Фестываль беларускай культуры Minsk x Minga прайшоў у Мюнхене – фотафакт

Фестываль Minsk x Minga 2026 прайшоў у баварскім Мюнхене з 9 па 11 кастрычніка.

Minsk x Minga – гэта штогадовы культурны фестываль у Мюнхене, які аб’ядноўвае музыку, мастацтва, кіно, тэатр і сацыяльны дыялог.

Фестываль прысвечаны галасам прадэмакратычнага руху – як у Беларусі, так і ў выгнанні. Ён стварае прастору для пратэстнага мастацтва, культуры памяці і мастацкага супраціву, абʼядноўваючы мясцовыя і міжнародныя пункты гледжання.

За тры дні на трох пляцоўках прайшло шаснаццаць мерапрыемстваў: выставы, канцэрты, чытанні, майстар-класы і дыскусіі.

Фестываль беларускай культуры Minsk x Minga. Фота: сацсеткі

У першы дзень адбылася дыскусія «Доўгія рукі дыктатуры» на нямецкай і беларускай мовах з Алесем Бяляцкім і Кацярынай Андрэевай і электронны праект WTBSK Светы Бень і Сяргея Навіцкага.

Падчас фэсту прэзентавалі праект «33 кнігі для іншай Беларусі» разам з Ірынай Герасімовіч і Змітром Вішнёвым, які прадставіў праекты «Галіяфаў», што выйшлі ў межах акцыі, і сваю кнігу «Непадпарадкаванае», якая сёлета мусіць выйсці ў выдавецтве Elif.

Ірына Герасімовіч і Зміцер Вішнёў. Фота: сацсеткі

Адбылася і музычна-філасофская праграма аўтара «Велосипедной улицы, 51» Колі Сулімы пра беларускі стаіцызм.

Ірына Герасімовіч і Коля Суліма. Фота: сацсеткі

Падчас імпрэзы працавала выстава «Ружы і сонца» Кацярыны Сянкевіч і Аляксандра Данілкіна, кінапаказ «Бабулі Чарнобыля» майстар-класы па вакалу і жывой музыцы, а таксама канцэрты Анастасіі Рыдлеўскай, гурта «Касары» і іншыя музычныя выступы.

Выступ Анастасіі Рыдлеўскай. Фота: сацсеткі.
Выступ гурта «Касары». Фота: сацсеткі.

«На мой погляд, гэта адно з найлепшых мерапрыемстваў за апошнія некалькі гадоў, на якіх мне давялося пабываць. Тры дні праляцелі як адно імгненне. Уразіла цікавасць да літаратурных мерапрыемстваў: чытачы, апроч Мюнхена, прыехалі з Варшавы, Гданьска, Франкфурта, Берліна, Аўстрыі і г. д. На мерапрыемствах былі поўныя аншлагі», – падзяліўся ўражаннямі Зміцер Вішнёў.

Фэст у чацьвёрты раз зладзіла суполка беларусаў у Германіі Razam e.V. пры падтрымцы нямецкіх інстытуцый.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram