Фота: сайт кінапрэміі.
У доўгі спіс «Чырвонага верасу-2026» увайшлі 60 ігравых, дакументальных і анімацыйных фільмаў. Сёння Беларуская прэмія кінакрытыкаў абвясціла, хто будзе змагацца за перамогу ў трэцяй эдыцыі.
Сярод прэтэндэнтаў можна заўважыць імёны вядомых беларускіх рэжысёраў — Андрэя Куцілы, Мары Тамковіч, Андрэя Кашперскага, Мікіты Лаўрэцкага, Юрыя Сямашкі, Арцёма Лобача, Аляксандра Міхалковіча, Ганны Бадзякі, а таксама і новых аўтараў.
Дзе, кім і якое беларускае кіно ствараецца на прыкладзе доўгага спісу «Чырвонага верасу»? — Reform.news звярнуўся да адной з заснавальніц кінапрэміі, кінакрытыцы і сябры FIPRESCI Ірэны Кацяловіч з просьбай пракаментаваць адметнасць актуальнай карціны ў беларускім незалежным кіно.
— Беларускае незалежнае кіно ў большасці сваёй паўстае за межамі Беларусі, але яно ўсё яшчэ альбо пра Беларусь, альбо прынамсі з беларускім духам, — адзначыла кінакрытыца. — Іншая карціна была б, калі б «Чырвоны верас» разглядаў фільмы, што фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту, але нашая прынцыповая пазіцыя — выключаць іх са сферы інтарэсаў, — нагадала яна.
Дзеля справядлівасці — нашая прэмія таксама не ў сферы інтарэсаў ідэалагічнага кіно, але спадзяюся, што ў будучыні мы пабачым, як гэты падзел у беларускай кінасупольнасці знікае і кінасфера становіцца мацнейшай.
Гэтым разам мы маем пэўны польскі акцэнт — у доўгі спіс увайшло некалькі вядомых фільмаў, што паўсталі ў гэтай краіне. У тым ліку за бюджэтныя грошы — тут я маю на ўвазе «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч і «Працэсы» Андрэя Кашперскага. Фестывальны хіт і намінант на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі фільм «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча прадстаўляе капрадукцыю Швецыі, Украіны і Нарвегіі. Гэта таксама адзін з апошніх адгалоскаў, калі такога кшталту — «нелаяльнае» — кіно магло здымацца ўнутры краіны. Такіх унікальных і каштоўных кадраў з Беларусі, калі сітуацыя будзе захоўвацца ў яе сённяшнім выглядзе, будзе станавіцца ўсё менш.
У доўгім спісе ёсць цікавы кароткі метр, зняты ва Украіне яшчэ перад пачаткам поўнамаштабнай вайны, але ў часе яе прадчування, — «Святая вада» Андрэя Куцілы, — звяртае ўвагу адна з заснавальніц кінапрэміі.
— Мы маем харошыя падборкі і цікавае спаборніцтва ў абедзвюх катэгорыях поўнага метру, у доўгім спісе багата ўжо вядомых імёнаў, а таксама тых, хто, я веру, яшчэ дасць жару ў будучыні.
Усяго на кінапрэмію «Чырвонага верасу» было пададзена 74 заяўкі. Заўважым, што ў доўгім спісе шмат заявак ад аўтараў і аўтарак, які пажадалі застацца ананімнымі.
Адзначым, што сёлета ў журы кінапрэміі ўвайшло дваццаць кінакрытыкаў, даследчыкаў кіно і кінажурналістаў.
Намінанты на «Чырвоны верас-2026» будуць абвешчаныя ў студзені новага году.
Нагадаем, што Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» адзначае найлепшыя дасягненні ў сферы беларускага кіно – кіно, якое ствараюць беларусы паводле грамадзянства альбо нацыянальнасці ў краіне і за яе межамі. Узнагароды закліканыя прыцягваць увагу да гэтых дасягненняў і спрыяць умацоўванню айчыннага кінакам’юніці.
Першая эдыцыя прэміі прайшла ў 2021–2022 гадах – яе заснаванне спрычыніла брутальнае выцісканне незалежнай культуры з Беларусі, якое лукашэнкаўскі рэжым распачаў у адказ на масавыя пратэсты. Тады беларускія кінакрытыкі пастанавілі стварыць прэмію, якая б сталася гідам па беларускім кіно, пакрыла страту незалежных кінапляцовак і падтрымала высілкі беларускіх фільммэйкераў.
Прэмія гэтым разам прысуджаецца ў 15 намінацыях, сярод якіх, у прыватнасці: «Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)», «Найлепшы актор», «Найлепшая акторка», «Найлепшая праца аператара(кі)», «Найлепшы сцэнар», «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)», «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)», «Найлепшы мантаж» і «Адкрыццё года».
Публікуем доўгі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду цалкам.
Сачыць за кінапрэміяй «Чырвоны верас» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram