Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» адбудзецца сёлета з 4 па 21 лістапада — гэта будзе ўжо 10-я, юбілейная эдыцыя вядомага кінафоруму. Слоганам і асноўным лейтматывам бягучай кінападзеі, заснавальніцай і кіраўніцай якой увесь гэты час з’яўляецца прадзюсарка, кінематаграфістка Воля Чайкоўская, стала тэза «Вярнуцца да каранёў». Афлайн фэст пройдзе ў Таліне, Вільні і Варшаве, анлайн — па ўсім свеце.
Новая канцэпцыя, якая прысвечана тэме пошуку сваёй ідэнтычнасці праз пераасэнсаванне мінулага, пераклікаецца з папярэднімі: лозунгам «Як дома» з 2022 года і «Увага адлегласць» з 2023-га, — лейтматывы папярэдніх фэстаў працягваюць адлюстроўваць пэўную гісторыю перажыванняў апошніх гадоў.
«Рух наперад магчымы толькі тады, калі ты вернешся да сваіх каранёў, пераасэнсуеш мінулае, прымеш яго, і ўжо з пэўнай лёгкасцю рушыш далей, — упэўнена Воля Чайкоўская. — «Вярнуцца да каранёў» — гэта і пра тое, што ў эміграцыі зусім няпроста захаваць ідэнтычнасць, але можна паглядзець углыб сябе і знайсці там апірышча».
Стан пераасэнсавання, «перазбору» сваёй ідэнтычнасці каманда фэсту пастаралася схапіць у трэйлеры «Ззяння-2024». У якасці матэрыялаў для роліка выкарыстоўваліся відэа з асабістых архіваў каманды кінафэсту, іх сяброў, а таксама відэазапісы з вольнага доступу.
«Гэта як паглядзець старыя фотаздымкі і ўспомніць сваё мінулае праз новы погляд», — апісвае трэйлер Воля Чайкоўская.
Варта адзначыць, што юбілейны кінафорум «Паўночнае ззянне» сёлета пройдзе як у апошнія два гады — у гібрыдным фармаце. Offline — у Таліне, Вільні і Варшаве, а таксама бясплатна ў online па ўсім свеце.
«Наперадзе шмат поўнаметражнага і кароткаметражнага, ігравога і дакументальнага кіно розных жанраў з Паўночных і Балтыйскіх краін, Беларусі і Украіны», — анансуюць праграму арганізатары.
Таксама каманда фэсту будзе ўдзячная за падтрымку сваёй працы.
«Кінафэст «Паўночнае ззянне» застаўся адным з нешматлікіх кінафестываляў, які, нягледзячы на пандэмію і рэпрэсіі, не прапусціў аніводнага года і працягвае дзейнічаць у фармаце міжнароднага агляду: з куратарскай праграмай, рэтраспектывамі, уласным маніфестам, дыскусіямі і guest stars, — нагадваюць рупліўцы. — Кожны дзень, кожны год — вось ужо 10 гадоў — мы не спыняемся. Таму што калі мы спынімся, вярнуцца ў звыклы рытм будзе складана, а пачынаць з нуля — немагчыма».
Дапамагчы фестывалю можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram