29 і 30 чэрвеня «Вольныя Купалаўцы» завяршаюць свой шосты сезон прем’ерай спектакля «Наступны прыпынак» паводле твораў Камілы Цень, які назвалі «народным РБ-дэтэктывам».
«Галоўныя героі, звычайная кантралёрка грамадскага транспарту Юр’еўна і яе верны памочнік Гаркавы, разблытваюць загадкавае здарэнне… Нуар мінскіх заводскіх ускраін і боль чалавечых трагедый, ненавязлівы гумар і стыль напружанай трасянкі перанясуць вас у рабочыя мікрараёны сучаснага Менска», — рэкламуюць спектакль «Купалаўцы».
Пакуль у Варшаве ідуць рэпетыцыі, распыталі рэжысёра Аляксандра Гарцуева, чаму Цень і колькі ў спектаклі палітыкі?
Аляксандр Гарцуеў звярнуў увагу на кнігу Камілы Цень з некалькіх прычын.
Па-першае, яна вельмі папулярная ў замежжы, ёсць нават адмысловы клуб аматараў гэтай кнігі.
Па-другое, кніга «Наступны прыпынак – смерць» яскравы зрэз часу. «Гэта сённяшні Мінск, якога я ўжо добра не ведаю, у кнізе распавядаецца пра жыхароў рабочых раёнаў, якіх я таксама добра не ведаў. У кнізе ідзе расповед пра сённяшніх людзей, якія жывуць у Мінску, і мы даведваемся, што турбуе, пра што думаюць людзі рабочых прафесій», — тлумачыць рэжысёр.
Па-трэцяе, рэжысёра зацікавіў і жанр кнігі, гэта дэтэктыў – расследванне забойства, а жанр свайго спектакля ён вызначае як «іранічны дэтэктыў».
Дарэчы, хто аўтар кнігі, Аяксандр Гарцуеў не ведае. «Магчыма, пазнаёмімся на прэм’еры», — жартуе ён і спрабуе здагадацца, хто хаваецца за псеўданімам Камілы Цень. «Выглядае, што чалавек жыве ў Беларусі, я мяркую, што гэта жанчына і немаладая, бо яна піша пра тое, што ведае маё пакаленне і ўжо не ведае мая дачка. Напрыклад, пра танпляцоўку «Карчы», я памятаю, дзе яна ў 1970-х знаходзілася».
«Купалаўцы» часта ставяць спектаклі палітычныя, часам дэкларатыўныя. «Наступны прыпынак» – гэта не спектакль пра 2020-я, хоць рэха тых падзей адчуваецца. Напрыклад, «патрыётка сваёй краіны» Зінаіда Юр’еўна любіць Беларусь і лічыць яе вельмі цудоўнай краінай, аднак яе сын у Польшчы, яны не разумеюць адзін аднаго, кожны жыве сваім жыццём, і яна ад гэтага вельмі пакутуе. То-бок ніякіх дэкларатыўных палітычных выказванняў тут не будзе, а будзе расследванне смерці маладога чалавека. «Тыя хто пачытаў гэтыя кнігі ведаюць, пра што ідзе размова, і хто ведае, той ужо набывае квіткі», — расказвае Гарцуеў.
Сцэнаграфія будзе мінімалістычная, іначай спектакль цяжка будзе паказваць у іншых гарадах. Над ёй працуе украінская мастачка Міла Гагенка. Звычайна Аляксандр Гарцуеў сам прадумвае сцэнаграфію сваіх спектакляў, якія ставіць у эміграцыі, аднак тут адчуў патрэбу ў прафесійным мастацкім падыходзе.
У ролях: Валянціна Гарцуева, Сяргей Чуб, Кацярына Яворская, Ігар Сігоў.
Абмежаванне па ўзросце: 16+. Спектакль пакажуць з польскімі субцітрамі ў Teatr Potem-o-tem (ul. Nowolipki 2/2a).
Квіткі можна набыць тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram