Фестываль нямога кіно пад жывую музыку «Нямая ліхаманка» перасягнуў «экватар»: сёння паказваюць «Фаўста» Фрыдрыха Мурнау

Класіка сусветнага кінематографа — «Фаўст» Фрыдрыха Вільгельма Мурнау — пад музыку беларускай кампазітаркі Вольгі Падгайскай. Сёння, 28 жніўня, у дворыку Музея Вольнай Беларусі адбудзецца трэці паказ у межах фестывалю «Нямая ліхаманка».

Не хацелася б перабольшваць, але менавіта музычны твор, напісаны для «Фаўста» Мурнау, прынёс прызнанне Вольгі Падгайскай як кампазітаркі ў беларускай публікі. Аўтарка не аднойчы выконвала сваю п’есу ў Мінску да 2020 года. Цяпер жа, дзякуючы «Нямой ліхаманцы», ашаламляльны досвед можна зазнаць у Варшаве: Вольга сыграе свой знакавы твор з Five-Storеy Ensemble.

Фота: сацсеткі Вольгі Падгайскай.

Колькі слоў і пра выбітную карціну Мурнау.

Фільм лічыцца асноватворнай працай, без якой было б складана ўявіць развіццё жанру містыкі і кінематографа ў цэлым. Мурнау перанёс легенду пра Фаўста на экран па сваім меркаванні, што выклікала некаторыя разыходжанні з арыгіналам, але ў выніку паўстаў твор неверагоднай прыгажосці. Кіно вылучаецца не толькі выключным візуальным складнікам, але і глыбокай прапрацоўкай вобразаў, уключаючы выбітнае выкананне ролі Мефістофеля Эмілем Янінгсам. Стужка стала значным дасягненнем і дзякуючы выкарыстанню наватарскіх тэхналогій, якія на той час былі прарывам у кіно.

Нагадаем сюжэт карціны, у паўставанні якой Мурнау найперш натхняўся не драмай, а нямецкай народнай казкай.

Дэман Мефістофель (Emil Jannings) спрачаецца з арханёлам, сцвярджаючы, што здольны знявечыць душу добрага чалавека. У якасці ахвяры ён выбірае мудрага алхіміка Фаўста (Gösta Ekman), які адчайна шукае спосаб выратаваць сваю вёску ад халеры. З дапамогай Мефістофеля Фаўст можа дапамагчы людзям, але на другім баку шаляў — спакуса маладосці і зачараванне прыгожай Грэтхен. Усе наступныя дамовы з д’яблам вядуць Фаўста ў бездань роспачы і амаральнасці. Ці зможа ён выратаваць сваю душу, пакуль не стала занадта позна?

Фестываль нямога кіно пад жывую музыку «Нямая ліхаманка»  — праект беларускіх музыкантаў Вольгі Падгайскай і Віталя Эпава і кінакрытыка Ірэны Кацяловіч. Імпрэза, якая праходзіць з 14 жніўня па 4 верасня, ажыццяўляецца праз падтрымку Мацея Радзівіла.

Час і месца падзей: 28 жніўня, 20.00. Дворык Музея Вольнай Беларусі, Фоксал, 11, Варшава. Квіткі тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!