Фільм «У жывым эфіры» («Na žywo / Live”), натхнёны ўчынкам беларускіх журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, прызнаны найлепшай ігравой стужкай у конкурсе польска-чэшскага кіно на 26-м Міжнародным кінафестывалі ZOOM-ZBLIŻENIA у Зялёнай Гуры. Нагадаем, што рэжысёрка стужкі — беларуска Мара Тамковіч.
Кароткаметражная карціна распавядае гісторыю затрымання журналістак «Белсату» падчас іх стрыму з Плошчы Пераменаў у 2020 годзе. «У жывым эфіры», які ўтрымлівае элементы трылеру і экшэна, паказвае ўсю мужнасць беларускіх аўтарак, якія ў момант небяспекі былі вымушаныя прыняць вельмі складаныя рашэнні.
У стужцы выкарыстоўваюцца кадры з сапраўднага рэпартажу Кацярыны і Дар’і, які яны вялі ў той час. Але Мара Тамковіч падкрэслівае, што яе праца — усё ж такі мастацкі фільм.
«Вялікі дзякуй фестывалю, журы, акцёрам, здымачнай групе і прадзюсарам фільма Wajda School & Studio!, — зрэагавала на перамогу ў конкурсе беларуска-польская кінематаграфістка. — Асаблівай згадкі тут вартыя Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, журналісткі, чыя гісторыя паслужыла натхненнем для стварэння фільма. Я спадзяюся, што кожная падобная ўзнагарода дадае хаця б трохі суцяшэння, асабліва Каці, якая адбывае яшчэ адзін шматгадовы тэрмін», — напісала Мара Тамковіч у сваіх сацсетках.
Вядома, што рэжысёрка збіраецца здымаць поўнаметражную карціну пра Кацярыну Андрэеву. Акурат зараз адбываецца праца над запускам стужкі, якая будзе мець назву «8 гадоў і 3 месяцы». Фільм пагадзіўся падтрымаць Польскі Інстытут кінамастацтва.
Міжнародны кінафестываль ZOOM – ZBLIZENIA – адзін з найбуйнейшых і найважнейшых фестываляў незалежнага кіно ў Польшчы. Яго мэта — прэзентацыя аўтарскага кіно, амбіцыйнага, высокамастацкага, незалежнага і арыгінальнага сюжэту, а таксама прасоўванне незалежнага кінамастацтва.
Афіцыйным арганізатарам падзеі з’яўляецца Мясцовы цэнтр культуры (Osiedlowy Dom Kultury) у Зялёнай Гуры. 26-ты фестываль ZOOM – ZBLIZENIA ладзіўся з 6 па 12 сакавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram