Фота: сацсеткі гурта.
Спявачкі і музыкі Дар’я Зуева і Алена Кандыба выконваюць беларускія народныя песні пад скрыпку і басэтлю (народны смычковы інструмент, які нагадвае па выглядзе і рэгістры віяланчэль), даючы ім сваё прачытанне.
Праз сем месяцаў гурт вярнуўся на YouTube з новым сінглам «Сухі дуб».
Новы трэк — гэта інтэрпрэтацыя на тэму традыцыйнай лірычнай песні з Жыткавіцкага раёна.
Нагадаем, што RALLA folk duo пачаў выступаць у 2023 годзе. Прарывам дуэта можна назваць «Хадзіў-пахадзіў» — песню, запісаную беларускім кампазітарам і музычным этнографам Рыгорам Шырмай у вядомага мастака і фалькларыста Язэпа Драздовіча. Дар’я і Алена ў сваёй аранжароўцы і кампазіцыі надалі ёй амаль рокавы грув — і сталі адкрыццём 2024-га года. Наступным паспяховым сінглам стаў «Да не бойся, конічку» — традыцыйная вясельная песня з вёскі Малькавічы Ганцавіцкага раёна, інтэпрэтаваная музыкамі ў новым ключы. А потым з’явіліся «Зрушце» і «Галочкі».
Вялікая частка працы гурта, акрамя стварэння інтэрпрэтацый традыцыйных спеваў — уважлівы разбор і гранне традыцыйнай беларускай інструментальнай музыкі, музыкі для танцаў. Дзявочы гурт абыходзіцца з фальклорам уважліва, але задае аўтарскае вымярэнне матэрыялу, эксперыментуючы з рытмам і гучаннем.
Прыхільнікі даўно чакаюць паўнавартаснага альбому ад музыкаў.
«Сухі дуб» — першы сінгл фолк-гурта ў гэтым годзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram