Павел Церашковіч. Скрын відэа.
У падкасце «Гісторыя на Свабодзе» Сяргей Абламейка паразмаўляў з гісторыкам Паўлам Церашковічам пра тое, наколькі глыбока ў Беларусь пранік «русский мир».
Падставай гутаркі сталі некалькі трывожных фактаў: Расія ў 17 разоў павялічыла квоты для беларусаў у сваіх ВНУ, рыхтуюцца сумесныя расійска-беларускія падручнікі па гісторыі, з Расіі прыедуць 50 прафесараў выкладаць у беларускіх навучальных установах.
Маштаб інтэрвенцыі сапраўды беспрэцэдэнтны, аднак наколькі ўстойлівай застаецца беларуская нацыянальная свядомасць?
Розныя кампаненты па-рознаму ўплываюць на Беларусь, адказаў Павел Церашковіч. Прынамсі дзве важныя кампаненты «русского мира» ў Беларусі не прыжываюцца. Гэта ідэі Еўразійства і геапалітыкі. Аднак добра прыжыўся культ перамогі, які прымае амаль карнавальныя формы.
Гісторык захоўвае аптымізм што да стану нацыянальнай свядомасці беларусаў, бо назірае вялікі бум гістарычных ютуб-каналаў, якія збіраюць значную аўдыторыю. Аднак гэтага недастаткова: важна падтрымліваць акадэмічныя даследаванні прафесійных гісторыкаў, а дзеля гэтага развіваць прафесійныя згуртаванні, а пасля і ствараць сталыя інстытуцыі.
На пытанне Сяргея Абламейкі, ці захаваецца Беларусь як нацыянальна-культурны арганізм, калі адбудзецца інкарпарацыя ў Расійскую Федэрацыю, Павел Церашковіч адказаў, што інкарпарацыя Беларусі магчымая, аднак ён упэўнены, што калі гэта адбудзецца, фармальна дзяржаўнасць захаваецца, фармальна захаваецца і дзяржаўнасць беларускай мовы. Напрыклад, ва Удмурціі ўдмурцкая мова мае дзяржаўны статус, што нічога не азначае, апроч наяўнасці двухмоўных шыльдаў. Магчыма, будзе такі варыянт.
Гісторык тлумачыць, што ў такім выпадку «Харошкі» захаваюцца, і дранікі будуць таксама дазволены.
«Сучасная Расія пазіцыянуе сябе як краіна, у якой усе народы вольна развіваюцца, аднак насамрэч існаванне нацыянальных культур зводзіцца да танцавальна-кулінарнай формы. Некалькі разоў на год правядуць фестываль нацыянальнай культуры. І будзе некалькі рэстаранаў нацыянальнай ежы», — кажа гісторык.
Аднак Павел Церашковіч мяркуе, што поўнай інкарпарацыі не адбудзецца. Бо калі яшчэ ў 1990-я гады нацыянальныя рэспублікі самі выбіралі сваіх кіраўнікоў, то цяпер яны прызначаюцца, і звычайна гэта людзі, які ніякім чынам не звязаны з рэгіёнам.
«Перад рэжымам Лукашэнкі стаіць такое пытанне. Ці пагодзіцца нават не ён, а яго атачэнне, што кіраўніка будуць прызначаць з Масквы і прыедзе ён з якога-небудзь Хабараўска», — падсумаваў гутарку Павел Церашковіч.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram