Ларыса Геніюш у маладосці. Фота: Wikipedia
На 115-годдзе Ларысы Геніюш Фонд «Камунікат» і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку перавыдалі ўспаміны паэткі Ларысы Геніюш, якія раней выходзілі пад назвай «Споведзь». Новае выданне будзе называцца «Птушкі бяз гнёздаў».
Кнігу ўжо можна заказаць на сайце Kamunikat.shop.
Кніга раней выходзіла на некалькіх мовах і пад рознымі загалоўкамі — у арыгінале «Споведзь», па-польску «Ptaki bez gniazd», а па-чэшску — «Pani Doktorowa». Сама аўтарка абрала форму ўспамінаў, і такі меў быць загаловак першага выдання: «Успаміны».
Прадмову да ўспамінаў Ларысы Геніюш «Птушкі бяз гнёздаў» напісаў пісьменнік Уладзімер Арлоў, які часта наведваў паэтку ў Зэльве.
У 2025 годзе споўніцца 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Напярэдадні гэтага юбілейнага года, 19 снежня 2024 года, чэшскія ўлады прынялі рашэнне пра аднаўленне чэшскага грамадзянства Ларысе і Янку Геніюшам. У дакуменце гаворыцца, што яны ніколі не страчвалі гэтага грамадзянства, і што іх выдача савецкім уладам была незаконнай.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram