Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova пачаўся ў Празе з размовы пра Быкава

Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova пачаўся 30 кастрычніка ў Празе гутаркай пра нядаўна перавыдадзеную кнігу ўспамінаў Васіля Быкава.

Як пісалася і прэзентавалася «Доўгая дарога дадому» згадаў тагачасны дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук, да размовы далучаліся Сяргей Навумчык і Сяргей Абламейка. Мадэратар Павел Баркоўскі назваў гэты тэкст праграмным для Быкава: гэта твор-рэфлексія пра жыццёвы шлях і тое, што адбываецца з Беларуссю.

Аляксандр Лукашук і Павел Баркоўскі. Фота: facebook/jaroslaw.iwaniuk

Як стваралася кніга?

У жанры літаратурных мемуараў беларускія пісьменнікі ў ХХ стагоддзі амаль не працавалі. І калі Васіль Быкаў пачаў супрацоўнічаць з Радыё Свабода, Аляксандр Лукашук задаў пытанне пра яго мемуары.

«Размова пра мемуары з Быкавым вялася не раз, пачынаючы з 1990-х, – згадвае Аляксандр Лукашук. – І ў 2002 годзе я меў з ім асобную гутарку – ужо пад запіс. Я спецыяльна пытаўся пра ваенныя мемуары. Бо сюжэты бальшыні яго ваенных кніг развіваюцца ў Беларусі. Але ж ён не ваяваў у Беларусі, яго досвед – армейскі, але проза – партызанская. І я спытаў, ці карыстаўся ён мноствам кніг беларускіх партызанаў, якія ў 1970-80-я гады выходзілі па некалькі асобнікаў у год. Ён сказаў, што абсалютна не, бо там былі аператыўныя зводкі, пераважна гэта былі не асабістыя мемуары, а дзяржаўныя, тыя, якія патрабавала дзяржава, ён так і называў іх – фальсіфікаты. І так гаварыў не толькі пра партызанскія мемуары, але пра ўсе. Бо тады выйшлі мемуары Грамыкі, Жукава, ён ставіўся да іх вельмі скептычна. Але да самога жанру ставіўся з павагай. І калі мы гэта абмяркоўвалі, то я сказаў, што вы гаворыце, што там усё няпраўда, але крытэрый праўды і дакладнасці можна прыкласці да навуковага даследавання, а калі мы гаворым пра літаратурныя мемуары, верагодна, гэтага крытэра недастаткова.

І вось, што Быкаў адказаў: «Усё ж такі, каб напісаць добрыя мемуары, трэба мець аўтару нейкі літаратурны дар. Я не скажу, што талент. Таленту, можа, і не трэба вялікага». І ён расказаў прыклад, як у 1960-я гады пазнаёміўся з адным ветэранам, Іванам Ашчапоўскім, які напісаў каля тысячы старонак сваіх вайсковых мемуараў, вельмі дэталёвых, падрабязных, яны Быкава вельмі ўражвалі. Ён правёў усю зіму, перапісваючы іх. Не мяняючы фактаў, надаваў ім літаратурную форму. Дасылаў потым у Мінск, Маскву. Іх нідзе не надрукавалі, але яму хацелася, каб гэтыя ўспаміны засталіся. Я быў уражаны і сказаў, як вы патрацілі паўгода свайго літаратурнага часу на чужыя ўспаміны? Ён адказаў, што яму было вельмі шкада, што гэтая праўда знікне з ім. Ён сказаў, я ведаю, што калі я гэтага не зраблю, або іншы не зробіць, гэта ўсё і прападзе. Гэта важны напамінак».

Пасля гэтай гутаркі, Быкаў узяўся за успаміны Барыса Кіта. Запісаў іх на дыктафон, а пасля сам перавёў на паперу.

І тады Аляксандр Лукашук напрамкі спытаў, ці працуе Быкаў над уласнымі мемуарамі.

Ён адказаў, што хоча напісаць пра ўласны вопыт напрыканцы ХХ стагоддзя. Гэта было першае пацверджанне, што Быкаў робіць свае мемуары. На момант гэтай размовы яны былі амаль скончаныя.

Высветлілася, што у гэтых мемуараў была перадгісторыя. На самым пачатку 1980 гадоў Алесь Адамовіч прымуміў Быкава сесці перад мікрафонам і пачаў задаваць яму пытанні пра дзяцінства, школу, сяброў, адукацыю. І ў 2001 годзе яго дачка перадала гэты запіс, расшыфраваўшы яго, для публікацыі у часопіс «Полымя». І Быкаў убачыў, што тое, што ён тады расказаў, вельмі пункцірнае. Тая публікацыя так і называлася «Пункціры жыцця». І ён узяўся іх перапісваць, і напісаў новую кнігу даволі хутка.

Сяргей Навумчык. Фота: facebook/jaroslaw.iwaniuk

31 сакавіка 2003 года Быкаву прынеслі гэтую кнігу ў бальніцу. Такую своеасаблівую прэзентацыю зрабілі Сяргей Абламейка, Сяргей Навумчык і Вольга Абламейка.

Сяргей Абламейка расказаў, як прынеслі кніжку ў шпіталь і як было відаць, што Быкаў яе вельмі чакаў. Ляжаў на ложку і гартаў.

Аляксандр Лукашук распытаў пісьменніка, як пісалася кніга. На сайце Радыё Свабода захаваўся запіс, які ўключылі слухачам сустрэчы. Напачатку пісьменнік тлумачыць, што на кампутары «перажываеш нейкую дысгармонію», бо яго тэмп мыслення супадае з запісваннем тэксту ручкай. Таму для яго было найлепш пісаць на паперы, а пасля перадрукоўваць на кампутары. Быкаў любіў ручку з тонкай лініяй, няважна сінюю або чорную.

Быкаў пісаў сваю кнігу ў эміграцыі, а ўсе яго архівы засталіся ў Менску «Таму, калі я ўзяўся пісаць, у мяне нічога не было, апрача маёй галавы», – тлумачыў пісьменнік. Таму пісаў толькі тое, што памятаў. Не заўсёды дакладна памятаў лічбы ці храналогію падзей. На жаль, лісты, якія б дапамаглі ў напісанні гэтых успамінаў, яму давялося знішчыць яшчэ ў Беларусі.

«Лістоў у мяне было вельмі шмат, некалькі чамаданаў, але як гэта ўсё пачалося, я іх на дачы пачаў паліць. І я спаліў амаль усё, за выключэннем аднаго чамадана, таму што я заўважыў, што мая кватэра, а такама дача прыцягваюць да сябе ўвагу. Там прыходзяць людзі, нешта шукаюць, такія вобшукі былі. У маю адсутнасць, канечне».

Чарнавікі Быкаў таксама паліў, «каб іх не было і знаку, каб не было з чым разбірацца. Я памятаю, як Караткевіч, я быў у яго незадоўга да смерці, казаў, вось, узяўся разбіраць свой архіў, і не магу – баліць жывот. І злуюся на сябе, што трэба было зрабіць гэта раней. Такі быў клопат. І я падумаў, начорта мне гэты клопат!, – згадваў пісьменнік. – Пасля мяне мала, што застанецца, і гэта добра».

Ён расказваў, што ў кнізе «Мёртвым не баліць» было столькі рэдагаванняў, што ён заблытаўся ва ўсіх гэтых варыянтах: «Хоць апошні мяне не задавальняе, канешне, але я не маю магчымасць што-небудзь аднавіць у ім, настолькі ўсё там заблыталася.

Пасля, Божа мой, мы не разумеем адной рэчы: гэтая культура скончылася. Тое, што пачынаецца цяпер, гэта не працяг і не развіццё, гэта контркультура. Таму ўсе літаратуразнаўчыя падыходы засталіся ў мінулым, у гэтым стагоддзі ўсё будзе іншае.

І ў гэтым іншым для ранейшага няма месца. Пагэтаму і літаратуры ранейшай не будзе. Яна застанецца там і будзе цікавая хіба што навукоўцам, якія будуць пісаць дысертацыі. І то будуць пісаць пра бітнікаў і ўсё такое. Таму пра што клапаціцца?».

Аляксандр Лукашук падчас прэзентацыі. Фота: facebook/jaroslaw.iwaniuk

Прагаварыць жыццё

Калі ў рэдакцыю Радыё Свабода прыйшоў ліст з рукапісам «Доўгай дарогі дадому», Быкава пачалі ўгаворваць начытаць гэты тэкст. Ён з неахвотай пагадзіўся і кожны дзень прыходзіў на радыё. Запіс, даўжынёй 6 гадзінаў 22 хвіліны, пісаўся тыдзень. Ён гучаў у эфіры кожны дзень.

Аляксандр Лукашук звяртае ўвагу на быкаўскі ўступ да гэтага тэксту. Пісьменнік прабачаецца, што знарок нікога не хацеў пакрыўдзіць. «Калі можна нечаму вучыцца ў Быкава, то вось гэтаму, – упэўнены Лукашук. – Чаму гэта фраза з’явілася? Таму што Быкаў не нейтральны чалавек, яго цікавіць не нейтралітэт. Яго цікавіць праўда і ён ведае, што праўда заўсёды некага раніць. Так пабудаваны свет».

Успаміны Быкава шмат што тлумачыць у яго выхаванні, у тым, якія кнігі ён чытаў у дзяцінстве, найперш гэта была літаратура Срэбнага веку.

Напрыканцы гучыць запіс быкаўскіх разважанняў пра творчасць: «Нават калі ніхто не пачуе, наш абавязак, абавязак творцаў – гэта творыць. Памятаючы, што ісціна ўсё ж такі за намі. За тымі, хто выступае супроць, перамога, а за намі ісціна. У гэтым сэнсе я думаю, што вельмі важнае даўняе выслоўе расейца Талстога, каторы гаварыў «рабіцьме што трэба, хай будзе, што будзе. І ў гэтым і ёсць абавязак і можа апошняе спадзяванне мастака ў нас час»

Кніга «Доўгая дарога дадому» была перавыдадзеная ў выдавецтве Kamunikat. Набыць яе можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram