялікая няўстойлівасць. У выніку атрымліваецца так, што калі аднаго чалавека выняць з гэтага, усё, што заўгодна, можа здарыцца. Разбурацца цэлыя пласты і кавалкі інфраструктуры. І ў гэтых умовах мастакі выбіраюць розныя стратэгіі для сваёй кар’еры». Многія абапіраюцца на польскія інстытуцыі. І тым, зусім маладым мастакам, якія толькі вучацца ці шукаюць свой шлях і трапляюць у арт-сістэму тых краін, дзе яны жывуць, з чым ім сябе асацыяваць. «Як зрабіць так, каб яны адчувалі сябе часткай беларускага культурнага поля?» – пытаецца куратарка.

Цімур Кудзеліч. Фота: reform.news

«Белліт ніхто не чытае!»

Выступ пісьменніка Цімура Кудзеліча пад назвай «Белліт ніхто не чытае. Ці можна нешта зрабіць?» быў заяўлены як самы песімістычны. Прагноз выступоўцы наступны: праз дзесяць гадоў у польскіх выдавецтвах будзе выдавацца пару беларускіх кніжак некалькі разоў у год.

Ці можна з гэтым штосьці зрабіць?

Каб развівацца, нам трэба прыняць той факт, што крызіс сістэмны, што праблема «не толькі ў тых, хто бʼе нас дручкамі». І што нашая надзвычайная сітуацыя патрабуе надзвычайнай цвярозасці, кемлівасці і здольнасці да эксперыменту.

Цімур Кудзеліч мяркуе, што шанец развівацца беларуская літаратура мае толькі ўнутры Беларусі. Але праблема ў тым, што белліт нібыта адзін, а паліцы дзве і кніжкі на іх толькі зрэдчас аднолькавыя. Замовы на «вялікую зямлю» з эмігранцкіх выдавецтваў сталі зусім мізэрнымі. Таму «даводзіцца нам тут прадаваць адны і тыя ж кнігі ці новыя кнігі па коле тым жа самым людзям. Але гэтае кола толькі звужаецца. Яно дакладна не становіцца шырэйшым».

Якое выйсце з гэтай сітуацыі, калі «наш белліт выбег з СІЗА і пабудаваў сабе казарму». У гэтай казарме ёсць неблагія тэксты, а проста благія пакрытыкаваць мы не можам, – тлумачыць прамоўца. «А таму, што калі пачнем, то адразу зробімся ворагамі і кожнаму аўтару. Ды і няма дзе іх крытыкаваць. У нас проста элементарна няма пляцоўкі для гэтага».

Аднак сапраўдная літаратура патрабуе рызыкі, хаця б мінімальнага выкліку – эстэтычнага, інтэлектуальнага, ідэйнага, моўнага. Літаратура павінна мець права выглядаць недарэчна, няправільна, бо з гэтай няправільнасці нараджаюцца новыя сэнсы. Праўда, для таго, каб быць няправільным, трэба наважыцца. А ўмовы ў нас не заўсёды камфортныя.

Ну і пагатоў на эміграцыі хочацца зачапіцца за звычайную сістэму каардынат. «Але тут зноў жа, сістэма каардынат больш не існуе, і тваё жаданне за яе зачапіцца ніякага дачынення да мастацтва не мае. І пакуль мы будзем гэта ігнараваць, пакуль мы будзем ігнараваць новую рэчаіснасць, у якой аказаўся белліт на эміграцыі, нас будуць чытаць усё менш».

Белліту бракуе гнуткага культурнага мэнеджмэнту і смелых аўтараў. Аўтарам давядзецца дбаць пра сябе самастойна. «Спачатку, мне здаецца, трэба цвяроза вызначыцца для ўсіх, для чаго гэта ўсё. Калі хочаце заставацца ў андэграўндзе, рэспект. Я сам там. А калі хочаце падабацца журы, ок, вы не першыя. Але калі вы хочаце, каб вас сапраўды чыталі, то трэба варушыцца», – падсумоўвае Кудзеліч.

Аляксей Палуян. Фота: reform.news

Незалежнае кіно ў еўрапейскай кінаіндустрыі і вымушаныя кампрамісы

Аляксей Палуян расказаў пра беларускае кіно ў Еўропе. Ён назваў пяць фільмаў, якія знайшлі «яскравае месца» на міжнародных кінафестывалях. Два з гэтых фільмаў мелі прэмʼеру на Берлінскім міжнародным кінафестывалі. Адзін фільм меў прэмʼеру на венецыянскім кінафестывалі і два фільмы былі намінаваны на Еўрапейскую кінаакадэмію. Гэта дакументальны фільм самога Палуяна «Кураж», «Бацькаўшчына» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі, мастацкі фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі і «Лісты» Андрэя Куцілы.

Усе гэтыя праекты не атрымалі з Беларусі ніякай падтрымкі і таму зʼяўляюцца еўрапейскімі, бо ў іх укладзены еўрапейскія грошы.

І працэс інтэграцыі беларускіх аўтараў ужо ідзе, але пытанне, куды і як шырака.

Некаторыя з гэтых аўтараў ужо працуюць над новымі праектамі ўжо з новымі еўрапейскімі прадзюсарамі, што азначае, што людзі пачынаюць шукаць сваё месца «пад гэтым еўрапейскім сонцам».

Каб больш падрабязна патлумачыць усе дэталі інтэграцыі, Аляксей Палуян спыніўся на працэсе вытворчасці кінапраекта. Першы крок — гэта калі аўтар прэзентуе або пітчынгуе свой праект прадзюсару. У выпадку пазітыўнага пітчынгу еўрапейскі прадзюсар мусіць запытаць самога сябе «Чаму я, польскі, нямецкі, чэшскі кінапрадзюсар, мушу адабраць гэту беларускую гісторыю і інвеставаць свае пяць-шэсць гадоў жыцця, шукаючы фінансаванне гэтаму праекту. І ці вартыя таго?» Пасля таго, як знойдзены прадзюсар, пачынаецца пошук фінансавання. Пасля – вытворчасць і постпрадакшн. І праз шэсць гадоў мы маем прэмʼеру фільма.

«І тут прыходзім да самага цікавага пункту сённяшняй размовы: гэта кампрамісы, – кажа Палуян. – На якіх кампрамісы мы, беларускія незалежныя аўтары, гатовыя пайсці, каб адолець гэты шлях пяці-шасці гадоў? Мне падаецца, было б шчыра, калі б я расказаў са свайго пункту гледжання, таму што я акурат зараз праходжу гэты шлях. Калі быць вельмі шчырымі, кампрамісаў вельмі шмат. Першы: ці гатовы ты прыняць умовы праддзюсара і граць па ягоных правілах гульні? Гэта пра тое, што ты мусіш перапісваць і працаваць над сцэнаром некалькі гадоў.

Таксама ты мусіш разумець, чым ты можаш, акрамя моцнага сцэнара, зацікавіць гэтую індустрыю. І гэта міжнародная каманда. Ці гатовы ты, як беларускі аўтар ці аўтарка, працаваць з міжнароднай камандай? Гэта адзначае, што, магчыма, акрамя цябе, больш беларускіх аўтараў і мастакоў не будзе.

Наступны кампраміс – гэта гісторыя. Як зрабіць, што твая гісторыя будзе не толькі моцнай і не толькі прадзюсары гатовы будуць інвеставаць свае гады жыцця, але яна будзе цікавай еўрапейскім гледачам. Чаму пэўны немец, чэх, славак ці паляк мусіць выдаткоўваць свае грошы, якія яны плацяць на падаткі, на беларускую гісторыю. І тут пачынаецца самае цікавае: калі твая гісторыя змяняецца, ты становішся закладнікам гісторый. Я расказваю пра праект, над якім я працую ўжо сем гадоў. І зараз я працую над дзявятай версіі сцэнара, каб вы разумелі. Я паспеў за гэтыя сем гадоў пабрацца шлюбам, развесціся, пераехаць з аднаго гораду ў другі. А фільма яшчэ няма. Я вырашыў пачаць пазітыўна і скончыць таксама пазітыўна. Усё ж такі гэты шлях таго варты. Таму што, калі я пачынаў, я пачынаў я з пяці праектаў, якія былі рэалізаваныя, то сёння, калі кажаш у міжнароднай кінаіндустрыі «Я з Беларусі», людзі пра іх гавораць. І мне здаецца гэты прыклад не пра поспех, а пра вытрымку і характар.

Анастасія Рыдлеўская. Фота: reform.news

Як ствараць музыку без лэйблаў і менеджараў

Спявачка Анастасія Рыдлеўская на ўласным прыкладзе патлумачыла, як займацца музыкай «без лэйблаў, без мэнеджараў, без прадзюсараў, без грошай, наогул без нічога».

Яна не ў індустрыі і нават не ведае, як туды патрапіць, аднак выпусціла ўжо 48 песняў, якія сама напісала і спрадзюсавала.

Прычым, алгарытмы, якія нібы дапамагаюць гэтую музыку прамоўціць, у яе выпадку не працуюць, і Анастасія Рыдлеўская дасягае поспеху насуперак гэтым алгарытмам.

Як стварыць песню? Па ідэі, вам патрэбна студыя, вам патрэбныя грошы на гэтую студыю. Затым вам трэба абсталяванне. Добра, гэта будзе ўсё ў студыі, потым вам патрэбен майстэрынг-інжынер, які ўсё гэта звядзе. Потым вам патрэбен бюджэт на маркетынг, вам трэба рабіць розныя відэа, прадакшн, прамоўшэн і ўсё іншае. Вам патрэбна сапраўды добрая каманда, якая разумее, як зрабіць вірусны відос. Паралельна вам трэба пічыць сваю песню, вам трэба рабіць прэс-рэлізы. Потым вам трэба абавязкова займацца тым, каб падавацца на розныя шоў-кейсы на фестывалі.

«А дзе ўзяць на гэта грошы? – запытвае спявачка. – Вось у мяне гэтых грошай няма. Я працую як мастачка, і таму я вырашыла рабіць гэта ўсё сама. Першыя свае два альбомы я запісала і звяла на ледзь жывым ноўтбуку. Я запісала першыя два альбомы на адзін з самых танных мікрафонаў, якія можна было знайсці. Я выкарыстала Цік-ток і Instagram, каб прасоўвацца. І нейкім цудам мяне сталі клікаць на выступы. Потым мяне сталі клікаць на шоў-кейсы, і польскія, і нават французскія. І я гэта ўсё вяду да таго, што алгарытму, як аказалася, і праўда няма. Але нават калі няма алгарытму, калі ў вас няма грошай, каб гэта рабіць, гэта не прычына здавацца. Працы будзе велізарная колькасць, проста неверагодная колькасць.

У мяне цяпер выйшаў альбом, і праца толькі пачынаецца: яго трэба паказваць, трэба падавацца… А як цяжка сутыкацца з пастаяннымі, бясконцымі адмовамі. Два гады падаешся на ўсе шоў-кейсы фестываляў, а табе толькі: «Unfortunately, we love your music, but no». Кожны раз «не, не, не»» Але паралельна ж атрымліваецца нешта. І мне здаецца, што музыка гэта як раз тая форма мастацтва, якая можа існаваць і прарвацца без інстытуцый, без інфраструктуры».

«Мне здаецца, што беларуская музыка сапраўды можа стрэліць, – упэўненая Анастасія. – У мяне самая праслухоўваемая песня «Dance on My Own», якая напалову напісана на англійскай і напалову на беларускай мове. Дык вось, аўдыторыя гэтай песні – амерыканцы, на другім месцы – французы, на трэцім месцы – немцы, на чацвёртым месцы – Польшча і Беларусь. І ў асноўным слухаюць, каментуюць, дадаюць плэйлісты не беларусы. Калі глядзець па статыстыцы, то гэта замежныя слухачы. І ім падабаецца, яны пішуць: «What is this?« і я ім адказваю »The Belarusian language, belarusian culture«. «Waw, this is amazing». Я гэта вяду да таго, што пабыўшы і мастачкай, дзе трэба плаваць у гэтым інфраструктурным акіяне, і пабыўшы музыкам, мне здаецца, музыка гэта якраз тая сфера, якая можа і стрэліць, і гучаць на ўвесь свет, і быць пачутай, і проста, і быць адначасова і ў Беларусі, і па-за Беларуссю».

Дыскусія ў нефармальнай атмасферы. Фота: reform.news

Інтэграцыя, інтэрвенцыя, мутацыя

Напачатку вялікай дыскусіі культуролаг Максім Жбанкоў падсумаваў выступы.

Размова ішла пра тры вельмі розныя рэчы: «Як зрабіць так, каб цябе палюбіў народ?». «Як зрабіць, каб табе прадзюсары знайшлі грошы?». «І што нам рабіць з нашымі разарванымі асобамі, з нашай самасвядомасцю? І як самім сябе пачуць ва ўсім гэтым варʼяцкім джазе?»

Гэтыя тры тэмы, якія ніяк паміж сабой не перасякаліся, і ёсць тры вымярэнні нашай гісторыі.
Калі мы спрабуем шукаць для сябе нейкія глабальныя перспектывы, у нас тры шляхі, якія таксама прагучалі ў выступах як пэўныя стратэгіі поспеху: інтэграцыя, інтэрвенцыя (калі ты прыходзіш са сваёй гульнёй і навязваеш яе мясцовай супольнасці) і культурная мутацыя – самы яркі і моцны варыянт.

«Таму што самае пошлае, самае бессэнсоўнае, што можна зрабіць, гэта замкнуцца ў рамках свайго беларускага гета. Разумееце, гэта вельмі выдатна, але з гэтага нічога не вынікае, ад гэтага дзеці не зʼяўляюцца. Я кажу пра культуру, зразумела», – падагульняе Жбанкоў.

 Што ж насамрэч змянілася?

Што гэта быў за час пасля 2020-га, што гэтыя гады далі, што аднялі, спытаў ва ўдзельнікаў дыскусіі Максім Жбанкоў.

«Калі разважаць не толькі пра кіно, але агулам пра беларускую культуру, то думаю, што больш цвярозасці стала, больш даросласці. Менш інфантыльнасці. Я гэта адчуваю ў сваіх калегаў кіношнікаў, – адказаў Аляксей Палуян. – Мы захавалі самі сябе, працуюць тыя ж аўтары, толькі яны ў эміграцыі, у гэтым працэсе пошуку фінансавання і гэтак далей, але яны засталіся свежымі, актуальнымі і сваімі. Гэта тое, што было важна не згубіць».

«Найперш мы набылі новыя магчымасці, – мяркуе Вольга Мжэльская, – разбурыліся пэўныя іерархіі, якія былі ў нашым мастацтве ўнутры Беларусі, калі табе абавязкова пальцам паказвалі, дзе тваё месца і што ты можаш рабіць, а што ты не можаш рабіць. А калі ты выязджаеш, ты можаш усё, што заўгодна, і табе ніхто не скажа, што ты недастатковая куратарка, няправільна робіш буйныя праекты з беларускімі і польскімі мастакамі, з польскімі зоркамі, якія цябе падтрымліваюць. І табой размова ўжо іншая».

Анастасія Рыдлеўская расказала пра тое, што толькі тут рэалізавалася як музыка, бо ўсе абмежаванні, якія былі ў Беларусі і ў яе галаве, зніклі: «Я ўсё жыццё марыла займацца музыкай і пісала песні з сямі гадоў. Але калі жыла ў Беларусі, думала, што ў мяне толькі два шляхі: альбо я еду ў Расію і выступаю там, чаго я не хацела рабіць наогул, або іду на які-небудзь «Голас», Х-фактар. Я на гэта глядзела з такім жахам! Я проста думала «Божа мой, я не хачу туды. Але як па-іншаму? Я не ведаю беларускага шоў-бізнесу. Божа мой, які жах!» І я не ведала, што мне рабіць. І таму я не бачыла ніякага варыянту развіцця. А тут я прыехала і зразумела, што ў мяне няма нічога. Наогул нічога і нікога няма. Гэта ачмурэнна! Калі нікога няма, значыць, я буду рабіць усё сама. Я пачала рабіць усё сама. Дагэтуль не ведаю, як гэта атрымліваецца, але чамусьці атрымліваецца».

«Перамагаюць мутанты, тыя самыя яшчаркі, у якіх адарвалі хвост, і адрастае ён ужо іншага колеру і іншай формы», – падагульніў Жбанкоў.

Аляксей Палуян, Цімур Кудзеліч і Максім Жбанкоў. Фота: reform.news

Хто мусіць плаціць за беларускую культуру?

Адказы на гэтае пытанне залежаць ад відаў мастацтва. У выяўленчым – беларускі бізнес, але так не атрымліваецца і беларускі твор хутчэй набудзе польскі пакупнік. За фільм – Міністэрствы культуры і замежныя кінафонды. Музыкам за канцэрты – у ідэале слухачы. А ўвогуле за музыку – калі яна цікавая, незалежна ад таго, на якой мове ты спяваеш? Выйсце – стрымы. За літаратурны твор – зноў у ідэале – выдавецтвы, што ў нашай сітуацыі нерэальна. Таму зазвычай плацяць бізнесмэн, на якога літаратар працуе на асноўнай працы. У межах нейкіх праектаў можна карыстацца грантавай падтрымкай. Але арыеціырам для выдавецтва мусіць быць бізнес-мадэль: то-бок кніжкі мусяць акупаць сябе самі, тады чытач будзе плаціць за гэтыя кнігі, а не нейкі праект. І калі гэта будзе развівацца, а то ў тэорыі выдавецтвы аднойчы змогуць плаціць аўтарам.

Анастасія Рыдлеўская і Вольга Мжэльская. Фота: reform.news

Глабальны дыялект універсальнага гіпермаркета і беларускі кантэкст

Усе расказаныя тут гісторыі былі пра ўваход у еўрапейскі кантэкст. Максім Жбанкоў упэўнены, што «наш улюбёны сюжэт пра тое, што там, у краіне, засталіся нашыя людзі, якія прагнуць нашых культурніцкіх тэкстаў і хочуць нашых кніжак, якія мараць убачыць нашыя стужкі, якія проста начамі не спяць, каб набыць чарговы Насцін альбом і гэтак далей, – гэта ўсё фантомныя рэчы, бо няма ўжо гэтай публікі, няма гэтай запатрабаванасці. І арыентацыя нашая ў шырокім сэнсе, у добрым сэнсе гэтага слова, зусім іншая, але гэта нармальна. Таму, што мы тут посткраіна, то што мы пост-Беларусь, гэта не антыбеларускасць, гэта яе іншае вымярэнне. Гэта глабальны дыялект гэтага ўніверсальнага гіпермаркета, і мы ў ім частка.

Мы спрабуем зразумець універсальныя культурніцкія коды, спрабуем быць шматмоўнымі і полістылістычнымі – гэта ўсё новыя вымярэнні нашага існавання.

Мова ў нас крыху іншая, оптыка крыху іншая, стаўленне да рэчаў… І таму проста так прыйсці ў Беларусь і сказаць: слухайце, у нас тут для вас шыкоўная тэма, вам спадабаецца. Мы ведаем, што вам будзе ў кайф. Гэта будзе няшчыра. Гэта будзе няпраўда».

Цімур Кудзеліч расказаў, як нядаўна напісаў новую кніжку, у якой яму давялося скарачаць і прыбіраць усё, што тычылася сюжэту ў Менску, бо ён зразумеў, што мінуў час і ён больш не можа «пісаць актуальна пра Беларусь. На нейкім узроўні рука не хоча, атрымліваецца «клюква».

Анастасія Рыдлеўская, па адукацыі філолаг, згадала паняцце «гібрыднай ідэнтычнасці», характэрнага для посткаланіяльнай літаратуры. Для яе важна звяртацца да асабістых гісторый. Яна расказала, што для міжнароднага фестывалю ва Уроцлаве зрабіла велізарную тэкстыльную работу пад назвай «Дэзынтэграцыя», для якой сшыла 100 галоў лялек. Але палякі счыталі твор як «беларускую працу пра Беларусь», і ў абмеркаванях твора шмат было ўвагі менавіта да тэмы беларускасці, палітзняволеных, чаго аўтарка туды не ўкладала. «Але так аказалася, што гэта таксама беларускі твор. І мне здаецца, так яно і працуе: ты проста ўсмоктваеш, выяўляеш гэтую прастору, і яна жыве як беларуская культура. І гэта цудоўна!», – падсумавала мастачка.

Аляксею Палуяну часта дагэтуль пішуць людзі, якія жывуць у Беларусі, што яны выязджаюць на час з краіны і хочуць паспець паглядзець яго фільм. Пытаюцца, ці ёсць такая магчымасць зрабіць гэта ў Літве ці Польшчы?

Шмат знаёмых рэжысёра, якія выязджаюць улетку на нейкія канцэрты ці фестывалі, імкнуцца нешта паспець паглядзець, прачытаць і сустрэцца з сябрамі, таму што там «нічога не хапае».

«У краіне ёсць пэўная колькасць «баблаў», якія жывуць дагэтуль думкамі пра нашу беларускую, магчыма «баблаўскую» культуру», – падсумоўвае рэжысёр.

Слоўнік Насовіча. Фота: maldzisworldby

Напрыканцы Салону Банка Ідэй Рыгор Астапеня прэзентаваў слоўнік Івана Насовіча, які арганізатар імпрэзы  ініцыятыва MALDZIS вяртае беларусам і беларускам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram