17 траўня а 20:00, напярэдадні Ночы Музеяў, у Варшаве адбудзецца паказ фільмаў праекта «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі». У праграме падзеі — прэм’ера новай навелы, сустрэча з камандай серыі фільмаў і сэт ад самага стылёвага беларускага дыджэя. Месца правядзення — вядома, Музей Вольнай Беларусі (Foksal, 11).
«Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» — серыя кароткаметражных дакументальных фільмаў пра легендарных беларусаў і іх рэчы, якія сталі экспанатамі беларускага музея ў Варшаве. Ідэі і канцэпцыя цыкла належаць вядомаму беларускаму рэжысёру-дакументалісту Максіму Шведу.
Зараз на канале «Саша, что ты несешь?!» можна паглядзець тры серыі з праекта — «Кніга «Мова 404», «Кубак Івуліна» і «Кантролер Папы Бо». Але на івэнце гледачоў чакае эксклюзіўная прэм’ера стужкі, якую яшчэ нельга ўбачыць анлайн. Гэтаксама публіка атрымае магчымасць пагутарыць з камандай дакументалістаў, якія стваралі фільмы.
Завершыць вечар сэт ад Papa Bo Selektah (Аляксандра Багданава) — дыджэя, культурнага менеджара, прадусара, кантэнт-мейкера, арт-актывіста і аднаго з герояў праекта «Артэфакты».
Пачатак — 20.00. Уваход на мерапрыемства — бясплатны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram