«Гэтак жа, як і заўтра»: выстава сюррэалістычнай графікі Сяргея Балянка адкрылася ў Мінску

Цяжка знайсці вобразы, адпаведныя сённяшняй рэальнасці, але мастакі спраўляюцца… Выстава абсурдальна-сюррэалістычных твораў Сяргея Балянка адкрылася ў Мінску.

«Гэтак жа, як і заўтра»… У выставе, што працуе ў мінскай Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва, крыху дэпрэсіўная назва, а творы аўтара выклікаюць шмат літаратурных асацыяцый. Нездарма Балянок — вядомы ілюстратар, які ствараў працы для кніг Жуля Верна, Рэя Брэдберы, Айзека Азімава, Міхаіла Булгакава, Іосіфа Бродскага, Аляксандра Бяляева, Курта Вонегута, зборнікаў фантастыкі «Прадаецца планета» і «Крылы ночы».

Сяргей Балянок. «Вось толькі злезу з гэтага дрэва і абавязкова сыду», Афорт, 2007. Фота: сацсеткі.

Сам мастак настойвае, што не стварае рэбусаў, а ўсё, што нараджаецца ўнутры аркушаў, — яго суб’ектыўнае ўспрыманне рэальнасці. І хоць з’яўляецца адчуванне, што выстава непасрэдна ілюструе наш сённяшні свет, гэта не зусім так: на ёй паказалі каля пяцідзесяці твораў з 1980 па 2025 год.

Мой столік. Афорт. 2019. Фота: сацсеткі.

Калі шукаць вызначэнне стылістыкі ды тэматыкі твораў гэтага мастака, то можна было б прыдумаць шмат метафар, як, напрыклад, сюррэалізм адзіноты, нервовае ўвасабленне пастак горада і душы… Аднак відавочна, што аўтарскія вобразы і асацыяцыі — максімальна суб’ектыўныя, а дарогі, па якіх блукае ўяўленне творцы — амаль няходжаныя. Хаця б таму, што у іх шмат разрываў, зломаў, пустотаў.

Сяргей Балянок. Мутнае здзіўленне… Афорт 2022. Фота: сацсеткі.

Таму і цяжка сказаць, што можа набыць глядач на яго выставе — новыя траўмы ці вызваленне? Псіхолагі, аднак, настойваюць, што матэрыялізацыя ўласных страхаў аблягчае іх ператварэнне ў больш бяспечныя формы. Тым больш аўтар нічога канкрэтнага і не матэрыялізуе: цені, дамы, дрэвы, людзі і птушкі і пераходныя паміж імі формы лёгка парушаюць законы зямнога прыцягнення і ўступаюць ва ўзаемадзеянні выключна ў прасторы мастакоўскага ўяўлення.

Выстава Сяргея Балянка будзе працаваць па 23 сакавіка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!