Хто такі Юрый Аляксей, якога прызначалі новым генеральным дырэктарам Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»?

Сёння на пасаду генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» замест Уладзіміра Карачэўскага быў прызначаны намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Юрый Аляксей. Да прызначэння спадар Юрый кіраваў камунальным унітарным прадпрыемствам «Гроднааблкінавідэапракат», а ў 2020 годзе ўдзельнічаў практычна ва ўсіх гарадзенскіх акцыях “За Бацьку!”, паведамляе Hpravy.org.

Юрыю Мар’янавічу Аляксею 49 гадоў. Ён мае юрыдычную, эканамічную і менеджарскую адукацыі. Скончыў Беларускі камерцыйны інстытут кіравання, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Працоўную дзейнасць пачынаў фатографам у Гродзенскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 74. Працаваў тэхнікам-рэнтгенолагам Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. Служыў у шэрагах Узброеных Сіл. Працаваў дырэктарам па эканамічных пытаннях малой вытворчай фірмы «Імідж».

А далей пачаўся ўзыход па ідэалагічнай лініі — спадар Юрый працаваў на розных пасадах у гаркаме БРСМ па Гродзенскай вобласці і ва ўпраўленнях Гродзенскага гар- і аблвыканкама — і галоўным спецыялістам, намеснікам загадчыка аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама; галоўным спецыялістам упраўлення інфармацыі і друку, упраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама. З 2005 года — першы сакратар Гродзенскага аблкама грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

У 2003 годзе Юрый Аляксей склаў і падрыхтаваў да выдання кнігу «Героі Гродзеншчыны».

У 2012-м быў абраны членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, прызначаны на пасаду генаральнага дырэктара «Гроднааблкінавідэапраката».

«Пад кіраўніцтвам Юрыя Мар’янавіча былы кінатэатр «Гродна» ў кароткія тэрміны перабудавалі ў сучасны і запатрабаваны маладзёжны цэнтр. У яго сценах не раз праводзіліся розныя патрыятычныя акцыі з удзелам прызыўной і дапрызыўнай моладзі. Праводзяцца розныя цікавыя мерапрыемствы для асабовага складу воінскіх часцей Гродзенскага гарнізона, ветэранаў і воінаў-інтэрнацыяналістаў», — адзначае газета «Ваяр».

У Юрыя Аляксея ёсць асабісты блог у ЖЖ, у якім ён піша пра працоўныя і дзяржаўныя справы, дэпутацкую дзейнасць і штогадовыя Пасланні Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Чыноўнік лічыць, што ў 2020 годзе Лукашэнка і яго людзі адстаялі краіну.

«Вспоминаю, как 16 августа, в год выборов, ездили в Минск, стояли на площади под флагами «Белой Руси»,распавёў ён газеце «Беларусь сегодня». — И, без преувеличения, мы отстояли страну! Это был своеобразный экзамен. Именно в такие периоды возрастает роль общественных объединений. Они должны быть центрами информационно-аналитической работы в интересах государства. Ведь по-прежнему есть граждане, у которых отсутствует объективное представление о действительности».

Падчас працы ў «Гроднааблкінавідэапракат» Юрый Аляксей выношваў планы па стварэнні серыі патрыятычных мультфільмаў для дзяцей 5-6 гадоў.

Мяркуем, што гэтыя ідэі цалкам могуць ажыццявіцца цяпер на «Беларусьфільме». Новаму кіраўніку паставілі задачу зняць фільмы на «животрепещущие темы» — усё супадае.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!