Гала-канцэртам беларускіх эстрадных выканаўцаў у горадзе Барыя на пляцоўцы Культурнага цэнтра правінцыі Барыа-Вунгтау сёння працягнуліся Дні культуры Беларусі ў В’етнаме.
«У выкананні беларускіх артыстаў прагучалі як народныя, так і сучасныя творы, якія дазволілі гледачам дакрануцца да беларускай культуры і адчуць усю яе прыгажосць», — паведамляецца пра падзею ў тэлеграм-канале Міністэрства культуры.
Як Reform.by пісаў раней, у гала-канцэрце, падрыхтаваным для в’етнамскай публікі, выступілі: гурт «Аўра», дзяржаўны ансамбль «Песняры», Вікторыя Алешка, Алена Ланская, Жанет, ансамбль песні і танца «Медуніца» з Магілёўскай вобласці. Шоу з удзелам гэтых жа выканаўцаў адкрывала Дні беларускай культуры ў оперным тэатры Хашыміна.
Дні культуры Беларусі ў В’етнаме распачаліся ўчора афіцыйнай сустрэчай беларускай дэлегацыі на чале з намеснікам міністра культуры Уладзімірам Грамадой з намеснікам Старшыні Народнага камітэта горада Хашыміна Зыонгам Аня Дыкам.
Гэтаксама адбыліся перамовы Уладзіміра Грамады з намеснікам міністра культуры, спорта і турызму В’етнама Та Куангам Донгам, у выніку якіх была падпісана Праграма супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж краінамі на 2023-2025 гады. Бакі дамовіліся садзейнічаць усталяванню супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі, музеямі, тэатрамі, а гэтаксама арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі рэстаўрацыі і захавання культурнай спадчыны краін.
Сярод асноўных кірункаў супрацы — абмен адмыслоўцамі і экспертамі сферы для ўдзелу ў сустрэчах, запланаваных у межах культурнага партнёрства.
«Бакі гэтаксама дамовіліся садзейнічаць і ўсталяванню сувязей паміж арганізацыямі кінематаграфіі краін, а таксама заахвочваць правядзенне паказаў фільмаў другога боку на сваёй тэрыторыі і ўдзел у міжнародных кінафестывалях, што ладзяцца на тэрыторыі краін», — удакладняе Міністэрства культуры.
У Музеі горада Хашыміна адбылося адкрыццё выставы «Беларусь вачамі мастака», на якой былі прадстаўлены творы больш за трыццаці беларускіх аўтараў.
Гэтаксама ў межах Дзён культуры Беларусі ва В’етнаме беларуская дэлегацыя наведала харэаграфічную школу і філармонію горада Хашыміна. З апошняй Беларуская дзяржаўная філармонія падпісала дамову аб супрацоўніцтве.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram