Фестываль ва ўмовах вайны: ва Украіне ўзнаўляюць знакаміты Gogolfest, частка імпрэз пройдзе ў сховішчах

Вядомы міжнародны фестываль Gogolfest правядуць у Запарожжы з 18 па 20 кастрычніка.

Большасць падзей адбудуцца непасрэдна ў сховішчах, іншыя — у будынках, абсталяваных бамбасховішчамі.

Сёлета фестываль атрымаў назву Gogolfest. Pokróva. Ва ўмовах вайны міжнародная падзея набыла новую місію і прысвечана Пакрову — дню абароны вышэйшымі сіламі воінаў, якія абараняюць сваю краіну. У гэты дзень таксама ўшаноўваюць дзень украінскага казацтва.

Адной з галоўных мэтаў фестывалю Gogolfest. Pokróva з’яўляецца ўлучэнне вайскоўцаў і іх блізкіх у абмен досведам. Некаторыя з іх уваходзяць у каманду фестывалю.

Арганізатары імкнуцца ператварыць фэст у зону ментальнай, унутранай бяспекі і  прапануюць ствараць прасторы, у якіх чалавек можа адчуваць сябе пад покрывам абароны, аднавіць унутраны спакой і адчуць побач падтрымку роду.

Міжнародны фестываль звычайна складаецца са спалучэння тэатральнай і перфарматыўнай, візуальнай і музычнай праграм. Яго адметнасць у тым, што ён стварае і рэалізуе маштабныя праекты на ўнікальных лакацыях. Сёлета падчас адкрыцця прэзентуюць 9-метровую інсталяцыю «Дрэва памяці», аўтарам якой з’яўляецца рэжысёр, а цяпер і ваеннаслужачы Дмытро Касцюмінскі.

Інсталяцыя стане цэнтральнай часткай будучага мемарыяльнага комплексу. Яна мае форму вялізнага металічнага дрэва, на кожнай галінцы якога будзе ўвасоблена памяць пра воінаў, якія загінулі за перамогу ўкраінскага народа.

Таксама ў рамках фестывалю прадставяць мультымедыйную інсталяцыю ў сховішчы: можна будзе паслухаць творы ўкраінскіх аўтараў і ўбачыць працы ўкраінскіх мастакоў. Тут таксама будзе інтэрактыўная канструкцыя са старых валізак, куды кожны зможа пакласці нешта асаблівае для сябе, дапоўніўшы інсталяцыю.

Gogolfest — фестываль сучаснага мастацтва, які аб’ядноўвае сучасныя тэатр, музыку, кіно, перформанс, адукацыйную, візуальную і дзіцячую праграмы. Фестываль заснаваны ў 2007 годзе і першыя 10 гадоў праходзіў у Кіеве, з 2017-га пачаў падарожнічаць па Украіне.

У 2019 годзе Gogolfest увайшоў у пяцёрку найлепшых фестываляў Еўропы.

У апошні раз ва Украіне Gogolfest праводзіўся ў кастрычніку 2021 года ў Дняпры.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!