Фонд Kamunikat.org перавыдае кнігу Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду»

Сорак пяць гадоў таму ў Мінску з’явілася нефармальнае публічнае аб’яднанне моладзі «Беларуская майстроўня». Фонд Kamunikat.org прымеркаваў да гэтай даты перавыданне кнігі Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду».

Упершыню кніга выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2012 годзе. Яна складаецца з 50 аповедаў людзей, якія былі ўдзельнікамі суполкі.

«Кніга Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» — гэта расповед пра тое, як у сумнай шэрай паўсядзённасьці савецкага існаваньня зьявілася бліскучая ўнікальная беларуская ідэнтычнасць.

На Каляды 1980 году група менскіх студэнтаў, якія назвалі сябе «Майстроўняй», вырашае адрадзіць старую народную абрадава-песенную традыцыю калядаваньня ў цэнтры гораду. Як аказалася, гэта быў толькі першы крок. Неўзабаве група становіцца ядром нацыянальнага руху, які пачынае расьці і пашырацца па ўсёй Беларусі і ўрэшце прыводзіць да стварэньня незалежнай беларускай нацыі», — паведамляе анатацыя да выдання.

Дзейнасьць суполкі была разнастайнай — культура, рэстаўрацыя, археалогія. Удзельнікі «Майстроўні» вывучалі народныя песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі. Адраджэнне беларускай народнай культуры яны разглядалі як аптымальную форму выхавання нацыянальнай свядомасці.

З «Майстроўні» бярэ пачатак мноства маладзёвых суполак па ўсёй Беларусі.

Кнігу ўжо можна замовіць на сайце.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!