Учора ў варшаўскім Касцёле Святога Аляксандра на пляцы Трох Крыжоў адбылася супольная вілігійная вячэра і святочная імша на Божае Нараджэнне. Па запрашэнні ксяндза Вячаслава Барка на Калядным вечары выступіў гурт Kasary на чале з музыкай Сяргеем Доўгушавым.
Ксёндз Вячаслаў Барок з’яўляецца патранатам беларускай музыкі — Касцёл Святога Аляксандра добра вядомы ў Варшаве як месца сустрэч беларускіх музыкаў, вернікаў, супольнасці, месца дабрачынных імпрэз. У Касцёле цягам апошніх двух гадоў ладзіліся канцэрты класічнай і эксперыментальнай музыкі, пад яго шатамі гучалі творы беларускай кампазітаркі Вольгі Падгайскай, музыканта-акардыяніста Ягора Забелава, кампазітара і саксафаніста Віталя Эпава, выступалі вакалісты Наталля Шыбко, Дзмітрый Апяцёнак, Concordia Choir на чале з Галінай Казіміроўскай выконваў музычныя творы рэпрэсаваных беларускіх аўтараў, якія падчас і пасля Другой сусветнай вайны аказаліся ў вымушанай эміграцыі… Так і ўчорашні Калядны вечар не абмінуў выступ беларускіх музыкаў — святую імшу ўпрыгожылі спевы мужчынскага хору «Касары» на чале з музыкам-інструменталістам, этнографам Сяргеем Доўгушавым.
Нагадаем, што гурт спявае народныя беларускія мужчынскія песні: ваярскія, бяседныя, лірычныя, касарскія і валачобныя. За гэты час калектыў даў некалькі сольных канцэртаў у розных гарадах Польшчы, выступаў на Падляшшы і на фестывалі электроннай музыкі Varušniak, зладзіў Валачобны абрад і яскрава адкалядаваў у Прэзідэнцкім палацы ў Варшаве. Гурт акрамя выканання народных песен нясе важную культурную місію — захаванне ўнікальнай традыцыі мужчынскіх спеваў і папулярызацыя беларускай музычнай спадчыны.
Ужо зараз Касцёл Святога Аляксандра анансаваў новы выступ беларускіх музыкаў на святочным тыдні. 29 снежня пасля святой імшы а 11:30 адбудзецца канцэрт у выкананні Таццяны Ячнай і Аляксея Чумакова — аўтараў альбома еўрапейскіх калядак па-беларуску.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram