Фатограф Яўген Атцецкі нарэшце атрымаў ганарар за ўдзел у выставе, абяцаны паўтары гады таму

У сакавіку 2023 года ў Юрмале прайшла выстава «Крэатыўная рэвалюцыя. Мінск 2020», прысвечаная беларускаму пратэсту. Сярод удзельнікаў быў фатограф Яўген Атцецкі. Аўтараў на выставу запрашаў беларускі дызайнер Дзяніс Давыдаў. Застаўся скрыншот перапіскі, дзе ён абяцае Яўгену Атцецкаму ганарар за ўдзел у праекце ў памеры 180 еўра.

Аднак ганарар выплачаны не быў нібыта з прычыны перавышэння бюджэту. Яўген Атцецкі патлумачыў, што бескаштоўнае выкарыстанне яго аўтарскай працы ці ўдзелу ў праекце без ганарару магчымыя ў трох выпадках: калі ідэйна падабаецца праект ці людзі, якія яго ладзяць; калі ўсе астатнія ў праекце таксама працуюць без грошай; калі ўсе лічбы празрыстыя. Аднак у гэтым выпадку дзейнічала толькі першая ўмова.

На днях на старонцы фатографа з’явіўся допіс: «Праз такую колькасць дзён я нарэшце атрымаў свой ганарар за выставу ў Юрмале. Пра гэты выпадак і сваю барацьбу я пісаў пару месяцаў таму. Па словах арганізатара з беларускага боку, на правядзенне выставы спатрэбілася больш грошай, чым яны закладалі, таму вырашылі сэканоміць, як звычайна, на аўтарах (свой ганарар, вядома, атрымалі). Асабліва цікава ў гэтай гісторыі, што гаворка была пра вельмі невялікія грошы — 180 еўра. Таксама смешна, што напрыканцы мы яшчэ нават паспелі папрыпірацца: 180 еўра — гэта бруднымі ці чыстымі? Амаль паўтары гады чалавек не плоціць ганарар і намагаецца нават у такіх абставінах урваць капеечку.
Дзякуй усім, хто падтрымліваў мяне ў гэтай справе».

Якімі аргументамі фатограф прымусіў арганізатараў выставы разлічыцца, высвятляла БАЖ: «На самой справе, я дакладна не ведаю, чаму мне заплацілі ганарар, бо ў іх былі ўсе магчымасці, каб гэтага не рабіць. А ў мяне было вельмі мала рычагоў ціску, — патлумачыў БАЖ сітуацыю Яўген Атцецкі. — Магу толькі выказаць здагадку, што планамерны ціск плюс той факт, што гэтыя людзі працягваюць публічную дзейнасць, і што сума невялікая, прывялі да станоўчага выніку. Прасцей стала мне заплаціць, чым я зноўку буду раздзьмуваць скандал».

На пытанне «Што рабіць аўтарам, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі», Яўген паведаміў: «Я не ведаю дзейснага метаду. На жаль, мы слаба абароненыя ад такіх сітуацый. Усе кажуць пра суд, але гэта дорага, доўга і нязручна, асабліва калі ўдзельнікі канфлікту знаходзяцца ў розных краінах. Для эмігранта гэта цяжкі шлях (не кажу, што немажлівы). Пакуль адзінай зброяй я бачу апублічванне і прыцягненне ўвагі да сітуацыі. Напэўна, яшчэ можна прасіць частку ганарара загадзя — як сродак абараніцца».

Іншыя варыянты змагання за аўтарскі ганарар мы выклалі тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.