«Кубатуры культуры» – праграму тэатральных і літаратурна-мастацкіх падзей падрыхтавала на сакавік і красавік прадзюсарская ініцыятыва INEXKULT. Большасць івэнтаў адбудуцца ў Варшаве, але пачнецца тэатральны сакавік у Любліне з харэаграфічнай пастаноўкі «Замова сонца».
«Калі свет развальваецца на нашых вачах, а зямля, здаецца, па-вар’яцку імправізуе пад нашымі нагамі, мы аднаўляем каштоўную тканіну міжасобасных адносін і пераходзім да дзеяння. Мы сплятаем традыцыйныя песні і жэсты з элементамі сучасных медыя, і мы маем на ўвазе трансфармацыйнае вымярэнне танцавальнага мастацтва», – спектакль вядомага беларускага харэографа Іны Асламавай у суправаджэнні музыкі Ірэны Катвіцкай, які адбудзецца ў Цэнтры культуры ў Любліне 2 і 3 сакавіка, літаральна пачне вясновы тэатральны сезон.
Працягне тэатральную праграму ўжо ў Варшаве лялечны спектакль для дзяцей і дарослых ад праекта «Казачкі бай!» «Дарожныя прыгоды Віты» — па матывах кнігі Сары Лундберг «Віта Белая Крэска».
«Гэта спектакль — падарожжа, якое пачынаецца з бясконцага космасу з мільярдамі зорак і планет, праходзіць праз усе неверагодныя месцы нашай планеты — горы, палі, пусткі, моры, джунглі і заканчваецца ва ўтульным акенцы вашай хаткі…», — адзначаецца ў анатацыі да пастаноўкі, якая пройдзе ў Інстытуце тэатральным 16 сакавіка.
24 сакавіка, і на той жа пляцоўцы — час для Galera ад BY Teatr — спектакля ў рэжысуры Андрэя Новіка — акцёра, сёння добра вядомага па серыялу «Працэсы».
«Спектакль пра тое, як усе мы, незалежна ад нацыянальнасці і краіны пражывання, змагаемся за галоўныя каштоўнасці жыцця: час і свабоду. Часам гэта барацьба з кімсьці (калегамі, начальнікам, краінай), а часам з самім сабой», — анансуецца пастаноўка, у якой задзейнічаны Аляксей Сапрыкін, Максім Шышко, Дар’я Новік.
Амаль праз месяц — 19 красавіка — у Інстытуце тэатральным будзе прэзентаваны спектакль Coma — шматдысцыплінарны праект беларускай музыкі, актрысы і рэжысёркі Паліны Дабравольскай.
«Кома» — гэта штучны інтэлект, які адпраўляецца ў экзістэнцыяльнае падарожжа, расшыфроўваючы лёсы сваіх стваральнікаў праз узаемадзеянне з даступнымі данымі і адкрываючы сваю ўласную мэту. У «Коме» губляюцца межы паміж арганічным і штучным. Гэта зліццё ажывае на музычным узроўні дзякуючы тэхніцы сэмпліравання, дзе чалавечая гаворка, спевы і прыродныя гукі алічбоўваюцца, пераўтвараючыся ў віртуальную сімфонію», — праект выглядае як сапраўдны эксперымент і даследаванне.
«Мастакі запрашаюць гледача паглыбіцца ў лічбавую сферу і не толькі, адкрываючы, што значыць быць чалавекам у свеце, дзе значэнне слова «чалавек» пастаянна змяняецца», — падсумоўваецца ў анатацыі.
Спектакль створаны Палінай Дабравольскай ў супрацы з кампазітаркай Каспер Салавей-Дабравольскай.
І 23 красавіка ў культурным тэрмінале Гоцлаў гледача чакае сустрэча з адной з найвядомейшых пастановак Вольных Купалаўцаў — «Радзіва «Прудок».
Нагадаем, што спектакль у рэжысуры Рамана Падаляка і Міхаіла Зуя распавядае пра жыццё мінскага журналіста Адруся Горвата, які працаваў дворнікам у тэатры імя Янкі Купалы.
«У нейкі момант Андрусь вырашыў пераехаць у палескую вёску Прудок, каб адбудаваць дзедаву хату і адкрыць для сябе яе палескую сутнасць. Гэтая гісторыя стала дзённікам, дзённік стаў кнігай, а кніга стала тэатральнай п’есай. Здаецца, то было даўным-даўно, але муха Наташа, кот Рамэк і палескі павук — гэта звязак кахання, які мы заўсёды носім з сабой».
На сцэне ў пастаноўцы «ззяюць» Міхаіл Зуй, Святлана Анікей, Зміцер Есяневіч.
Набыць квіткі на спектаклі праграмы «Кубатуры культуры» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram