Фарміруецца новая ініцыятыва па падтрымцы беларускай незалежнай музычнай супольнасці

Ці можа за межамі Беларусі ўзнікнуць прафесійнае кам’юніці, інстытуцыя ці музычнае агенцтва, здольнае абараняць і прасоўваць інтарэсы беларускіх незалежных музыкантаў? Каб знайсці адказ на гэта пытанне, арт-менеджар і дыджэй Papa Bo (Аляксандр Багданаў) і новая ініцыятыва Future Sounds of Belarus запусціла апытанку для беларускай музычнай супольнасці.

«Мы захопленыя беларускай музыкай і маем імпэт спрыяць яе развіццю праз забеспячэнне інструментамі, ведамі і рэсурсамі на прасоўванне, наладжванне кантактаў і пошук магчымасцяў, якія дапамогуць незалежным беларускім музыкам манетызаваць свае таленты на міжнароднай сцэне, — патлумачыла свае мэты каманда. — Каб ісці да пастаўленых мэт больш упэўнена, мы лічым важным даведацца пра вашу сённяшнюю рэальнасць, поспехі і праблемы, патрэбы і спадзяванні», — звяртаюцца рупліўцы з просьбай запоўніць анкету, якая б дазволіла атрымаць фідбэк ад прадстаўнікоў беларускай музычнай сферы.

Апытанка разлічана:

  • на артыст_ак / музыкант_ак,
  • менеджар_ак артыстаў,
  • арганізатар_ак музычных падзей,
  • прадстаўні_ц музычнай інфраструктуры.

«Вашы час і шчырасць зробяць вялікі ўнёсак у развіццё незалежнай беларускай музыкі — абяцаем!» — піша Future Sounds of Belarus.

За апошні год у сітуацыі рэпрэсій і выжывання беларускай незалежнай культуры з’явілася чатыры прафесійныя аб’яднанні, якія ставяць сваёй мэтай абарону інтарэсаў беларускіх незалежных творцаў і магчымасці іх падтрымкі: Беларуская незалежная кінаакадэмія, Беларуская сетка кінематаграфістаў, Беларуская незалежная фатаграфічная асацыяцыя, Беларускі Інстытут тэатра. Усе тры зарэгістраваныя ў замежжы. Магчыма, прыйшоў час для стварэння адпаведнай інстытуцыі ў падтрымку беларускай незалежнай музыкі?

Запоўніць анкету можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.