Грузінскі гурт Mgzavrebi выпусціў кранальны фільм-кліп пра сувязь с роднымі

Песня, на якую паўстаў кароткаметражны фільм рэжысёра Ладо Кватанія, мае назву «Вальс» (Waltz). «Гэта [кампазіцыя] — прысвячэнне нашым блізкім, якія пайшлі, але не пакінулі нас і пасля смерці», — адзначае лідар гурта «Мгзаўрэбі» Гігі Дэдаламазішвілі. Над стварэннем кліпа працавала міжнародная каманда, у склад якой увайшлі ў тым ліку і беларусы.

«Кожны, хто прыняў удзел у працы над “Вальсам”, уклаў у яго крышачку асабістага болю, які, на жаль, жыве ў кожным з нас. І, здаецца, нам удалося ахінуць гэты боль у святло», — так каментуе новую працу Гігі Дэдаламазішвілі.

У песні гаворка ідзе пра сыход блізкіх, сыход матуль і бацькоў, калі чалавек застаецца са сваёй стратай і сваім болем. Але новае жыццё дае спадзеў і сілы рухацца далей. Гэта кампазіцыя — пра пераемнасць пакаленняў і сувязь з родам.

«Мы даволі доўга, карпатліва пісалі гэты трэк — каля 5 гадоў, уклалі ў яго ўсю душу і памяць аб нашых родных, — адзначае саліст калектыву. — Я быў даволі сталым, калі ўпершыню сутыкнуўся са смерцю, мне было гадоў 16-17 — памерла мая бабуля. Гэтае адчуванне страты я памятаю дагэтуль — я не ведаў, што так бывае, не ведаў, што з гэтымі пачуццямі рабіць. Пра гэта «Вальс» — гэта танец «з самім сабой», як быццам танец з пустэчай, але на самой справе ты таньчыш у гэтым свеце, а твая родная душа танчыць з табой у свеце іншым. Памятаю, як бабуля спявала мне ў дзяцінстве калыханку — гэты матыў ёсць у песні…».

Кліп здымаўся ў Тбілісі і высакагорных грузінскіх вёсках.

Рэжысёр відэа, Ладо Кватанія, падкрэслівае, што чорна-белыя здымкі ў кліпе — не архіўная хроніка, а матэрыял, які ён здымаў сам на працягу тыдня ў верасні ў грузінскіх вёсках Рачы і Бахмара.

«Мы падзялілі вытворчы перыяд на два блокі — дакументальны і ігравы, і перш за ўсё мне неабходна было атрымаць хранікальны матэрыял — нейкі злепак метафары свету, у якім жывуць тыя, хто сышлі. Цуд, што нам удалося зафіксаваць гэтую крохкую заўчаснасьць — жыццё ў грузінскіх вёсках», — кажа ён.

Кадр з кліпа.

Праца агулам над кліпам заняла адзін год. У галоўных ролях у фільме зняліся грузінскія акцёры: Ачы Макалатыя, Вераніка Каландарышвілі, заслужаны артыст Грузіі Дато Двалішвілі.

Над відэа таксама працавалі і беларусы: гэта аператар-пастаноўшчык Андрэй Краузаў, мастак-пастаноўшчык Аляксей Яндоўскі, асістэнт мастака па касцюмах Настасся Малярэвіч.

Песня «Вальс» увайшла ў восьмы альбом гурта KAMARA, які быў выпушчаны на пачатку лютага.

Грузінскі гурт MGZAVREBI быў заснаваны ў 2006 годзе музыкай Гігі Дэдаламазішвілі. Свой першы альбом «Me Movigone» (у перакладзе азначае «Я прыдумаў») калектыў выпусціў у 2008 годзе і за гэты час стаў вядомы як у Грузіі, так і замежжы. «Музыка MGZAVREBI пазнавальна сваім індывідуальным, прасякнутым эмоцыямі і імправізаваным грузінскім фолк/рок-стылем», — адзначаецца на сайце гурта.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!