«Гісторыя, якая змяняе погляд» — так гучыць лозунг кінафестывалю «Лістапад», які адкрыецца ў Мінску напрыканцы кастрычніка

XXXI Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе ў пяці мінскіх кінатэатрах — «Беларусь», «Масква», «Піянер», «Перамога» і «Цэнтральны» з 31 кастрычніка па 7 лістапада 2025 года.

Слоган фестывалю — «Гісторыя, якая змяняе погляд».

У конкурснай праграме XXXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прымуць удзел 157 фільмаў з 41 краіны.

«3655 заявак са 120 краін было пададзена на XXXI Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Максімальная колькасць заявак прыйшла з Ірана (больш за 600), Індыі (больш за 200), Расіі (больш за 200), Іспаніі (больш за 180), Бразіліі (больш за 178)», — паведамілі арганізатары.

Кінематаграфісты будуць спаборнічаць у 8 конкурсных праграмах. Журы абярэ лепшыя ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя фільмы, а таксама стужкі для дзяцей і юнацтва «Лістападзік». Запланаваны спецыяльны прыз ад Саюзнай дзяржавы «за ўклад у захаванне духоўна-маральных і культурна-гістарычных каштоўнасцяў».

У праграме фестывалю з’явіцца конкурс кароткаметражных фільмаў.

Адкрыццё кінафестывалю адбудзецца ў Палацы Рэспублікі, трапіць на яго змогуць усе жадаючыя, закрыццё — у кінатэатры «Масква».

Першы кінафорум «Лістапад» прайшоў у Мінску ў 1994 годзе, і да 2002 года насіў назву Міжнародны кінафестываль краін СНД і краін Балтыі. Свой вердыкт выносілі тры журы: кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў.

У 1996 годзе галоўнай узнагародай кінафестывалю стаў прыз глядацкіх сімпатый, але з 2010 года пераможцаў зноў вызначае прафесійнае журы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!