У варшаўскай галерэі Promocyjna працуе выстава беларускіх фатографаў Юліі Лейдзік і Яўгена Канаплёва «Тата ў тэлефоне». У экспазіцыі — вялікія (у поўны рост) фатаграфіі ўкраінскіх сем’яў, што цяпер жывуць у Польшчы, у якіх, як вынікае з назвы, камунікацыя з татам адбываецца выключна праз тэлефон.
Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў — сям’я беларускіх фатографаў, якія эмігравалі з Мінска ў Варшаву праз тры дні пасля пачатку вайны ва Украіне, над праектам «Тата ў тэлефоне» яны сталі працаваць летам 2022 года.
Нагадаем, што дуэт Kanaplev&Leidik стварыў фотасесіі для такіх музычных гуртоў, як Molchat Doma і Brutto, паспяхова працаваў у рэкламнай фатаграфіі. У 2020 годзе яны зрабілі перавыбарную фотасесію Віктару Бабарыку, пасля яго арышту сталі аўтарамі знакамітых здымкаў Святланы Ціханоўскай і прадстаўніц аб’яднаных штабоў.
Падчас сустрэчы з гледачамі аўтары падрабязна расказалі пра прычыны, якія змусілі іх узяцца за праект «Тата ў тэлефоне», пра кампазіцыі гэтых твораў, пра свае пачуцці падчас няпростых камунікацый з героямі фатаграфій.
Выбралі з сустрэчы самае цікавае.
«У Варшаве мы пачалі шлях зусім не камерцыйных фатографаў»
Яўген Канаплёў: У Варшаве мы сталі перапрацоўваць тое, што адбываецца ў свеце, у сацыяльныя праекты, то-бок пачалі шлях зусім не камерцыйных фатографаў.
Праект, які мы цяпер паказваем у галерэі Promocyjna, з’явіўся дзякуючы нашай дачцэ.
Юлія Лейдзік: У Варшаве наша дачка Агата трапіла ва ўкраінскі клас. Мы прыйшлі на першы бацькоўскі сход, і Жэня аказаўся там адзіным татам. Сядзелі шмат жанчын з зусім малымі дзецьмі, бо няма з кім іх пакінуць, і мы на гэтым фоне даволі дзіўна выглядалі. Потым у Агаты з’явілася сяброўка Соня. І Соня пачынае распытваць сваю маму, чаму яе тата ва Украіне, а Агацін тата тут. І гэтыя словы сталі для нас вырашальнымі.
Мы ж усе сядзім у тэлефонах, але ёсць маленькая дэталь, якую мы палічылі патрэбным зафіксаваць. Украінская сям’я ў эміграцыі цяпер выглядае менавіта так, як мы паказалі на сваіх фатаграфіях, з татам у тэлефоне.
Штатыў у нашых здымках выконвае ролю цела, таму галава таты на экране аказваецца на ўзроўні росту людзей, з якімі таты размаўляюць.
Здымкі адбываліся вельмі складана. Многія былі супраць, іншыя пагаджаліся не адразу. Мы ўжо і дамовіліся на здымку, а нам тэлефануюць і тлумачаць: «Ведаеце, сёння бамбілі, я не ведаю, як там мой Лёша, як там мае бацькі. Я не магу сёння«.
Многія людзі не маюць пэўнасці ў тым, ці будзе іх тата жывы заўтра ці праз гадзіну.
З адным важным для для гэтай серыі чалавекам мы вялі перамовы паўгода. Чакалі, бо ён быў сэрцам гэтага праекта.
Для мяне гэты праект пра эмпатыю. Напрыклад, як я пазнаёміліся з Юляй… Мне стала кепска ў цэнтры Варшавы, сеў тэлефон, я не ведала, як выклікаць хуткую, не размаўляла па-польску. І Юля мне тады дапамагла, яна доктарка, патлумачыла, што гэта панічная атака, давяла да дому. Калі я расказала ёй пра праект, яна адразу пагадзілася прыняць удзел. Мы прыйшлі да гэтай сям’і якраз на Вялікдзень і назіралі, як людзі святкуюць разам з любімым татам.
У дзяўчынкі Марыі вельмі моцная сувязь з бацькам. Як толькі сям’я пераехала ў Варшаву, дзяўчынка пачала губляць зрок. Ён прапісвалі вітаміны, акуляры, а мама, разумеючы, што праблема глыбей, звяртаецца да псіхолага, які працуе праз гіпноз. І псіхолаг ставіць партрэт таты і кладзе перад дзяўчынкай тэкст, які ёй трэба прачытаць. І кажа «Тата за дзесяць метраў ад цябе», яна бачыць тэкст не надта добра, «5 метраў» — ужо лепш, «тата побач» — і яна пачынае чытаць. Мяркую, што бясследна такія перажыванні для людзей не праходзяць…
Яўген Канаплёў: Наш праект — пра гвалтоўны разрыў, пра разбураныя вайной сувязі. У дадзены момант вайна працягваецца і не відаць ніякіх намёкаў на яе завяршэнне. А ў грамадстве ёсць прывыканне да вайны, людзі паступова пагружаюцца ў свае праблемы. Наш пасыл нагадваць, што вайна побач, яна не спынілася.
Юлія Лейдзік: Яшчэ адзін матыў стварэння гэтага праекта: мы бачым, што многія людзі атрымліваюць інфармацыю з тэлевізара, і не давяраюць сведкам падзей.
Яўген Канаплёў: Мы адкрываем інтэрнэт і бачым скажоную інфармацыю. Любому чалавеку лёгка заблытацца і прыняць рашэнне, не грунтуючыся на фактах. Непаразуменні з’яўляюцца нават у нашых эмігранцкіх колах, нават ва Украіне. Таму сёння галоўнае быць разам, каб перамагчы гэта зло.
«Наколькі жанчына моцная!»
Юлія Лейдзік: Учора на адкрыцці выставы да мяне падышла дзяўчына і спыталася, чаму гэта вы пра ўкраінцаў робіце праект, а не пра беларусаў?
Як быццам мы піярымся за кошт украінцаў.
Аднак украінцы, героі нашых здымкаў, вельмі ўдзячныя нам, што мы паднялі гэтую тэму і зрабілі праект, які ўбачаць шмат людзей.
Праект можа стаць нагодай для псіхалагічных разважанняў: быццам і ёсць у сям’і тата, але як жыць, калі ён далёка і ў пастаяннай небяспецы…
Вось дзяўчына, у яе мама на фронце, тата на фронце і бабуля з дзядулем таксама. А яна цяпер адна ў эміграцыі, бо яе сям’я — дынастыя дактароў. Усе на фронце.
Вось сям’я Мікі з нашага курса фатаграфіі для эмігрантаў. У яго шмат братоў і сясцёр. Яны самі з Азербайджана, але больш за 10 гадоў жывуць у Кіеве. І маці, цяжарная малодшым, з малымі дзецьмі мусіла пакінуць дом і ехаць у нікуды.
Расказваючы гэтыя гісторыі, я не магу супакоіцца, у мяне працягваюць ісці слёзы, калі думаю пра тое, наколькі гэта жанчына моцная, калі цяжарная з дзяцьмі з’язджае ў іншую краіну.
«Яны пастаянна з татам у тэлефоне!»
Яўген Канаплёў: З сям’і Соні, Аксаны і Лёшы пачаўся наш праект. Соня — лепшая сяброўка нашай дачкі. Іх тата працуе на атамнай станцыі, гэта стратэгічны аб’ект, таму яму забаронена адтуль выязджаць. За ўвесь час сям’я толькі адзін раз прыязджала ў Кіеў.
Юлія Лейдзік: Яны пастаянна з татам у тэлефоне. Сырнікі разам робяць, кожны вечар тата чытае дачцэ казку.
Яўген Канаплёў: Соня ідзе гуляць у парк і кажа «Я пайду з татам гуляць». Нашы здымкі — не пастаноўка, у іх жыцці так усё і адбываецца. Вось на гэтай фатаграфіі вісіць на сцяне пустая рамка, бо такое жыццё яны ўспрымаюць як часовае. Ёсць такі момант: як толькі вешаеш свае карціны, фатаграфіі, уключаеш рэжым утульнасці, то з’яўляецца ўражанне, што тут назаўжды.
Часовасць у нашым жыцці крыху зацягваецца, і ёсць адчуванне, нібы ты трапіў у мутную ваду, з галавой у яе акунуўся і спрабуеш там нешта разгледзець.
Юлія Лейдзік: Кранальны момант быў на адкрыцці выставы, калі Аксана патэлефанавала Лёшу і паказвала яго партрэт у гэтай зале і відэа, на якім ён чытае казку сваёй дачцэ. З аднаго боку, гэта нармальна, што чалавек па тэлефоне нешта паказвае, а з іншага — ненармальна, а людзі так жывуць не першы месяц.
«Ідзіце да свайго таты»
Яўген Канаплёў: На гэтым першым здымку ўсе ўсміхаюцца, але мы ніколі не казалі сваім героям, як сябе паводзіць, як яны павінны стаць. Мы проста ўсталёўвалі штатыў з тэлефонам, праз які іх тата выходзіў на сувязь, і казалі «Ідзіце да свайго таты». Цікава было назіраць, як яны падыходзілі да тэлефона. Нехта абдымаў штатыў, нехта захоўваў дыстанцыю. Часам нам адказвалі, што позна рабіць фота: сям’я распалася. Адлегласць уводзіць свае карэктывы. Тут нават без вайны людзі расстаюцца, а тут і адлегласць, і стрэс.
Былі яшчэ такія выпадкі, што праз нейкі час жанчына заўважала, што стала лепш сябе адчуваць, калі яе мужчына далёка. Спачатку было цяжка, а пасля асвоілася і ёй стала лягчэй без мужа.
«Мы не стамляемся расказваць пра сітуацыю ў нашай краіне»
Юлія Лейдзік: Мы пачалі рабіць падобны праект з беларускімі сем’ямі, у якіх бацькі ці нехта з бацькоў у турме. Я нават думала звязаць гэтыя два праекты ў адной выставе, але не, яны розныя. Аднак сувязь паміж імі ёсць.
Напрыклад, мы пазнаёміліся з бабуляй Аняй з двума ўнукамі, іх мама і тата ў турме, дзеці ўжо тры гады не бачылі сваіх бацькоў. І камунікацыя адбываецца не па тэлефоне, а праз лісты, якія прыходзяць рэдка, у лепшым выпадку раз у тры месяцы… Мы не стамляемся расказваць пра сітуацыю ў нашай краіне.
Яўген Канаплёў: Праз нашы праекты мы дакументуем час, тое, што адбываецца тут і цяпер. Пры гэтым усе гэтыя гісторыі не закончылася. Сувязі працягваюць рвацца. Нехта вырашае тут заставацца, нехта збіраецца вярнуцца, прыязджаюць новыя людзі.
Мы ж камерцыйныя фатографы і доўга працавалі з задачай зрабіць прыгожую карцінку па эскізе замоўцы, каб нейкі прадукт добра прадаваўся. А тут мы працуем ад неабходнасці быць пачутымі, быць карыснымі. Гэта нас вядзе…
***
Выстава беларускіх фатографаў Юліі Лейдзік і Яўгена Канаплёва «Тата ў тэлефоне» будзе працаваць у галерэі Promocyjna да 11 студзеня.
Куратарка выставы – Кая Вербаноўска.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram