Гурт Irdorath з вялікім поспехам працягвае свой першы еўрапейскі тур, наперадзе – Германія

Беларускі фэнтэзі-фолк гурт Irdorath, які цяпер базуецца ў Берліне, працягвае свой еўрапейскі тур.

21 лютага ён распачаўся ў нідэрландскім Арнеме. «Мы ўбачылі шмат знаёмых твараў нашых дарагіх сяброў, а таксама новых слухачоў, якія далучыліся да нашага падарожжа. Многія рэчы адбываліся там упершыню, і мы рады, што менавіта гэтая аўдыторыя падзяліла з намі гэтыя моманты. Дзякуй тым, хто быў на гэтым канцэрце!», — такі допіс з’явіўся ў сацсетках гурта пасля пасля першага канцэрта.

Пасля выступу ў Парыжы. Фота: facebook /Irdorath.by

22 лютага чарговы канцэрт адбыўся ў Бельгіі, а ўжо 23-га група выступала ў Францыі, першы раз у Парыжы.

Irdorath Fantasy-Folk Band стаў удзельнікам паганскага фестывалю Cernunnos.

«Учора мы ўпершыню выступалі ў Францыі, — гурт падзяліўся ўражаннямі ў сацсетках. — Гэта было падобна на сутыкненне дзвюх цывілізацый — мы нічога не ведалі адно пра аднаго, але энергетыка была такой ідэальнай, што ўся зала была перапоўненая эмоцыямі. Падчас аўтограф-сесіі пасля канцэрта людзі часцей за ўсё казалі нам, што мы сталі для іх адкрыццём фестывалю ці нават года. Але для нас французская публіка таксама стала цудоўным адкрыццём. А сам фестываль? Ён уразіў нас не толькі сваёй атмасферай, але і першакласнай арганізацыяй. Вялікі дзякуй арганізатарам, тэхнічнай камандзе і ўсім валанцёрам за іх руплівую працу! З гэтага моманту ў нас з’явілася моцнае жаданне вярнуцца ў Францыю з новымі канцэртамі».

Выступ у Варшаве. Фота: facebook /Irdorath.by

6 сакавіка чарговы канцэрт адбыўся ў Варшаве. Ён стаў нечаканасцю як для саміх музыкаў, так і для гледачоў. У сацсетках гурта з’явіўся кранальны допіс:

«Мы не чакалі, што вас будзе столькі.
Не чакалі, што вы так шчыра, так па-сапраўднаму пражывяце з намі гэты вечар.
Кожны вокліч, кожны рух, кожны позірк — усё мела значэнне.
Дзякуй вам за гэтую сустрэчу!
Цяпер мы дакладна ведаем: мы вернемся — і нам патрэбен клуб пабольш.
Мы былі шчаслівыя дзяліцца з вамі музыкай, прадставіць новыя песні, пазнаёміць вас з нашай новай вакалісткай.
Але больш за ўсё — проста адчуць сябе як дома.
І гэта дзякуючы вам.
Да хуткай сустрэчы, дарагія беларусы!
І сачыце за навінамі — хутка мы зноў вернемся ў Польшчу».

Гледачы дзеляцца падобнымі ўражаннямі: «Канцэрт у Варшаве быў цудоўны, вельмі энэргічны, моцны. Відаць талент і працу музыкаў». «Я нават крыху зьдзіўлены тым, КОЛЬКІ ў іх энэргіі. Мо і ім не хапала высокай канцэнтрацыі беларускай публікі ў адным месцы».

Для еўрапейскага тура была падрыхтаваная адмысловая праграма. А таксама з’явілася новая вакалістка Аляксандра.

8 сакавіка чарговы канцэрт адбудзецца ў Гамбургу, а 9 сакавіка – у Берліне. Квіткі на іх можна набыць тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!