Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA працягне працу ў Вільнюсе

14-15 кастрычніка фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA будзе праходзіць у Вільнюсе.

У праграме фестывалю прэзентацыі выдавецтваў: “Вільма” прадставіць “Шэпт” Сяргея Лескеця і “Цела мігдалу” Ганны Шакель, пражскае выдавецтва “Вясна” – пераклад кнігі Антанаса Шкемы “Белы саван” і пераклад эсэ Генрыха Кіршбаўма “Беларускі брыкалаж” пры ўдзеле аўтара, Яраславы Ананкі і Сяргея Шупы.

Адбудуцца сустрэчы з пісьменніцай і перакладчыцай Вольгай Гапеевай, пісьменнікам Сяргеем Календам, з паэтам і празаікам Алегам Мінкіным, размова з гісторыкам Дзянісам Марціновічам, аўтарам біяграфіі кіраўніка БССР Мікалая Слюнькова, прэзентацыя кнігі пра гісторыю беларускага савецкага кіно, прэзентацыя новага нумара часопіса “Топас” да 100-годдзя Карнэліюса Кастарыядыса, сустрэча са стваральнікамі кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” – праекта пра жыццё і дзейнасць беларускай эміграцыі.

Рыхтуюцца дыскусія пра аўдыякнігі з удзелам выдаўца Яраслава Іванюка і пісьменніка, майстара агучкі Змітра Бартосіка, прэзентацыя першай анталогіі беларускага гей-пісьменства “Мальцы выходзяць з-пад кантролю”, пра яе раскажа пісьменнік і перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі.

Таксама пройдзе лекцыя Івана Новіка пра этнафіласофію і дыскурсіўны аналіз Фуко, падчас якіх ён прадставіць свае кнігі.

Арганізатары PRADMOVA імкнуцца ўлучаць у мерапрыемства прадстаўнікоў краін, якія прымаюць фестваль. У Вільнюсе беларуска-літоўскі дыялог адбудзецца ў выглядзе дыскусіі пра спрэчныя пытанні беларуска-літоўскіх адносін, прэзентацыі двухмоўнай паэтычнай анталогіі з удзелам Маруса Бурокаса і Марыі Мартысевіч і прэзентацыі двухмоўнага зборніка паэзіі Андрэя Хадановіча з удзелам перакладчыкаў Альвідаса Шляпікаса, Уладаса Бразюнаса, Вітаса Дзякшніса, Маруса Бурокаса.

Уся праграма тут.

Адрас правядзення фестывалю: “Павільёнас”, Pylimo g., 21

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.