Хто трапіў у кароткі спіс Прэміі Алеся Адамовіча? Разбіраем аўтараў і іх творы

Беларускі ПЭН да дня нараджэння выдатнага пісьменніка і публіцыста апублікаваў кароткі спіс Прэміі імя Алеся Адамовіча. У шорт-ліст увайшлі шэсць праектаў — ад беларускамоўнага посткіберпанку і сатырычных раманаў да палявых радыёрэпартажаў, жаночай эсэістыкі і дакументальных аповедаў пра пакаленне свабоды.

Ужо на працягу трыццаці гадоў прэмія адзначае творы, якія становяцца важным, рэзанансным і сумленным голасам свайго часу. Сёлетняе абвяшчэнне фіналістаў мае адмысловае значэнне: яно дае афіцыйны старт юбілейнаму году падрыхтоўкі да 100-годдзя з дня нараджэння Алеся Адамовіча, якое будзе адзначацца ў 2027 годзе.

Прадстаўляем шасцёрку шортлістараў Прэміі.

  • «Свабода як біяграфія» — Сяргей Сашук

Васемнаццаць глыбокіх гутарак з інтэлектуаламі, праваабаронцамі, журналістамі і творцамі, якія сталі сведкамі і ўдзельнікамі перамен у Беларусі апошняга паўстагоддзя. Выданне стала плёнам прэміі «Голас пакалення свабоды» (заснаванай Беларускім ПЭНам, «Вясной», БАЖ, Прэс-клубам Беларусь і «Свабоднай прэсай Усходняй Еўропы»). Кніга створана як суцэльны аповед, дзе індывідуальныя досведы складваюцца ў агульны партрэт пакалення.

Цікавосткі:

Сярод лаўрэатаў прэміі і герояў кнігі — Зоя Белахвосцік, Генадзь Верацінскі, Уладзімір Вялічкін, Аляксандр Гарцуеў, Алег Груздзіловіч, Наталля Дуліна, Максім Жбанкоў, Андрэй Завадскі, Аляксандр Капуцкі, Валерый Карбалевіч, Аляксандр Класкоўскі, Зося Кустава, Любоў Лунёва, Віктар Марчук, Тамара Мацкевіч, Уладзімір Мацкевіч, Ірына Сухій і Сяргей Сыс.

Выданне фіксуе працэс фармавання новай беларускай грамадзянскай свядомасці праз асабістую памяць і рэфлексію стваральнікаў грамадзянскай супольнасці.

  • «Дубовые яблочки» — Вольга Касцюк (выдавецтва Skaryna Press)

Шчыры і смелы праект асабістага летапісу ды медытацыі пра шматаблічча сям’і, дзяцінства, сталасць, жаноцкасць і мацярынства. Героі апавяданняў не звязаныя паміж сабой, але іх паядноўвае адзінае мінулае і пошук новага дома. Аўтарка жыве ў Новай Зеландыі (Аатэароа) і ў сваёй творчасці закранае тэмы фемінізму, дэкаланізацыі і моўнай тоеснасці.

Цікавосткі:

Кніга пачынаецца па-руску, а заканчваецца на беларускай мове і роднай для аўтаркі паляшуцкай гаворцы.

У адных гісторыях чытач адразу пазнае вядомых постацей, а ў іншых бачыць самога сябе, сваіх сяброў ці суседзяў.

  • «Іду да вас, людзі» — укладальніца і рэдактарка Алена Казлова (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)

Анталогія эсэ, прысвечаная тэме суседства ў шырокім і вузкім сэнсе. У кнізе сабраныя развагі 18 сучасных беларускіх аўтарак — як тых, хто застаецца ў Беларусі, так і тых, хто быў вымушаны з’ехаць за яе межы праз палітычныя рэпрэсіі. Пісьменніцы рэфлексуюць пра культуру зносін і побыту, суіснаванне з іншымі культурамі і ўласную беларускую ідэнтычнасць.

Цікавосткі:

Сярод аўтарак зборніка — Юля Арцёмава, Таня Арцімовіч, Тафіля Багач, Віка Біран, Ліна Брык, Ева Вежнавец, Вольга Валошкіна, Стэфа Лісоўская, Наста Захарэвіч, Югася Каляда, Зараслава Камінская, Марыя Лапо, Мілана Лявіцкая, Марыя Пархімчык, Ксенія Май, Юлія Чарняўская, Вольга Шпарага, Ганна Янкута.

Як знак сучаснага палітычнага крызісу, некаторыя пісьменніцы з меркаванняў бяспекі публікуюцца пад псеўданімамі, а біяграфічныя звесткі пра іх у зборніку адсутнічаюць.

  • «Памяць у Свіслачы» — Юрка Ляшчынскі, Якуб Сушчынскі (выдавец/платформа: Беларускае Радыё Рацыя)

Дакументальны рэпартаж і палявое даследаванне, прысвечанае Свіслачы як асабліваму і драматычнаму месцу на мапе Беларусі. Аўтары даследуюць горад як прастору, дзе сутыкаюцца дзве сілы: дух нацыянальнай барацьбы і вальнадумства з аднаго боку і дзяржаваахоўніцкае насаджэнне афіцыйнай ідэалогіі — з другога.

Цікавосткі:

Журналісты адпраўляюцца на прысады «Славы Свіслачы» і праз размовы з мясцовымі жыхарамі фіксуюць, як змяняецца ставленне да гісторыі ва ўмовах рэпрэсій.

Рэпартаж глыбока аналізуе Свіслач як асноўны цэнтр захавання памяці пра паўстанцаў 1863 года і постаць Кастуся Каліноўскага.

  • «Пентаквантар» (у 2-х тамах) — Арцём Шуканаў (выдавецтва Gutenberg Publisher)
Прэміі — 3

Аўтарскі дэбют і маштабны тэхнатрылер у жанры посткіберпанку. Твор заяўлены як жывы, сучасны, тэхнічны і хардкорны прыгодніцкі саенс-фікшан, напісаны «чалавекам для людзей». Раман ідзе па слядах «Крыптаномікону» ды «Лавіны» Ніла Стывенсана, несучы ў сабе выраразныя ўплывы «Штама Андрамеда» Майкла Крайтана і «Нэйрамансера» Уільяма Гібсана.

Цікавосткі:

Сюжэт разгортваецца ў будыйскіх святынях Лаоса, на неонавых вуліцах Кіёто, у бетонных джунглях Мінска-3 на межах Інтэрмарыуму, на Мальдывах, а праз касмічны ліфт «Чырвоная Плюмерыя» героі накіроўваюцца да планеты Джуніпер.

Аўтар задаўся пытаннем «А што я зрабіў у свае гады для кіберпанку?» і стварыў эпічную беларускамоўную фантастыку з размахам.

  • «Эйфарыя» — Марыя Пархімчык

Дынамічны і фантасмагарычны раман пра прыгоды на «IT-востраве ў цэнтры Европы». Сюжэт разгортваецца вакол журналіста Пітэра Уордсварта, який хоча зрабіць яскравы матэрыял пра «змрочную рэспубліку», і Кацярыны Фёдараўны — мастацкай кіраўніцы танцавальнага калектыву, якая прыехала выступіць на свяце ўраджаю. Але ўсё ад пачатку ідзе не па плане, і героі апынаюцца ў віры небяспечных выпрабаванняў, за якімі нехта стаіць.

Цікавосткі:

Разам з героямі чытач патрапіць на юбілей народнага артыста, зазірне ў цэнтр псіхічнага здароўя, наведае шыкоўны замак, будзе ўцякаць ад лясных драпежнікаў і разгадваць загадку помнікаў правадыру.

Межы паміж праўдай і выдумкай у рамане хутка размываюцца не толькі для тых, хто праходзіць выпрабаванні, але і для тых, хто імі кіруе.

Паводле правіл статута і рэгламенту, прэмія Адамовіча адкрытая для розных формаў выказвання: намінуюцца не толькі кнігі, але і публіцыстычныя артыкулы, падкасты, радыйныя рэпартажы, медыяпраекты і відэацыклы. Нязменнай застаецца галоўная ідэя – ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і ўганараванне твораў, якія дапамагаюць асэнсоўваць сучаснасць, захоўваюць памяць пра людзей і падзеі свайго часу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!