«Гэта быў момант, які кранае да слёз»: мастачка Караліна Палякова пабывала на фестывалі SONCAHRAJ на Падляшшы і захапілася мясцовымі беларусамі

Мастачка Караліна Палякова вядома беларусам і беларускам як аўтарка візуальных калажоў, дызайнерка і фатографка. Але таксама ўжо больш за два гады Караліна спявае ў жаночым хоры SPIEVY z-pad mosta. Беларуская песня прывяла яе нечакана на фестываль жывой беларускай традыцыі SONCAHRAJ на Падляшшы, які адбыўся на гэтых выходных.

Караліна трапіла спачатку на рэпетыцыю падляшскага мужчынскага гурта «Осочнікі» ў Студзіводах, а на наступны дзень на абрад «ваджэнне куста», які адбыўся ў межах фестывалю жывой беларускай традыцыі ў Тафілаўцах. Сваімі ўражаннямі ад падзеі, а таксама фотаздымкамі і відэа дзеі яна падзялілася з Reform.news.

Абрад «ваджэнне куста» на фестывалі SONCAHRAJ на Падляшшы. Фота: Караліна Палякова.

— На выходных я разам з сяброўкамі была ў рэзідэнцыі MOCHNARTE, якая знаходзіцца ў вёсцы Махнатае на Падляшшы. Мы здымалі так кліп для нашага хору SPIEVY z-pad mosta. Але нечакана высветлілася, што фундатар рэзідэнцыі Валянцін Сельвясюк спявае ў традыцыйным мужчынскім гурце «Осочнікі». Ён нас і запрасіў на рэпетыцыі падляшскага калектыву і на фестываль. Мы паехалі на рэпетыцыю разам з мастачкай Надзяй Саяпінай, з якой спяваем разам у хоры.

«Осочнікі» — гурт традыцыйных мужчынскіх спеваў заснаваны пры слыннай студыі фальклору «Жэмэрва» (Żemerwa) — вядомага руху са Студзіводаў. «Осочнікі» заснаваны адносна нядаўна — у 2020 годзе, і акурат культувуе менавіта традыцыйныя мужчынскія песні.

«Осочнікі» на свяце ў Тафілаўцах. Фота: Караліна Палякова.
Дарафей Фіёнік. Фота: Караліна Палякова.
Вяскоўцы сустркаюць артыстаў. Караваем частуецца Валянцін Сельвясюк з калектыву «Осочнікі». Фота: Караліна Палякова.
Спяваюць «Осочнікі». Фота: Караліна Палякова.
Вяскоўцы сустркаюць артыстаў. Гурт «Касары» таксама паспрабаваў каравай. Фота: Караліна Палякова.

Рэпетыцыя калектыву адбывалася ў слынным Музеі Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах. Гэты музей, заснаваны Дарафеем Фіёнікам, вядомым захавальнікам беларускай традыцыі, пакінуў у мяне вельмі моцнае ўражанне. Там усё напісана на прыгожай падляшскай мове, якая спалучае кірыліцу і лацінку. У ім захаваныя розныя прыклады беларускай драўлянай скульптуры, прадстаўлены розныя сітуацыі з жыцця. Ёсць сцэнкі святаў — Божага нараджэння, але таксама спрэчныя, балючыя моманты, да прыкладу, алкагалізм ці чортамі выўлены людзі, якія скідвалі крыжы. Такія дзіўныя сцэнкі.

У музеі таксама можна паглядзець на строі, посцілкі. Гэта вельмі натхняльнае месца, як і сама яго гісторыя.

Яшчэ мяне ўразіла тамтэйшая бібліятэка, і шкада, што ў мяне не было шмат часу, каб пагартаць кніжкі, якія там ёсць.

Тое, што нас запрасілі на рэпетыцыю, было для мяне вельмі пачэсна. Спачаку мы слухалі мужчынскія песні, а потым нам прапанавалі заспяваць жаночыя абрадныя спевы. Гэта быў вельмі кранальны момант, які даводзіць да слёз — момант пераемнасці і захавання беларускай культуры. Момант і вельмі натхняльны, які матывуе распаўсюджваць беларускую песню.

На наступны дзень мы прыехалі ўжо на свята ў Тафілаўцах. Было вельмі класна, бо мы трапілі на абрад «ваджэнне куста», на які я даўно хацела паглядзець ды можна нават паспрабаваць правесці ў Варшаве. “Куст” лічыцца сімвалам ураджаю.

Удзельнікі абраду ішлі па вёсцы і спявалі. І вяскоўцы выходзілі насустрач артыстам і віталі захавальнікаў культуры. Адна жанчына нават зрабіла каравай на сваёй аграсядзібе і сустракала ім усю грамаду. Жыхары выходзілі на вуліцу і сустракалі музыкантаў, спявалі разам з ім. Было вельмі радасна чуць беларускую мову, і бачыць, што калі хто і не ведае яе з вяскоўцаў, усё роўна любіць яе. Спачатку па вёсцы рухалася невялікая група, а потым людзей станавілася ўсё болей і болей. І ў выніку напрыканцы свята сабралося чалавек сто.

Увогуле падчас абраду, калі выканаўцы ішлі па вуліцы і спявалі, панавала вельмі ўтульная і душэўная атмасфера. Дарафей Фіёнік звяртаўся да вяскоўцаў і збіраў грошы на «чаравічкі» для дзяўчыны, якая была «кустом». Бо гэта такая традыцыя — апраналі «кустом» самую маладую і прыгожую дзяўчыну, і такім чынам збіралі ёй на якія-небудзь патрэбы. Адорвалі яе. Наша дзяўчына збірала на патрэбы, звязаныя з надыходзячым вяселлем.

Фота: Караліна Палякова.

Важна адзначыць, што на свяце-фестывалі выступалі таксама мужчынскі гурт «Касары» з Варшавы і «Капэля Трыградска» з Гданьску на чале з парай Барышнікавых. Людзі танчылі беларускія танцы, спявалі песні. Было проста здорава! Уся падзея мне нагадвала беларускае вясковае свята, на якое я хацела б трапіць і ў Беларусі.

Па цэнтры — Вольга Барышнікава. Фота: Караліна Палякова.
Фота: Караліна Палякова.
І зноў «Касары». Фота: Караліна Палякова.

Адчувалася, што на SONCAHRAJ сабраліся беларусы без аглядкі на палітычныя і сацыяльныя абставіны, людзей яднала менавіта агульная спадчына, любоў да мовы і традыцыі.

І яшчэ адзін момант. На працягу ўсёй дзеі — абраду, свята — дажджу не было. Але як толькі фестываль скончыўся, абрушылася залева. І гэта таксама быў нейкі знак, што нават нябёсы нас слухалі!

IV Фестываль жывой беларускай традыцыі SONCAHRAJ сёлета ладзіўся ў Случанцы (гміна Гарадок) і Тафілаўцах (гміна Дубічы-Цэркеўне) 7 і 8 чэрвеня. Фестываль з’яўляецца адным з праектаў Фундацыі Tutaka.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!