З 2 па 4 кастрычніка ў Вроцлаве пройдзе PRADMOVA – фестываль інтэлектуальнай кнігі, які збярэ беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц, перакладчыц і перакладчыкаў, выдаўцоў і выдаўчынь, даследчыкаў, мастакоў і музыкаў. На працягу трох дзён адбудуцца больш за тры дзясяткі сустрэч, дыскусій, кніжных прэзентацый, паэтычных і музычных падзей.
Тэма сёлетняй «Прадмовы» – «Чужая Бацькаўшчына».
Першы дзень будзе прысвечаны беларуска-польскім літаратурным стасункам і перакладной літаратуры. Паразважаюць на тэму «Ці магчымы раман з Польшай», прэзентуюць кнігі ў перакладах на польскую мову – «Гэй Бэн Гіном» і «Сабакі Еўропы». Напрыканцы пройдзе беларуска-польскі вечар іранічнай паэзіі і прэзентацыя кніг «#Каб не ср@лі галубы» Змітра Дзядзенкі і «Вуліца шарлатанаў» Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага.
На наступны дзень паразважаюць пра эміграцыю і свабоду. У дыскусіі пра Яна Новака-Езяраньскага, Ежы Гедройця і сучасныя выклікі «Роднай Еўропы» удзельнікі будуць гаварыць пра культуру, інтэлектуальнае жыццё па-за межамі краіны і досвед польскай эміграцыі.
У наступнай дыскусіі «Зноў пра турму? Галасы з-за кратаў…» Максім Знак, Віктар Бабарыка і Зміцер Колас разгледзяць новы феномен беларускай літаратуры – кнігі, народжаныя ў турмах. Што даюць гэтыя тэксты аўтарам, чытачам і грамадству? Ці ўсе турэмныя кнігі падобныя паміж сабой, ці кожная адкрывае ўласны погляд на досвед зняволення? Чым адрозніваюцца тэксты, напісаныя ў СІЗА і ў калоніях?
Пра тое, ці можа кніга можа выклікаць скандал, паразважаюць Павел Анціпаў і Тамаш Мінчонак з нагоды юбілейнага перавыдання кнігі «Краткая история премии Г.». За гэтую кнігу ў 2019-м Паўла Анціпава выключылі з Беларускага ПЭН-цэнтра. Пісьменніцкая арганізацыя, якая адстойвае свабоду творчасці, выключыла пісьменніка за тэкст. Аўтар кнігі Павел Анціпаў і эсэіст ды аўтар прадмовы да перавыдання Тамаш Мінчонак паразважаюць пра тое, як успрымаць тэкст, калі замінае кантэкст.
Завершыць суботнія сустрэчы «Ноч паэзіі і музыкі».
У нядзелю пагавораць пра пераклады падлеткавай літаратуры, а літаратурная асістэнтка польскай набелісткі Вольгі Такарчук Яны Карпенка паўдзельнічае ў размове пра пераклады раманаў Такарчук «Правек і іншыя часы», «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых» і «Кнігі Якуба». Што адбываецца з мовай і рытмам тэкстаў, са шматгалоссем герояў, калі яны пераходзяць з польскай у беларускую? І чаму менавіта творы Такарчук могуць быць асабліва важнымі для беларускага чытача?
З нагоды перакладу «Адысеі» Андрэй Хадановіч паразважае пра багоў вайны, «бронзавых хлопчыкаў» і вечнае вяртанне дадому з перакладчыкам Лявонам Башчэўскім, пісьменнікам Уладзімерам Арловым і культуролагам Максімам Жбанковым.
На працягу фестывалю адбудуцца прэзентацыі нядаўна выдадзеных беларускіх кніг, а таксама будзе працаваць кніжны кірмаш, на якім будуць прадстаўлены будуць прадстаўленыя выдавецтвы Gutenberg, RozUm Media, Kamunikat, «Мяне Няма», «Полацкія лабірынты», «Логвінаў», Vesna, hochroth Minsk, «Янушкевіч», Margenta, «Этнатрадыцыя», Skaryna Press.
З навінак фэсту – адмысловая дзіцячая пляцоўка, на якой пройдзе прэзентацыя новай інтэрактыўнай платформы беларускіх казак і гульняў з удзелам Крысціны Дробыш і спектакль для дзяцей і дарослых ад тэатра «Казачкі бай!».
Поўная праграма на сайце фестывалю.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram