Гісторыі, схаваныя ў папках, здымках і снах. У варшаўскай галерэі «Promocyjna» адкрылася выстава шасці беларускіх мастачак

У галерэі «Promocyjna» Старамейскага дома культуры адкрылася мастацкая выстава «Схаваныя гісторыі», якая аб’ядноўвае творы Вольгі Кірылавай, Сашы Кулак, Дзіны Лявонавай, Машы Святагор, Сашы Смаль, Юліі Цвятковай. Куратарка выставы – Саша Вялічка.

Выстава пабудаваная вакол ідэі ператварэння прыватнай памяці ў калектыўную і захавання гісторый, якія афіцыйныя наратывы і рэжымы спрабуюць сцерці з публічнай прасторы.

Сёння мы можам аднаўляць гэтыя гісторыі толькі па фрагментах: праз сямейныя аповеды, памяць цела, асабістыя архівы і супольны, часам траўматычны досвед.

Кожная з аўтарак па-свойму асэнсоўвае пражытае, убачанае, знойдзенае і ўяўленае, карыстаючыся рознымі мастацкімі стратэгіямі і мовамі. Створаныя ў розных жыццёвых абставінах, гэтыя работы паказваюць, якім чынам гісторыя аднаго чалавека можа стаць даступнай для іншых, захоўваючы пры гэтым сваю складанасць і інтымны характар.

Дзіна Леонава. Матрошка. Акварэль на палатне, фатаграфія. 2026. Фота: reform.news

Выкарыстоўваючы аматарскую фатаграфію як аснову для жывапісных твораў, Дзіна Леонава разглядае яе як носьбіт памяці і спосаб падтрымання сямейных сувязяў і блізкасці на адлегласці. Некаторыя з яе сямейных фотаздымкаў проста прасіліся стаць жывапісам. Аўтарка ўбачыла адказ на пытанне пра прыхаваныя нарацыі ў тым, што фатаграфія нясе ў сябе не толькі нейкую канкрэтную інфармацыю, але і ўтрымлівае пэўную эмоцыю ці перажыванне, якія можна перазапусціць, транслюючы гэтую выяву ў жывапісе. У самой фатаграфіі, – упэўненая аўтарка, – схавана нешта нябачнае, што можа наноў адбыцца, калі зрабіць з гэтага карціну.

Маша Святагор. Абяцаныя матылькі. Калаж. 2025-2026. Фота: reform.news

Маша Святагор з дапамогай тэхнікі калажу трансфармуе прапагандысцкія бачанні абяцанай будучыні, уводзячы ў выявы матывы насякомых. Гэтыя арганічныя элементы робяць фатаграфіі ўрачыстых прамоў ірэальнымі, выкрываюць іх абсурднасць і падрываюць сур’ёзнасць афіцыйных карцін калектыўнага адзінства.

Яна сабрала выразкі з часопісаў і ў гэтыя афіцыйныя здымкі ўвяла выявы вусеняў і матылёў. Абяцанні светлай будучыні заўсёды выглядаюць вельмі пышнымі і пампезнымі, але рэдка ўвасабляюцца ў жыццё.

Вольга Кірылава. Сакрэтная папка. 2018-2021. Фота: reform.news

Вольга Кірылава ў сваім праекце «Сакрэтная папка» працуе з тэмамі прыхаванымі, пра якія няварта ці страшна размаўляць. Яна згадвае ўласны досвед, які пачаўся з таго моманту, калі яна захацела схаваць асабісты архіў ад чужых вачэй. Тады яна наіўна меркавала, што можа зрабіць гэта ў нейкай сакрэтнай папцы ў куце кампʼютара. Адначасова сурʼёзна захварэла яе блізкая сяброўка і перад смерцю папрасіла знішчыць сакрэтныя папкі з яе аголеным целам з лічбавага архіва. Аднак Вольга Кірылава паўтарыла ўсе гэтыя кадры з сабой у галоўнай ролі. І цяпер гісторыя таго кахання існуе толькі ў яе праекце. Зрабіўшы гэтыя кадры публічнымі, аўтарка пазбавілася ад навязаных забабонаў і беспадстаўнага сораму і перастала хаваць важную частку свайго жыцця.

Саша Кулак. «Я не будую планаў». Аўдыявізуальная інсталяцыя, друкаванае выданне. 2024-2026. Фота: reform.news

Дакументалістка Саша Кулак звяртаецца да беларускага міфа пра папараць-кветку і падымае тэмы мовы, страты і жыцця ў эміграцыі. Праца стала рэфлексіяй на забарону працягваць дзеянне беларускага пашпарта па-за межамі краіны. Улічваючы, што на кожнай старонцы пашпарта ёсць выява папараці, аўтарка згадвае легенду пра няўлоўную кветку папараці.

Саша Смаль. Od/cięcie (справа). Інсталяцыя, выцінанка. 2026. Фота: reform.news

Саша Смаль разглядае прастору памежжа як месца, дзе ідэнтычнасць фармуецца паміж рознымі мовамі і культурамі. Плот, пабудаваны паміж Польшчай і Беларуссю, падзяліў людзей злучаных сямейнымі сувязямі. У сваім праекце аўтарка спалучае традыцыйную выцінанку з інсталяцыяй. Яе папяровая выцінанка з бусламі – сімвал лёсаў людзей, якія не могуць вярнуцца і хацелі б быць як птушкі – незалежнымі ад мяжы.

Юлія Цвяткова. У шкуры жывёлы. Відэа. 2025. Фота: reform.news

Відэаінстыляцыя Юліі Цвятковай даследуе адносіны паміж людзьмі і іншымі формамі жыцця, яна даследуе ландшафт як прастору для рэфлексіі над памяццю пра палітычную траўму.

У аснове відэапрацы ляжыць сон: аўтарка ўяўляе, што ператвараецца ў жывёлу. Гэта дазваляе ёй незаўважанай перайсці польска-беларускую мяжу наўпрост праз лес і ў сваім лясным абліччы сустрэць сваю бабулю, якую не бачыла шмат гадоў. Бабуля не пазнае яе, і яны стаяць вельмі блізка адна да адной у абсалютнай цішыні. Праца дэманструе, як метафарычная трансфармацыя здольная адначасова выказаць тугу, страх і нябачны пратэст.

Выстава будзе працаваць у Варшаве па 7 лістапада.